Вясной 1984 года ў рэанімацыйнай палаце, калі я паіў з лыжачкі журавінавым морсам спакутаванага, знясіленага хваробаю Валодзю, ён прашаптаў: «Помніш, што напісаў табе на сваёй „Чазеніі“? Хай будзе так…». Як можна было забыцца! Яшчэ са студэнцтва гэты самы беларускі беларус стаў для мяне святым чалавекам.


Я помніў словы пра «далёкаўсходняе дрэва жыцця» і наказ. А яшчэ ў душы назаўсёды засталіся радкі з непаўторнай аповесці: «Укараніцца на камяністым, неўладкаваным беразе жыцця, мудра, уладна, пяшчотна свідраваць каранямі зямлю. Араць яе для будучыні… Як чазенія…». Так апантана, самаахвярна жыў і пісаў дзеля Беларусі свае неўміручыя кнігі Уладзімір Караткевіч.

Ён застаецца самым любімым і чытаемым пісьменнікам. У ягоных творах жывуць мудрасць і развага, якія падабаюцца людзям сталага веку, рамантыка і прыгодніцтва, якія імпануюць моладзі, дзецям, рыцарства і мілосць, ласка і пяшчота, якія зачароўваюць жанчын, дзяўчат.

Высокім інтэлектам, энцыклапедычнай дасведчанасцю, багатай фантазіяй, выключнай інтуіцыяй пазначана ўся творчасць Караткевіча, пачынаючы ад верша «Машэка», які быў надрукаваны ў 1955 годзе ў часопісе «Полымя», і да пасмяротнай кнігі з сімвалічнай назвай «Быў. Ёсць. Буду.». Уражвае ягоная працавітасць, шматграннасць таленту, які бліскуча змог увасобіцца ў паэзіі, гістарычных раманах і аповесцях, апавяданнях, эсэ, нарысах, публіцыстыцы, п’есах, кінасцэнарыях, крытыцы, малюнках. Такое бывае надзвычай рэдка і, як кажуць у народзе, ідзе ад Бога.

У майго пакалення, якое прыйшло ў свет адразу пасля самай крывавай вайны ХХ стагоддзя, імкненне да праўды і справядлівасці, нацыянальная свядомасць, чалавечая годнасць вырасталі пад крылом не толькі Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, але і П. Панчанкі, В. Быкава, У. Караткевіча. Якраз у час нашага студэнцтва адна за другой выходзілі іхнія адметныя, прыцягальныя кнігі. «Пры святле маланак» (Панчанка), «Мёртвым не баліць» (Быкаў, у часопісе «Маладосць»), «Каласы пад сярпом тваім» (Караткевіч) — адны толькі гэтыя творы абуджалі душу, беспаваротна рабілі нехлямяжых, наіўных вясковых хлопцаў і дзяўчат, гадаваных у нястачы, у пасляваенным холадзе і голадзе, выхаваных ужо зрусіфікаванай школаю, перакананымі беларусамі. За такое шчасце, як гаварыў яшчэ адзін любімы мною дарадца Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, «і за гарою пакланюся» самай светлай часіне ў жыцці — студэнцтву, сваім выдатным літаратурным настаўнікам.

Любоў да роднага слова, якую запалілі ў сэрцы слаўныя людзі і творцы, я стараўся перадаць сваім вучням, калі пачаў працаваць завучам-арганізатарам, выкладаць беларускую мову і літаратуру ў Клетнаўскай СШ Барысаўскага раёна. Мы выпускалі насценную літаратурную газету, рукапісны часопіс, дзе выяўлялі творчыя здольнасці і старшакласнікі, і малыя, двойчы іхнія вершы, замалёўкі друкавала раённая газета. Пра такі выхаваўчы вопыт расказала «Комсомольская правда». Першым, хто паведаміў і парадаваўся за мяне, быў Караткевіч.

Пасля катастрофы аўтобуса, у якім я ехаў у Барысаў атрымліваць бланкі атэстатаў для выпускнікоў школы, мне давялося спыніць настаўніцкую працу і перабірацца да бацькоў. Левае плячо і рука восем месяцаў былі ў гіпсе. Але доўга хварэць на радзіме не далі. Спачатку працаваў у раённай газеце «Патрыёт», а затым выбралі другім сакратаром Вушацкага райкама камсамола. Хацелася зрабіць нешта добрае для моладзі ў яе культурным развіцці. Пачаў прывучаць хлопцаў і дзяўчат да беларускага літаратурнага друку, наладжваў сустрэчы з артыстамі, журналістамі і, канешне ж, з пісьменнікамі-землякамі.

