Беларусь і Украіна падпісалі дамову на транспартаваньне вэнэсуэльскай нафты праз тэрыторыю Ўкраіны на беларускія НПЗ праз нафтаправод «Адэса-Броды».

«Дамова падпісана ў Менску, на раней агавораных умовах», — паведаміў Інтэрфаксу начальнік упраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці кампаніі «Укртранснафта» Міхаіл Краўчанка.

Ён адзначыў, што 25 кастрычніка ў Менску прадстаўнікі Мінпалэнерга Ўкраіны і кампаніі «Укртранснафта» правялі перамовы з кіраўніцтвам «Беларускай нафтавай кампаніі». БНК — кантрактатрымальнік вэнэсуэльскай нафты, упаўнаважаны на падпісаньне дамовы зь беларускага боку.

Па выніках перамоў бакі падпісалі адпаведны дакумэнт.

Паводле ранейшых зьвестак, праект дамовы прадугледжвае транспартаваньне праз Украіну ў Беларусь каля 5 мільёнаў тон вэнэсуэльскай нафты. Мяркуецца, што, згодна з кантрактам, нафта будзе пастаўляцца танкерамі ў порт Паўднёвы на свопавых умовах і далей транспартавацца праз трубаправод «Адэса-Броды» ў авэрсным рэжыме да Беларусі.

Па выніках перамоў прэзыдэнтаў Беларусі і Вэнэсуэлы Аляксандра Лукашэнкі і Уга Чавэса, якія прайшлі 16 кастрычніка ў Менску, «Беларуская нафтавая кампанія» і PDVSA падпісалі кантракт на пастаўку ў 2011–2013 гадах у Беларусь 10 мільёнаў тон нафты ў год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?