У Музычным тэатры — чарговая яркая падзея.

Аляксандр Анісімаў.

Аляксандр Анісімаў.

Аксана Волкава. Цэнтр музычна-тэатральнага жыцця ўсё мацней зрушваецца з Траецкай гары, на якой стаіць Опера, у бок плошчы Багушэвіча (былой Клары Цэткін).

Аксана Волкава. Цэнтр музычна-тэатральнага жыцця ўсё мацней зрушваецца з Траецкай гары, на якой стаіць Опера, у бок плошчы Багушэвіча (былой Клары Цэткін).

У Тэатры оперы і балета ўсё дзелавіта: былыя міністэрскія чыноўнікі ў кіроўных крэслах, прыезджы галоўны рэжысёр і галоўны дырыжор (абодва без харызмы), дысцыпліна, парадак, усе прэм’еры выпускаюцца ў належны тэрмін. Іх запрасілі і сказалі: «Зрабіце нам прыгожа!» Вось яны і робяць… прафесійна, але без натхнення. Нічога асабістага — проста праца.

У Музычным тэатры ёсць запал і жаданне спрабаваць сілы ў розных жанрах.

Цяпер Музычны тэатр жыве як бы ў двух часавых вымярэннях. З аднаго боку, адбываюцца пастаноўкі, закладзеныя ў план яшчэ былым галоўным рэжысёрам Ісаевым. Часам гэта ўдаецца («Аднойчы ў Чыкага» ў пастаноўцы Сусаны Цырук), часам цалкам правальна («Мая жонка ілгуння»).

Але і поспехі, і паразы даказваюць адно:

савецкая музычная камедыя памерла. Трэба шукаць новы шлях.

Ставіць мюзіклы. Або класічныя аперэты, якія трэба папярэдне ачысціць ад пахабных напластаванняў. Або папулярныя оперы ў сучаснай, свежай пастаноўцы. Плюс яркія, «неакадэмічныя» балеты, накшталт узноўленага нядаўна «Мефіста».

Але як гэта зрабіць, калі тэатр першапачаткова быў «заточаны» пад савецкую музычную камедыю, а былы мастацкі кіраўнік Ісаеў вынішчаў парасткі чагосьці іншага?

Цяпер на нашых вачах гэтыя парасткі ператвараюцца ў прыгожыя дрэвы.

Такім стаў праект, ініцыяваны новым кіраўніцтвам, — «Музычныя вечары з Аляксандрам Анісімавым».

Першы такі адбыўся 9 чэрвеня з велічэзным поспехам. Другі — «Італьянскае капрыча» — мае быць 4 лістапада. У ім удзельнічае не толькі аркестр Музычнага тэатра, але і хор. Якое шчасце для музыкаў і харыстаў, якіх Ісаеў прысудзіў да вечнай катаргі ў выглядзе «Бабскага бунту»!

Гэтым разам маэстра Анісімаў пераключыўся на «чыстую» оперу. Адзіны сімфанічны твор, што прагучыць, — «Італьянскае капрыча» Чайкоўскага. Яркая, «шлягерная» рэч, якую кожны ведае на слых. У дадатак будуць фрагменты з опер «Яўген Анегін» і «Пікавая дама», напісаных кампазітарам амаль суцэльна ў Італіі.

У другім аддзяленні будзе гучаць італьянская музыка з дамешкам «французшчыны» — знакамітай баркаролы з оперы Афенбаха «Казкі Гофмана». «Нябёсная» музыка спецыяльна для дзвюх цудоўных спявачак, што ўдзельнічаюць у канцэрце.

Гэта, па-першае, выпускніца Акадэміі музыкі, салістка Операў Мінска і Масквы, меца-сапрана Аксана Волкава. Па-другое, вядучая салістка Пермскай оперы, сапрана Ірына Крыкунова.

Вы спытаецеся, чаму б замест Крыкуновай не запрасіць беларускую спявачку? Як патлумачыў спадар Анісімаў, оперныя спевакі ў нашай краіне — людзі паднявольныя, і кіраўніцтва тэатра можа нечакана «сарваць» іх з канцэрта, хоць графік рэпетыцый і спектакляў сёлета распісаны да канца сезона.

Аксану Волкаву «адрэгуляваць» не ўдаецца толькі таму, што яе кар’ера выйшла за межы Беларусі. Паралельна з рэпетыцыямі ў Анісімава яна ездзіць у Маскву на рэпетыцыі «Царскай нявесты». Аднак дамовіцца з ёй і з Крыкуновай, якая шчыльна занятая ў Пярмі, было прасцей, чым са спявачкамі, якія стабільна знаходзяцца ў Мінску. Можа, таму, што цяперашняе кіраўніцтва Оперы спадара Анісімава не надта прывячае? Як і іншых высокапрафесійных беларускіх дырыжораў — Андрэя Галанава і Алега Лесуна. Здавалася б, у Оперы яны болей патрэбныя, але супрацоўнічаюць сёння з Музычным тэатрам.

…Што ж датычыць спявачак, дык абедзве яны ў канцэрце будуць выконваць «арыі найвышэйшага пілатажу». Крыкунова — каватыну Нормы «Casta Diva» з галавакружна цяжкай стрэтай, якую савецкія сапрана ніколі не спявалі. Волкава — арыю Арзачэ з оперы Расіні «Семіраміда».
Свае яркія моманты будуць і ў хору. Вечар абяцае быць цікавым!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?