Па меры набліжэння да дня прэзыдэнцкіх выбараў кароль стылю лукашэнкаўскай журналістыкі Павел Якубовіч заварушыўся. Ужо пару тыдняў ён вядзе аўтарскую калёнку на першай паласе даверанай яму Лукашэнкам газэты «Советская Белоруссия».

Рэпэртуар думак і пасланьняў ад Якубовіча мала зьмяніўся за апошнія гады, хіба што больш выразнае стала пакепліваньне з Расеі. Так, у пісаньнях Якубовіча праводзіцца думка, што апазыцыю складаюць слабыя і падатлівыя на маніпуляцыю людзі, якія зьяўляюцца носьбітамі агрэсіўных разбуральных поглядаў. Імі рухае не нацыянальны інтарэс, а шуканьне асабістай выгады. Раней за імі стаяў Захад, цяпер эстафэту пераняла Расея. На шчасьце ім супрацьстаіць моцны і мудры прэзыдэнт Лукашэнка, гарант міру і спакою ў беларускім грамадзтве, які ніколі не дапусьціць гэтую нечысьць да ўлады.

Учарашняя калёнка містэра Якубовіча ў «Советской Белоруссии» ў цэлым адпавядае гэтай схеме. На пачатку ён сьцьвердзіў, што беларускае грамадзтва абыякавае да прэзыдэнцкіх выбараў (між радкоў можна ўгледзець і прычыны такой абыякавасьці — няйначай узаемная любовь беларусаў і іх прэзыдэнта), а пасьля перайшоў на асобы. З спасылкай на біялягічныя законы і тэорыю Дарвіна адзначыў грызьню паміж Саньнікавам і Шараметам, а пад канец абрынуўся на ініцыятыву Сяргея Калякіна «За свабодныя выбары» за малы маштаб і слабую падрыхтоўку. Маўляў, ніхто не перашкаджаў (!) Калякіну вылучыць не 500, а значна болей кандыдатаў у члены ўчастковых выбарчых камісій.

Сталася так, што цэнтральнае месца ў іскрамётным опусе Якубовіча займае рэдагаваны мной часопіс «ARCHE», дакладней, яго сайт. Паколькі гэты артыкулік, здаецца, ня выстаўлены ў Інтэрнэт, прывяду адпаведны фрагмэнт цалкам:

«Предвкушение выборов пробудило латентные инстинкты публицистов из кружка, близкого к журналу «ARCHE». Они вроде как искренне негодуют по поводу смены вех. Проще гороворя, тем, что отложив на время традиционные заверения к любви к Западу, некоторые известные политики, в т. ч.соискатели, отбивают эстказные поясные поклону Кремлю. Сложный, вообще говоря, для понимания процесс. Но как истинно просвещенные гуманисты авторы «ARCHE» не опускаются до тонких общественно-философских, а сразу берут за живое и жгут низкохудожественным глаголом:

— «Санников, Некляев, Лебедько, Романчук, Бухвостов, Фролов, Скребец… Обычные граждане обращают внимание, что среди кандидатов в Президенты почти нет собственно белорусов.

Вот такие, по утверждению „ARCHE“, у нас необычайно зоркие „обычные граждане“! Ведомые особыми инстинктами, они обходятся даже без технических приспособлений по обмерам черепа, очень популярных в третьем рейхе. Эти „граждане“ обладают уникальными способностями и могут не хуже отставных подполковников их канувших в Лету Первых спецотделов изобличать пятую графу и посредством клеймения отсеивать неполноценных.

Скромно замечу, что делающим столь одиозные заявления антропологов из „ARCHE“ не следует все-таки прикрываться фиговым листком „обычных граждан“. К чему этот примитивный маскерад? Зачем, господа, переводить стрелки на других, да еще в столь презираемом вами брутальном стиле социалистического реализма? Не выпутывайте в свое словоблудие „обычных граждан“, продолжайте и дальше увлеченно шарить по чужим родословным! Может, как ильфпетровскому старику-архивисту Коробейникову, когда-нибудь пригодится…

Примечательно, что немыслимая в цивилизованным обществе расово-обличительная инвектива оставила наше демократическое сообщество равнодушным. Представляю, какой бы грянул гром, допусти такой обскурантизм „СБ“, например…»

Зьвярну найперш увагу, што Якубовіч сьпярша піша пра нейкія «латентные инстинкты», тады пра аўтара «из кружка, близкого к журналу „ARCHE“». Пасьля элемэнт «блізкасьці» зьнікае, і на сцэне застаецца «ARCHE» як рупар рэакцыі і абскурантызму, які Якубовіч па-клікушаску заклікае дэмакрычную супольнасьць асудзіць.

Гэтыя сьцьверджаньні моцныя, але лжывыя.

Аўтар артыкулу «Тэхнічныя выбары пад прыцэлам Крамля» Сяргей Высоцкі, ніколі не належаў да «кружка», близкого к журналу «ARCHE». Яго публікацыя першапачаткова зьявілася на сайце «Наша зямля»

Ніколі ніводзін тэкст гэтага аўтара не друкаваўся ў «ARCHE», як не было на ім ніводнага перадруку з сайту «Наша зямля». «Зьвесткі пра «кружок, близкий к журналу «ARCHE» — гэта першая, так бы мовіць, дробная хлусьня Паўла Якубовіча.