А сюрпрызам стаў прыезд Уладзіміра Караткевіча. Ліпеньскай суботняй раніцою я павінен быў ехаць з моладдзю райцэнтра на касьбу. Прачнуўся рана, па галіўся, паснедаў і пашыбаваў да плошчы. Ні народу, ні машын яшчэ не было, а на ганку райкама сядзеў і драмаў адзінокі чалавек. Падышоў бліжэй і вачам не магу паверыць — Караткевіч! Дакрануўся да пляча: «Уладзімір Сямёнавіч, гэта вы? А чаму тут мэнчыцеся? Чаму не зайшлі да мяне?». Ён заўсміхаўся: «Здароў! Ага, зараз я табе на пастой пры вяду цэлую банду. Бачыш, колькі вунь там вучоных у аўтобусе кімарыць? Гэта Акадэмія навук вывучае помнікі гісторыі. Дайшла чарга і да вашага Вушацкага раёна. Тут у групе Валя мая, ну дык і я рашыў паехаць з імі. А я, дарэчы, цябе чакаў, вартаўнік сказаў, што хутка будзеш. Чакаў, ды і задрамаў. Слухай, Сярожа, памажы з транспартам. Мы па дзелімся па маршрутах, хутчэй усё будзе зроблена».

Я радаваўся прыезду Караткевіча, а яшчэ таму, што якраз была магчымасць дапамагчы. «Не турбуйцеся, нешта прыдумаем. А пакуль што гарантую наш „газік“. Пайшлі да мяне, хоць крыху перакусіце», — запрасіў нечаканага, дарагога госця.

У кабінеце згатаваў кавы, знайшоў нейкае печыва, пасадзіў у крэсла: «Сілкуйцеся!». А сам прыхапіў даведнік «Пісьменнікі Савецкай Беларусі» і падняўся на чацвёрты паверх. Я ведаў, што першы сакратар райкама партыі ў летнія дні прыходзіць на службу рана. «Васіль Кірылавіч, добры дзень! У мяне добрая навіна. Караткевіч да нас прыехаў!» — выгукнуў з парога. Той падняў вочы ад папераў, зняў акуляры і разгублена перапытаў: «Караткевіч? Гэта які? Рэктар педінстытута?». Я зразумеў, што нездарма прыхапіў даведнік. «Ды не. Гэта выдатны наш пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Яму транспарт трэба, давайце дапаможам слаўнаму чалавеку. Можна, я зараз яго прывяду, пагаворыце?»

Караткевіч ісці да Пасаха не хацеў: «Ведаю я іх, гэтых партыйных чыноўнікаў. Усе далдоны і зануды. Будзе мне зараз пра надоі і прывагі расказваць. Лепш бы ты сам дамовіўся. Ды і паглядзі, як я апрануты! Каля гэтых помнікаў усё папарваў ушчэнт». Апратка ў Караткевіча і сапраўды была вясёлаю. Зверху, праўда, мелася модная махровая, салатавага колеру майка з замочкам, затое ніз «падгуляў» — злінялае, выцвілае на сонцы сіняе трыко, дзіркі ў якім «зашыты» тонкім медным дротам. Але я супакоіў: «Нічога, Уладзімір Сямёнавіч! У нас тут на ўборы не зважаюць. Галоўнае — сам чалавек».

Транспартную праблему мы вырашылі хутка. Дамовіліся, што экспедыцыя будзе карыстацца, акрамя нашага камсамольскага, яшчэ і «газікам» Пасаха, а ён перасядзе на «Волгу», якую ў райкаме мелі для выездаў у Віцебск і Мінск. Караткевіч пасля дыфірамбаў у свой адрас сядзеў у кабінеце сакратара ашаломлены. Такога ён не чакаў.

