Прапанова Расіі па адмене ўвазных пошлін на нафту для Беларусі ў абмен на вяртанне пошлін на нафтапрадукты з’яўляецца найгоршым варыянтам для Беларусі. Пра гэта заявіў 22 кастрычніка журналістам першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка.

Прычым ён адзначыў, што гэты варыянт «крыху лепшы, чым той, што мы маем цяпер».

Нагадаем, 21 кастрычніка міністр эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў паведаміў журналістам, што Беларусь можа пагадзіцца пералічваць у расійскі бюджэт 100% экспартных пошлін на нафтапрадукты ў абмен на адмову Расіі ад экспартных пошлін на нафту для Беларусі. «Як мы можам не пагадзіцца, калі ў аснове гэтай тэмы ляжаць роўныя ўмовы дзейнасці і рэалізацыі на экспарт нафты для беларускіх і расійскіх НПЗ? Мы ўдзельнічаем у перамовах па гэтым пытанні. Гэта і ёсць тое, да чаго мы імкнуліся», — сказаў Снапкоў.

У сваю чаргу, Сямашка не раскрыў падрабязнасці ходу перамоў з Расіяй па пастаўках нафты. «Мы пакуль не падпісалі пагадненне, таму што лічым яго несправядлівым», — заявіў ён. «Для адзінай эканамічнай прасторы — нонсэнс уводзіць пошліны на галошы, валёнкі, нафту і нафтапрадукты. Гэта несправядліва», — лічыць Сямашка.

«Мы ж амартызуем заводы, перапрацоўваем нафту і ўсю гэту ўвазную пошліну павінны аддаць у бюджэт Расіі? — задаў пытанне віцэ-прэм’ер. — Нам гэта [перапрацоўка нафты] дорага дастаецца. У кожны завод мы ўкладваем 150–250 млн. долараў штогод для іх развіцця».

Паводле слоў Сямашкі, такія інвестыцыі прывядуць да таго, што ўжо ў 2013 годзе Мазырскі і Наваполацкі НПЗ будуць працаваць з глыбінёй перапрацоўкі 92–93%.

«Гэта азначае, што з адной тоны нафты мы будзем атрымліваць 920–930 кг светлых нафтапрадуктаў, якія дорага каштуюць», — сказаў першы віцэ-прэм’ер.

«Калі я адрываю ад бюджэту, укладваю грошы, даю заводам ільготы і прэферэнцыі, то чаму я павінен аддаваць гэту пошліну», — заявіў Сямашка.

«Калі расіяне паставілі Беларусі такія ўмовы, што пастаўляюць нейкую колькасць нафты бяспошлінна, а львіную долю — тры чвэрці — з пошлінай, то якая розніца, дзе цяпер купляць нафту», — сказаў ён.

Сямашка адзначыў, што, калі нафта была бяспошліннай, Беларусь «адназначна купляла» яе ў Расіі. «Сёння нас паставілі перад альтэрнатывай: купляй у Азербайджане, Казахстане, Венесуэле, Ратэрдаме. Мы ўбачылі, што там танней», — заявіў ён.

Пры гэтым віцэ-прэм’ер адзначыў, што венесуэльская нафта, якая цяпер пастаўляецца ў Беларусь, больш якасная, чым расійскай. Так, пры апрацоўцы расійскай нафты маркі Urls атрымліваецца 30% мазуты, якая таннейшая за самую нафту. Венесуэльская ж нафта «Санта Барбара» пры перапрацоўцы дае 7–8% мазуты і больш дарагую прадукцыю — бензін, газу, дызпаліва. «Таму цвярозы розум, эканоміка гавораць аб тым, што мы павінны перапрацоўваць тое, што выгадна і разумна», — заявіў Сямашка.

«Мы выжылі ў гэтай сітуацыі пры дапамозе Венесуэлы», — лічыць ён. Першы віцэ-прэм’ер паведаміў, што з верасня беларускія НПЗ загружаны на 100% і працуюць рэнтабельна. «У далейшым мы будзем працаваць яшчэ лепш», — лічыць Сямашка.

Пра гатоўнасць Расіі адмовіцца ад экспартных пошлін на нафту для Беларусі ў абмен на ўсе пошліны, якія Беларусь будзе атрымліваць ад экспарту сваіх нафтапрадуктаў, заявіў 19 кастрычніка намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Шаталаў.

«Мы хочам атрымаць [кампенсацыю] ад Беларусі. Пакуль варыянт — гэта значнае павышэнне пошлін на нафтапрадукты з тым, каб яны пералічвалі нам усе экспартныя пошліны на нафтапрадукты, якія будуць вывозіцца з Беларусі», — сказаў Шаталаў.

Ён адзначыў, што цяпер стаўка пошлін на нафтапрадукты вызначана на ўзроўні 55% ад пошліны на нафту. «Гэта значыць мы даціруем нафтаперапрацоўку [Беларусі]. Мы не хочам даваць гэтыя датацыі беларускім прадпрыемствам», — падкрэсліў намеснік кіраўніка Мінфіна.

Паводле слоў Шаталава, стаўка пошлін на нафтапрадукты можа павялічыцца да 85–90% ад пошліны на сырую нафту ўжо ў 2011 годзе. «Сэнс у тым, каб павялічыць у цэлым экспартныя пошліны на нафтапрадукты не толькі для Беларусі, але і для Расіі», — сказаў ён.

Цяпер Беларусь купляе нафтапрадукты ў Расіі з выплатай 100% пошліны. З 1 кастрычніка стаўка экспартнай пошліны на светлыя нафтапрадукты складае 191,8 долара за тону, на цёмныя — 103,3 долара. Паводле даных Белстата, за студзень-жнівень сярэдняя цана тоны нафтапрадуктаў, закупленых у Расіі, павялічылася на 78,6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Каля дзвюх трацін усёй закупленай у Расіі нафты таксама імпартуецца Беларуссю з выплатай 100% пошліны. З 1 кастрычніка стаўка экспартнай пошліны на сырую нафту складае 266,5 долара за тону. За студзень-жнівень сярэдняя цана адной тоны расійскай нафты павялічылася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 30,5%.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?