Шэраг кітайскіх кампаній праяўляе інтарэс да будаўніцтва завода ў Беларусі па вытворчасці легкавых аўтамабіляў, але на сёння канчатковае рашэнне яны не прынялі,

заявіў учора на брыфінгу Дзмітрый Корчык, начальнік галоўнага ўпраўлення інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці Міністэрства прамысловасці.

Ён удакладніў, што кітайскім партнёрам паказалі 3 пляцоўкі ў Мінскім раёне і Мінскай вобласці, дзе магчыма арганізаваць вытворчасць легкавых аўтамабіляў, і што цяпер ідзе эканамічны разлік аб’ёмаў капіталаўкладанняў. Цікава,

што вядуцца перамовы з кампаніямі яшчэ з іншых краін,

але Дзмітрый Корчык не стаў называць гэтыя кампаніі, спаслаўшыся на сур’ёзнасць працэсу і некаторыя нюансы.

Дарэчы, зараз, па словах Дзмітрыя Аляксандравіча, завяршаюцца ўзгадненні з іранскім бокам умоў па развіцці вытворчасці на ЗАТ «ЮНІСОН» (дзе наладжана зборка аўтамабіляў «Саманд») — з пачатку 2011 года ў гэтага праекта павінна пачацца 2-ая фаза «ў частцы лакалізацыі вытворчасці».

Больш пэўнасці ў рэалізацыі сумеснага праекта Мінскага маторнага завода і амерыканскай кампаніі «Новістар»:

— Зараз гэтае супрацоўніцтва актыўна абмяркоўваецца, і мы плануем падпісаць адпаведнае пагадненне наконт стварэння ў Беларусі вытворчасці магутных рухавікоў, больш за 300 к.с. для сельскагаспадарчай тэхнікі, — сказаў Дзмітрый Корчык.

Ён жа расказаў і пра вытворчасць аўтобусаў на Мінскім аўтамабільным заводзе: у перспектыве плануецца павялічыць магутнасці вытворчасці аўтобусаў на МАЗе і выйсці на рынак з больш сучаснымі рухавікамі ЕЎРА-4 і ЕЎРА-5. Сёння Мінскі аўтамабільны завод выпускае каля 2 тысяч аўтобусаў за год і мае дастаткова шырокую лінейку мадэляў.

Зараз Міністэрства прамысловасці рыхтуецца да Беларускага інвестыцыйнага форуму, які пройдзе ў Франкфурце-на-Майне 17 лістапада — там Мінпрам будзе адказны за трэцюю секцыю пад назвай «Перспектыўныя напрамкі для інвеставання (прамысловасць і сельская гаспадарка). Прыватызацыя як спосаб прыцягнення інвестыцый». Па словах Дзмітрыя Корчыка, на гэтай секцыі будзе прэзентавана 17 інвестыцыйных праектаў на агульную суму 2,832 мільярда долараў, накіраваных на прыцягненне прамых інвестыцый. Сярод самых буйных — праекты будаўніцтва завода па вытворчасці ліставога пракату на БМЗ (1,266 мільярда долараў), будаўніцтва комплексу па зарэзу і перапрацоўцы птушкі на Смалявіцкай бройлернай птушкафабрыцы (46 мільёнаў долараў), будаўніцтва цэха азотнай кіслаты магутнасцю 1200 тон за суткі на ААТ «Гродна Азот» (95,5 мільёна долараў), стварэнне вытворчасці шматфункцыянальных плёначных вырабаў у СЭЗ «Магілёў» (30 мільёнаў долараў), а таксама будаўніцтва новага цукровага завода (450 мільёнаў долараў) і новай вытворчасці па выпуску камвольных тканін (192,5 мільёна долараў). Як адзначыў Дзмітрый Аляксандравіч, інвестыцыйны форум павінен прайсці добра і, дарэчы, ужо зараз да яго адчуваецца інтарэс.

Калі казаць пра інвестыцыі ў асноўны капітал, то за апошнія 5 гадоў арганізацыі Мінпрама прыцягнулі ў абнаўленне асноўных сродкаў больш за 2,5 мільярда долараў. За гэты ж самы перыяд знос асноўных фондаў прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці скараціўся з 85% да 69,1%.

Як адзначыў Дзмітрый Корчык, усе перадумовы для выканання планавых паказчыкаў па прыцягненні інвестыцый у 2010 годзе зробленыя, таму ён спадзяецца, што прадпрыемствы выканаюць пастаўленыя перад імі задачы ў гэтай сферы. Таксама ён паведаміў, што Міністэрства прамысловасці мае амбіцыйныя планы і на наступную пяцігодку: ужо падрыхтавана больш за сотню інвестыцыйных праектаў з мэтай павелічэння аб’ёму вытворчасці і выхаду на станоўчае сальда знешняга гандлю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?