Тыя ліпеньскія дні 1972 года, якія згадваю, запомніліся не аднаму мне, а і многім маім землякам, бо Караткевіч сустракаўся і гута рыў з імі паўсюль: проста на вясковых вуліцах, у хатах, а з моладдзю каля вечаровага вогнішча на беразе возера Вечалле. Я пабачыў ягоную незвычайную дапытлівасць. Ён абгледзеў усе вушацкія валатоўкі, рэшткі храмаў, помнікі, могілкі, абмацаў, як кажуць, кожную цаглінку і камень.

Валодзя быў выдатным апавядальнікам і ўмеў слухаць іншых. Столькі цікавага, невядомага пра гісторыю Беларусі, пра многія куточкі роднага краю пачуў я ад яго ў тыя дні і пасля! На маё здзіўленне: «Адкуль такія веды?» Караткевіч аднойчы адказаў так: «Я ж, браце, вандроўнік зацяты. Колькі пераходжана гэтымі хворымі нагамі, колькі перабачана гэтымі стомленымі вачыма! А яшчэ архівы. Табе і ў страшным сне не прысніцца, колькі пылу пераглытаў я ў сховішчах, колькі старонак дакументаў перагартаў. Не толькі дома, але і ў Кіеве, Львове, Вільні, Ленінградзе, і далёка за мяжою».

Начавалі Валодзя з Валяю ў маёй невялічкай кватэры. На падлогу паслалі свежае сена, накрылі яго капамі, атрымалася ўтульная пасцеля, у якой добра было і размаўляць, і засынаць. Караткевіч быў мастак на ўсялякія прыдумкі. Маю маленькую дачушку Алёнку ўразіла, як дзядзька Валодзя па-майстэрску выконваў розныя мелодыі на дзіўным музычным інструменце… сваіх надзьмутых шчоках.

Потым Валодзя (адзін, з жонкаю, з сябрамі) часта бываў на Вушаччыне. Ён зблізіўся з маім бацькам, мамай, упадабаў наш родны дом, які стаіць у маляўнічай мясціне — на беразе возера Глыбачка. З дапамогай таты падрыхтаваў некалькі тэлеперадач пра Вушаччыну, яны рэгулярна ліставаліся.

У 1975 годзе мяне перавялі ў рэдакцыю газеты «Чырвоная змена» ў Мінск. Помнячы наказ Валодзі, я пакарыстаўся сваёй пасадай загадчыка аддзела сельскай моладзі і аб’ездзіў шмат куточкаў Беларусі. Пісаў рэпартажы, замалёўкі, нарысы пра маладых механізатараў, даярак, настаўнікаў, клубных і бібліятэчных працаўнікоў, а яшчэ стараўся не абмінуць ніводнага раённага музея, аглядаў ацалелыя храмы, старыя будынкі, паркі, сустракаўся і гутарыў з доўгажыхарамі. Гэтыя вандроўкі, непасрэднае дакрананне душою да сівой мінуўшчыны дапамаглі зразумець значнасць, маштаб усяго, што ўзнімала і даносіла да чытачоў самабытная, непаўторная твор часць Караткевіча. Ён вяртаў за бытую і знявечаную душу народа, які мае права быць роўным паміж іншымі. Ён абуджаў нашую годнасць, патрыятычныя пачуцці і жаданне зрабіць хоць нешта добрае для «зямлі пад белымі крыламі», для ўсіх, хто жыве і будзе жыць тут:

Абяцаюць нам новы раскошны дом,
Але ТУТ нам жыць і канаць,
Тут пад кожным навекі забытым бугром
Нашы продкі забітыя спяць.
Яны аддалі нам меч і касу,
Слова з вуснаў, цяпер нямых…
І нам немагчыма пайсці адсюль
І пакінуць са смерцю іх.

Калі перачытваеш Караткевіча, то заўважаеш, што самыя блізкія яму словы — Гонар, Годнасць, Сумленне, Праўда. Яго заўсёды турбавала думка: як захаваць, абараніць і ўмацаваць годнасць чалавека, на што яму абаперціся ў гэтым жыцці? Такім роздумам прасякнутыя ўсе кнігі пісьменніка. І ён знаходзіць адказ: нашая трываласць — у памяці, у павазе да матэрыяльнай і духоўнай спадчыны беларускага роду, у любові да роднай зямлі, у вернасці мудрым, гуманістычным традыцыям працавітых і вольналюбівых продкаў.

