За дзень да заканчэння тэрміну здачы падпісных лістоў больш за 100 тысяч подпісаў у тэрытарыяльныя камісіі перадала толькі ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі.

Пра гэта паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

Паводле яго слоў, астатнія прэтэндэнты, верагодна, вырашылі перадаваць у тэрытарыяльныя камісіі сабраныя подпісы ў апошні дзень.

Лазавік паведаміў, што ў падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Лукашэнкі ў тэрытарыяльныя камісіі перададзены 1 млн. 123 тыс. 581 подпіс.

«Ініцыятыўная група Лукашэнкі 22 кастрычніка арганізавана здала падпісныя лісты і практычна спыніла збор подпісаў. На гэтым тыдні подпісы яны не здавалі. Перадвыбарны штаб вырашыў дадаткова не азадачваць ініцыятыўную групу, бо заданне значна перавыканана. Хоць члены ініцыятыўнай групы могуць праявіць самастойнасць і ініцыятыву і здаць яшчэ подпісы», — паведаміў Лазавік.

Паводле слоў сакратара Цэнтральнай камісіі,

«калі арыентавацца па тэмпах здачы подпісаў, то прэтэндуе на выкананне задачы Саннікаў, Някляеў і Раманчук».

Паводле звестак на 28 кастрычніка, за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты лідара кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава ў тэрытарыяльныя камісіі было перададзена амаль 100 тысяч подпісаў, за лідара кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева — каля 95 тысяч, за намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука — каля 80 тысяч.

«Ініцыятыўныя групы, якія складаюцца з добрасумленна працуючых прыхільнікаў патэнцыяльных кандыдатаў сёння могуць атрымаць здавальняючую інфармацыю, што іх праца прывяла да жаданага выніку», — сказаў Лазавік.

Нагадаем, заяўлялася, што неабходныя сто тысяч подпісаў сабралі 11 ініцыятыўных груп.

Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі завершаць прыём падпісных лістоў 29 кастрычніка ў 19.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?