У асноўным конкурсе мастацкіх фільмаў кінафестывалю прымуць удзел дванаццаць стужак.

Адбузецца «Лістапад» з 5 па 12 лістапада ў Мінску.

«Прагульшчыкі» (Грузія, 2010, рэжысёр Ляван Когуашвілі).

Наркаман Чэкі ў пошуках грошай пагаджаецца падставіць сына вядомага палітыка. У цэнтры стужкі – чалавечыя перажыванні.

Паказ пройдзе 6 лістапада, 17.00.

«Усходнія п’есы» (Балгарыя-Швецыя, 2009, Камен Калеў).

Браты сустракаюцца падчас нападу неанацыстамі на турэцкую сям’ю. Сустракаюцца па розныя бакі барыкадаў. Каб разабрацца ў жыцці, яны павінны злучыць свае высілкі.

6 лістапада, 19.30.

«Шчасце маё» (Украіна-Германія-Нідэрланды, 2010, Сяргей Лазніца). Кіроўца фуры падчас доўгай дарогі ў расейскай глыбінцы сустракаецца з рознымі людзьмі. Гэтая паездка змяняе чалавека. Стужка адметная тым, што з’яўляецца дэбютнай для рэжысёра, ураджэнца Баранавічаў.

9 лістапада, 20.30.

«Святы Георгій забівае дракона» (Сербія-Боснія-Герцагавіна-Балгарыя, 2009, Срджан Драгоевіч).

Любоўны трохкутнік, які ўзнікае падчас Першай сусветнай вайны ў сербскай вёсцы паблізу мяжы з Аўстра-Венгрыяй. Каханне, здрада, забойства.

8 лістапада, 20.30.

«Выкрадальнік святла» (Кыргызстан-Францыя-Германія-Нідэрланды, 2010, Актан Арым Кубат).

Фільм аб вясковым электрыку, які ў хаты прыносіць не толькі святло, але і любоў…

7 лістапада, 19.30.

«Зваротны рух» (Расія, 2010, Андрэй Стэмпкоўскі).

Жанчына, якая жыве ў невялікім расейскім горадзе, атрымлівае паведамленне, што яе адзіны сын прапаў без звестак падчас вайсковых дзеянняў. Яна бярэ да сябе бяздомнага юнака-гастарбайтара. І як знак, вяртаецца яе сын.

11 лістапада, 21.30.

«Масакра» (Беларусь, 2010, Андрэй Кудзіненка).

Сюжэт фільма выбудоўваецца вакол любоўнага трохкутніка — граф Пазуркевіч — Ганна — Мікалай Казанцаў. Падзеі разгортваюцца на фоне падаўленага паўстання супраць царызму.

7 лістапада, 17.00.

«Перамір’е» (Расія, 2010, Святлана Праскурына).

Гэтага горада няма на карце, ён пазначаны толькі ў радку пуцявога ліста. Менавіта туды і скіроўваецца Ягор Мацвееў. Ён сутыкаецца з людзьмі, якія пакутуюць і кахаюць, паміраюць і ажываюць, мараць быць Пушкіным і Пагачовай…

10 лістапада, 18.00.

«Рэверс» (Польшча, 2009, Борыс Ланкош).

Маці і бабуля хочуць ажаніць трыццацігадовую Сабіну. Але іх кандыдатуры жаніхоў не падабаюцца жанчыне. Усё змяняецца пасля знаёмства з Браніславам.

8 лістапада, 18.00.

«Аўрора» (Румынія-Францыя-Швейцарыя-Германія, 2010, Хрысціна Пую).

Саракагадовы інжынер з Бухарэста вырашае кінуць працу, каб пазбавіцца пачуцця пастаяннай няўпэўненасці. «Неабходным» інструментам для гэтага становіцца стрэльба.

11 лістапада, 18.00.

«Другое неба» (Расія, 2010, Дзмітрый Мамулія).

Пастух Алі з бязлюдных прастораў Сярэдняй Азіі накіроўваецца ў мегаполіс на пошукі новай жонкі. З ім ідзе і яго дзевяцігадовы сын.

9 лістапада, 18.00.

«Андрыена Пал» (Венгрыя-Нідэрланды-Францыя-Аўстрыя, 2010, Агнеш Кочыш).

Медсястра Пірожка працуе ў аддзяленні для хворых у тэрмінальнай стадыі. Аднойчы яна едзе на пошукі сяброўкі дзяцінства. Спрабуючы ўзнавіць ўспаміны, яна скіроўваецца ў сваю памяць і памяць людзей, якіх сустракае на сваім шляху.

10 лістапада, 20.30.

Усе прагляды пройдуць у «Доме кіно» (вул. Талбухіна, 18).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?