Вандроўкі па Беларусі (працаваў я яшчэ і ў газеце «Звязда»), заглыбленне ў яе гісторыю пераканалі мяне, што багатая мастацкая фантазія, рамантызм Караткевіча заўсёды маюць пад сабою рэальны грунт. Многія ягоныя аповеды, якія, дарэчы, на вялікі жаль, не сталі старонкамі кніг, нягледзячы на пэўную казачнасць і легендарнасць, таксама чыстая праўда. Напрыклад, палеская прыгажуня, рака Убарць, якую вельмі любіў Валодзя, сапраўды ў некалькіх месцах цячэ ў гранітным ложы. Мне давялося ўбачыць грыбы, якія на глеі ў прыпяцкіх лазняках вымахваюць да паўметра…

Караткевічу жылося і працавалася няпроста. Гісторыя падае нам шмат прыкладаў, калі адданая, неймаверная па сіле любоў вялікага сына да свайго народа, да роднае зямлі натыкаецца на неразуменне, на адкрытую варожасць абмежаваных, неадукаваных, але «звышпільных» сучаснікаў, якія рознымі шляхамі ўціскаюцца ў высокія крэслы і адчуваюць сябе ўладарамі жыцця.

Нямала крыві і нерваў папсавалі Валодзю такія «ўладары», навешваючы на яго ярлык нацыяналіста. Я гэта добра ведаю, бо давялося працаваць загадчыкам сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ, часта адстойваць лепшыя кнігі бела рускіх пісьменнікаў ад нападу суседняга аддзела прапаганды і агітацыі, бачыць цемрашальскую валтузню мінскіх і маскоўскіх цэнзараў у цывільным і ў пагонах. Шмат разоў яны вышуквалі «нацыяналістычную крамолу», рэзалі па-жывому рукапісы Караткевіча. І не заўсёды можна было яму дапамагчы. Так здарылася з выдатным эсэ пра Мсціслаў — адным з апошніх твораў Валодзі. Пасля цэнзарскіх чырвоных алоўкаў «чорных палкоўнікаў» з выдавецтва «Беларусь» яно выйшла ў кастрыраваным выглядзе. Але цешуся тым, што дапамог Караткевічу абараніць, адстаяць многае. Ён гэта заўсёды помніў.

Дарэчы, хачу зазначыць, што высокія, пільныя начальнікі, служкі савецкага суперінтэрнацыяналізму, хоць і ваявалі з нацыяналістам-Караткевічам, але чыталі ягоныя творы з вялікай цікавасцю і захопленасцю. Парадокс? Ды не. Талент пісьменніка перамагаў іхнія замшэлыя ўяўленні пра «класавую чысціню», пра «ідэйную непахіснасць». Праўда, гэтыя адносіны да творчасці Караткевіча і яго самога былі пад польныя, схаваныя ад іншых.

Ведаючы цану таленту і за слугам Караткевіча ў падняцці нашай літаратуры на новую высокую прыступку, перад ягоным 50-годдзем я прапанаваў сакратару ЦК КПБ па ідэалогіі А. Т. Кузьміну прадставіць Валодзю да ўзнагароджання ордэнам Леніна. «Ну ты и загнул! Если бы даже здесь все согласились, так ведь в Москве не поймут. Ведь он же закоренелый националист», — такой была рэакцыя Аляксандра Трыфанавіча. Я запярэчыў: «Ніякі ён не нацыяналіст, а сапраўдны патрыёт Беларусі. А талент які!». Кузьмін зморшчыўся: «Да знаю я, знаю. Но это ничего не меняет».

Што было рабіць? Кажу: «А як наконт «трудавіка» (ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга на чыноўніцкім жаргоне)? Аляксандр Трыфанавіч падумаў і сказаў: «Трудно будет Бюро ЦК уговорить. Если только Пётр Миронович своё слово скажет». Машэраў важкім словам замацаваў рашэнне, дакументы я аформіў, яны пайшлі ў Маскву. Потым яшчэ доўга вяліся перамовы з ЦК КПСС, не хацелі партыйныя чыноўнікі ўшанаваць Караткевіча.