Праз нейкі час тэкст Высоцкага заўважылі і перадрукавалі адначасова тры рэсурсы: рэспектабельны расейскі «Иносми.ру» , папулярны «Белорусский партизан» Паўла Шарамета і нарэшце сайт «ARCHE».

Прычыны, якія пабудзілі да перадруку кожны з трох рэсурсаў, думаю, збольшага такія самыя: зьвярнуць увагу на самыя эказатычныя суб’екты беларускага палітычнага поля напярэдадні выбараў (нагадаю, што Сяргей Высоцкі — лідар аргкамітэту Беларускай партыі Свабоды).

Падача нашага сайта як першага і апошняга публікатара опусу Высоцкага і, болей за тое, атаесамленьне рэдакцыйнай лініі «ARCHE» з поглядамі, выкладзенымі ў ім, — гэта другая, і як на мяне, значна болей сур’ёзная хлусьня.

Не хачу за Сяргея Высоцкага тлумачыць прычыны яго сьцьверджаньняў: магчыма, сапраўды маем месца з паранаідальным момантам (адзін з камэнтатараў на сайце «ARCHE» пачаў свой допіс з закліку «Хлопцы, хопіць параноі»)у духу народжаных стагодзьдзямі этнічных стэрэатыпаў, адзіны лек супраць якіх-гэта выстаўленьне на паказ, а не маладушнае ўтойваньне. Калі гэта так, можна нават згадзіцца з характарыстыкамі Якубовіча «словоблудие» і «обскурантизм», і дадаць, што ў такім выпадку Высоцкі мала розьніцца ад Лукашэнкі, які ў 2007 заявіў:

«Если вы были в Бобруйске, вы видели, в каком состоянии город. Страшно было зайти, свинушник был. Это в основном еврейский был город, вы знаете, как евреи относятся к месту, где они живут. Посмотрите в Израиле, я вот был… Я ни в коем случае не хочу их обидеть, но они не очень заботятся, чтобы подстрижена трава была, как в Москве, у россиян, белорусов. Такой город был».

(Трэба дадаць, што каб замяць скандал, выкліканы гэтым выказваньнем, Паўлу Якубовічу было даручана наведаць Ізраіль і прынесьці там прабачэньні.)

Больш верагодна, аднак, што Высоцкі такім спосабам адзначаў у сваім разуменьні нястачу беларускага нацыянальнага пачуцьця ў азначаных пэрсанажаў беларускай палітычнай сцэны.

Пры канцы хачу пахваліць Якубовіча за трапны назоў памянёнага рэдакцыйнага артыкулу «В пылу Врага», а таксама за тое, што ён мужна падпісаўся пад ім сваім сапраўдным прозьвішчам. Такія публікацыі — неацэнны скарб для тых, хто зразумець, што ў галаве ў лукашэнкаўскіх ідэолягаў і прапагандыстаў.

Якубовіч не выпадкова з трох сайтаў, якія перадрукавалі опус Высоцкага, выбраў у якасьці мішэні для атакі сайт «ARCHE». Пры ўсіх палітычных падзелах, «Иносми.ру» і «Белорусский партизан» для такіх, як ён і яго калегі, застаюцца культурна блізкімі. «ARCHE» ж прэзэнтуе іншую культурную традыцыю ці, калі іначай, разрыў з дамінуючай культурнай догмай. За прыпісваньнем «латентных инстинктов» крыецца практыка беларускай улады па апазнаваньні людзей беларускай культуры ў катэгорыях «свой-чужы» і надзяленьня іх значэньнямі варожасьці і іншасьці.

З сотняў нацыяналізмаў на эўрапейскім кантынэнце ў XIX і XX ст. толькі нямецкі нацыяналізм на 12 год гітлераўскага кіраваньня перарос у чалавеказабойчую дактрыну. Любы ж эўрапейскі аўтарытарызм, у тым ліку і цяперашні лукашэнкаўскі, азначаў і азначае моўную і культурную дыскрымінацыю, абагаўленьне дзяржавы і гвалтаваньне грамадзтва згодна зь воляй вярхоўнага правадыра.

Налепліваньне ярлыкоў, абмазваньне брудам, прыпісваньне цэлай культурнай традыцыі значэньня варожасьці — - агідная рэч. Асабліва цынічна выглядае пасланьне беларускамоўным беларусам. Тут ажыцьцяўляецца псыхалягічная інвэрсія: мы нішчым вашу культуры і мову не таму, што мы кепскія, а таму што — вы палітычныя ворагі, а ваша культурная традыцыя, кажучы тэрмінамі яшчэ аднаго калегі Якубовіча, Юр’я Шаўцова, анталягічна дэструктыўная.

Рэактыўны экстрэмізм у духу Сяргея Высоцкага робіць для людзей беларускай культуры мядзьведжую паслугу, нібы пацьвярджаючы падобныя мудраваньні.

За палітызацыю культурнай пазыцыі ці, іначай кажучы, сьціраньне межаў паміж палітычнымі і культурнымі пазыцыямі, лукашэнкаўскаму рэжыму раней ці пазьней давядзецца заплаціць спраўдную палітычную цану. Асабліва відавочна гэта становіцца напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?