З 1 студзеня 2011 года ў Беларусі змяняюцца некаторыя ўмовы пастаноўкі на ўлік грамадзян, якія маюць патрэбнасць у паляпшэнні жыллёвых умоў.

Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі 1 лістапада начальнік упраўлення юрыдычнай працы і кадраў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Наталля Качан, каментуючы ўказ прэзідэнта № 552 ад 27 кастрычніка 2010 года.

Так, для пастаноўкі на ўлік грамадзян улічваецца метраж жылплошчы не толькі пэўнага грамадзяніна, які жадае стаць на ўлік, але і жылплошчы, што знаходзіцца ва ўласнасці членаў яго сям’і, якія жывуць разам з ім. Напрыклад, пяць чалавек пражывае ў кватэры плошчай 50 кв. м. Забяспечанасць складае 10 кв. м, а на ўлік становяцца пры забяспечанасці 15 кв. м. На ўлік жадаюць стаць два чалавекі, аднак у аднаго з членаў сям’і ёсць ва ўласнасці яшчэ кватэра 60 кв. м. Тады пры пастаноўцы будзе ўлічвацца і гэта жылплошча. Гэта значыць узровень забяспечанасці будзе ўжо 22 кв. метры на чалавека.

Акрамя таго, растлумачыла спецыяліст, з падставы для пастаноўкі на ўлік грамадзян, якія нарадзілі ці якія ўсынавілі дзяцей, выключаюцца разведзеныя, якія забяспечаны жылплошчай больш за вызначаны парог у 15 кв. метраў на чалавека. «Гэта норма выключана ў сувязі з тым, што грамадзяне злоўжывалі такім становішчам і разводзіліся фіктыўна», — растлумачыла Качан. Яна прывяла прыклад пражывання сям’і з трох чалавек у трохпакаёвай кватэры плошчай каля 100 кв. м. «Бацькі развяліся і ніводзін з іх не мае права стаць на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў, як гэта было дазволена раней», — растлумачыла Качан.

Таксама ўведзена норма, паводле якой грамадзянам, якім выдзелены зямельны ўчастак па-за аўкцыёнам у абласных гарадах для будаўніцтва індывідуальнага жылля, не маюць права адначасова ўступаць у ЖБК для будаўніцтва льготнага жылля і наадварот. Грамадзянін, які мае патрэбнасць у паляпшэнні жыллёвых умоў, павінен выбраць толькі адзін са спосабаў паляпшэння жыллёвых умоў.

Указам таксама ўдакладняюцца нормы пастаноўкі на ўлік дзяцей-сірот, маладых спецыялістаў і рабочых, жыхароў сельскіх населеных пунктаў, удакладняецца тэрмін «непрацаздольны».

Спецыяліст адзначыла, што «новыя нормы прывядуць да скарачэння чаргі грамадзян, якія маюць патрэбнасць у паляпшэнні жыллёвых умоў». Паводле яе слоў, на 1 студзеня 2010 года ў гэтай чарзе стаяць 793 тыс. 140 чалавек, у тым ліку ў Мінску каля 270 тыс. чалавек. Летась палепшыла свае жыллёвыя ўмовы 41 тысяча чалавек. Качан таксама адзначыла, што «чакаецца наплыў заяў для пастаноўкі на ўлік тых катэгорый грамадзян, якія губляюць гэта права з новага года».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?