За гэты час здарылася страшная трагедыя — у кастрычніку 1980 года ў загадкавай аўтамабільнай катастрофе загінуў папулярны і любімы ў народзе Пётр Міронавіч Машэраў, у арганізацыі пахавання якога мне давялося ўдзельнічаць самым непасрэдным чынам, шмат перажыць. Першым сакратаром ЦК КПБ стаў Ц. Я. Кісялёў, які заўсёды добра адносіўся да беларускіх пісьменнікаў, цаніў іхнюю працу. Памочнікам у яго, як пры Машэраве, застаўся Віктар Якаўлевіч Крукаў.

Я часта турбаваў Крукава: як жа з узнагародай Караткевіча, калі прыйдзе стужка з паведамленнем? Нарэшце, у самы прытык да юбілею, Масква «разрадзілася»: Валодзя ўзнагароджаны, але не «трудавіком», а ордэнам Дружбы народаў.

Ціхан Якаўлевіч Кісялёў у гэты дзень вылятаў у замежную камандзіроўку, здаецца, у Балгарыю, але захацеў асабіста павіншаваць Караткевіча з узнагародай. Званок у маім кабінеце, чую ў трубцы голас Крукава: «Сяргей Іванавіч, хутчэй заходзьце да мяне».

Памочнік сакратара папрасіў, каб я тэрмінова пайшоў да Караткевіча на кватэру і дапамог арганізаваць размову Ціхана Якаўлевіча з юбілярам. Бягу праз вуліцу, званю. Адчыняе здзіўленая Валя і тывожна пытае: «Сярожа, што здарылася, ты ж павінен быць на працы». Тлумачу патрэбу, а яна спалохана кажа: «Ідзі ў ванную і паглядзі на прыгажуна. Адмакае пасля ўчарашняга». Разуваюся і тэпаю да Валодзі. Ён ляжыць у ванне ў вялікай аблачыне пены, тырчыць толькі нос. Нешта паціхеньку мармыча, нібыта спявае, але бачна, што «лыка не вяжа». Валя застыла ў дзвярах, як раззлаваная мумія. Я кажу ёй: «Не хвалюйся. Усё будзе ў парадку».

Прынёс у ванную табурэтку, паставіў каля Валодзі. Знайшлі даўжэйшы провад да тэлефона, усталявалі апарат. Ён на гэтую падрыхтоўку не звяртаў ніякай увагі. Толькі тады, калі я загаварыў каля ягонага вуха, страшэнна здзівіўся і прамармытаў: «А ты чаго тут, я ж голы ляжу?». Супакоіў яго і сказаў: «Цябе ўзнагародзілі ордэнам Дружбы народаў. Табе зараз будзе тэлефанаваць Ціхан Якаўлевіч Кісялёў, віншаваць. Ты надта думкамі не расцякайся, бо не ў форме. Падзякуй, ды і ўсё». Паўтарыў гэта некалькі разоў, таму што бачыў — не даходзіць. Званю Крукаву: «Караткевіч гатовы гаварыць».

Я трымаў руку Валодзі з тэлефоннай трубкай, каб ён не памакнуў яе ў ваду, і таму добра чуў, як Кісялёў не казённа, сардэчна віншаваў Караткевіча, выказваў яму словы ўдзячнасці за творчасць. А той у адказ, як папугай, пра маўляў: «Дзякуй. Давер народа апраўдаю!». Адкуль ён узяў гэты «давер народа», не ведаю, відаць, па савецкай традыцыі, нагледзеўшыся ўручэнняў узнагародаў па тэлевізары. А мне было так смешна, што баяўся, каб зусім не разрагатацца і не загубіць усю «аперацыю».

Нарэшце «размова» скончылася. Я забраў у Валодзі тэлефонную трубку, а ён з закрытымі вачыма прамармытаў: «А з кім, Сярожа, гэта я гаварыў?».

Да ўсёй гэтай мітусні з ордэнам Караткевіч аднёсся з гумарам: «А я і праўда дружбу народаў умацоўваю. Як вучыўся і працаваў ва Украіне, то быў украінскім нацыяналістам, а цяпер — беларускі нацыяналіст».

На свой урачысты юбілейны вечар Валодзя прыйшоў з ордэнам і добра падвяселены чаркаю. У кабінеце старшыні Саюза пісьменнікаў Максіма Танка, дзе звычайна перад пасяджэннямі збіралася, распраналася начальніцкая «багема», Караткевіч адкалоў «нумар». Ён зняў ордэн і прышпіліў мне на штрыфель пінжака: «Панасі, браце. Я ведаю, што ты, а не яны, спрыяў, каб мне далі ўзнагароду». Была сцэна, як у гогалеўскім «Рэвізоры». Ледзь угаварыў Валодзю не ўскладняць далей сітуацыю.

