23 лістапада ў Мінску адбудзецца штогадовае сумеснае пасяджэнне калегіі міністэрстваў замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, якая пройдзе пад старшынствам кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін Сяргея Мартынава і Сяргея Лаўрова.

Як паведаміў 18 лістапада на брыфінгу прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных, падчас пасяджэння члены калегій разгледзяць пытанні, звязаныя з дзейнасцю міжурадавых інтэграцыйных аб`яднанняў на прасторы СНД.

«Высокапастаўленыя прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса дзвюх краін абмяркуюць праблематыку ўзаемаадносінаў з Еўрапейскім саюзам і ход падрыхтоўкі да чарговага саміта АБСЕ», — паведаміў прэс-сакратар.

Па выніках пасяджэння плануецца падпісаць план кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў дзвюх краін. Гэты дакумент, зазначыў Савіных, «з`яўляецца дзейсным практычным інструментам узгаднення знешнепалітычных пазіцый па ўсім спектры актуальных пытанняў міжнароднага парадку дня».

Запланавана таксама правядзенне двухбаковай сустрэчы Мартынава і Лаўрова, падчас якой міністры абмяняюцца думкамі па найбольш важных пытаннях беларуска-расійскага супрацоўніцтва, паведаміў прэс-сакратар.

Паводле яго слоў, суразмоўцы таксама абмяркуюць ход выканання Праграмы ўзгодненых дзеянняў у сферы знешняй палітыкі дзяржаў — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Апрача таго, праграмай прадугледжаны ўдзел кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?