Віталь Рымашэўскі выступіць у эфіры Белтэлерадыёкампаніі першым сярод кандыдатаў у прэзідэнты.

Як паведаміў БелаПАН Павел Севярынец, 18 лістапада яму патэлефанавала каментатар Белтэлерадыёкампаніі Вольга Спехава і паведаміла, што Рымашэўскі павінен выступіць па тэлебачанні 24 лістапада ў 19 гадзін. Для гэтага яму трэба будзе прыбыць у Белтэлерадыёкампанію ў 18 гадзін, каб падрыхтавацца да выступлення. Аднак, згодна з лёсаваннем, Рымашэўскі павінен быў выступаць 22 лістапада. Пра гэта Севярынец і заявіў Спехавай.

На 18 гадзін 24 лістапада запланавана сустрэча з кандыдатамі ў прэзідэнты на Кастрычніцкай плошчы Мінска. «Мне здаецца, такім чынам супрацоўнікі БТ збіраліся зрабіць так, каб Рымашэўскі не змог удзельнічаць у сустрэчы са сваімі выбаршчыкамі на акцыі, ініцыятарамі якой мы, уласна кажучы, з’яўляемся», — сказаў Севярынец.

«Пасля таго як я заявіў, што ў такім разе мы на эфір не пойдзем і гэту інфармацыю мы распаўсюдзім у прэсе, супрацоўнікі БТ спалохаліся і адкруцілі ўсё назад.

Выступ Рымашэўскага пройдзе ў жывым эфіры 22 лістапада з 19.00 да 19.30. Адпаведную паперу я атрымаў у Белтэлерадыёкампаніі», — заявіў Севярынец.

Вольга Спехава паведаміла БелаПАН, што блытаніна сапраўды мела месца. «Мы лічылі, што чалавек, які выцягвае квіток з нумарам адзін, і будзе выступаць першым. Аднак гэта быў толькі нумар білета. І ў нумары білета пазначаліся дата і час, у які ён будзе выступаць. Севярынец выцягнуў білет №6, але ў ім указаны час выступлення Рымашэўскага першым — 22 лістапада з 19.00 да 19.30. Толькі пасля тлумачэнняў Цэнтрвыбаркама мы зразумелі гэту сістэму», — сказала Спехава.

«Мы ўрэгулявалі гэту праблему. Ніякай палітычнай падаплёкі тут няма, проста мы недазразумелі працэдуру. Зараз на многіх сайтах, якія таксама крыху заблыталіся, вісяць паведамленні, што Лукашэнка будзе выступаць чацвёртым.

Але ён будзе выступаць пазней», — адзначыла Вольга Спехава.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?