А вінаваты ў гэтым быў не вясёлы настрой юбіляра, а ягоная заўсёдная бескампраміснасць, здольнасць «рэзаць праўду-матку проста ў вочы» любому чынушы. Валодзя быў абсалютна незакамплексаваным, непасрэдным, шчырым чалавекам. А такіх людзей і баіцца, і прымае «ў штыкі» любая ўлада.

Караткевіч так і не пачуў ад афіцыйных уладаў тых слоў удзячнасці і павагі, якіх заслугоўваў больш, чым хто-небудзь іншы. Але затое ён адчуваў пастаянна любоў і ўдзячнасць шматлікіх чытачоў, што падтрымлівала жыццёвыя сілы і творчы настрой. Сам народ надаў яму званне народнага пісьменніка. Гэта была найвышэйшая ўзнагарода, пра якую марыць кожны мастак!

Смерць Валодзі заспела мяне знянацку ў Латвіі, куды толькі толькі выбраўся адпачыць, нешта напісаць. Лета. Месцаў у самалёце не было, і мяне прытулілі пілоты ў сваёй кабіне. Тады ў небе падумалася: «Ён так любіў гаротніцу-Беларусь! Не можа ягоная душа адляцець ад нас далёка. Яна будзе свяціць нам ахоўнаю зоркаю. Будзе свяціць вечна».

Сапраўды, ягоны адыход стаў страшэннай нечаканкаю, нягледзячы на тое, што ўвесну 1984 года здароўе Валодзі прыкметна пагоршылася. Ён трапіў у рэанімацыю лечкамісіі, пэўны час знаходзіўся ў коме. Каля яго тады пастаянна дзяжурыла любімая сястрычка Валодзі — Наталля Сямёнаўна. Яна выклікала мяне некалькі разоў, калі яму станавілася зусім кепска. Мы з ёй бачылі Валодзю, гэтага непаўторнага жыццялюба, непераможнага аптыміста, дасціпнага жартаўніка і гумарыста, нязвыкла знерухомелым, зжаўцелым, бездапаможным, што ніяк не ўспрымалася, ведаючы ягоную няўрымслівую натуру.

Калі мне давялося стаць галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», то з дапамогаю Наталлі Сямёнаўны стараўся хоць нечым аддзячыць Валодзю, данесці да людзей ягоную ненадрукаваную спадчыну. Радуюся, што сам рэдагаваў, выпраўляў у свет аповесць «У снягах драмае вясна», раздзелы з рамана «Брань», апавяданні, дзённік. Седзячы над гэтымі рукапісамі бяссоннымі начамі, часта думаў: «Божа, якое яшчэ агромністае мастацкае багацце змагла б выняньчыць ягоная дапытлівая, неспакойная, апантаная бязмежнай любоўю да Беларусі, да свайго народа, невычэрпная душа, калі б лёс быў больш літасцівым!».

Аднак у душы Караткевіча жыла не толькі вялікая любоў да жыцця, да людзей. Была ў ёй і высакародная нянавісць, якая жывіла ягонае змаганне з цемрашаламі, невукамі, дзікунамі, хамамі, бяздумнымі, бяздарнымі служкамі гвалту, таталітарызму, якія імкнуцца «загнаць жалезнай рукой чалавецтва да шчасця». З якім сарказмам, з’едлівасцю высмейваў ён усю гэтую нечысць і навалач!

Многае ў жыцці, як і само яно, даецца чалавеку авансам у спадзяванні на тое, што ён, завітаўшы на нейкі час на зямлю з небыцця, зробіць яе лепшай, прыгажэйшай, адорыць людства часцінкай свайго розуму, любові, спагады, мілосці і дабрыні. Караткевіч за свой такі кароткі век апраўдаў гэты аванс, сплаціў усе даўгі. Спаўна аддзячыў ён роднай зямлі, свайму народу і пакінуў запавет:

Калі мы не ўстанем самі —
Не падыме нас ніхто.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?