Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч не выключае ўваходжання сваёй краіны ў Мытны саюз, пры гэтым адзначае, што для гэтага неабходна будзе ўнесці ва ўкраінскую канстытуцыю змяненні.

«Гэта магчыма (уваходжанне ў Мытны саюз). Але ў нас ёсць працэдуры, якія мы павінны прайсці», — прыводзіць РІА Новости словы Януковіча 26 лістапада на сумеснай з прэзідэнтам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння расійска-ўкраінскай міждзяржкамісіі.

У прыватнасці, Януковіч адзначыў, што гаворка ідзе аб змяненнях у канстытуцыю, «якія магчымыя, і іх можна вырашыць як у парламенце, так, напрыклад, і на ўсеўкраінскім рэферэндуме».

Прэзідэнт РФ у сваю чаргу заявіў на прэс-канферэнцыі, што пытанне аб далучэнні да саюза Украіна павінна вырашыць сама.

«Мы хацелі б убачыць Украіну ў складзе Мытнага саюза і АЭП, мы бачым у гэтым вялікі эканамічны сэнс», — сказаў ён.

Разам з тым, падкрэсліў кіраўнік расійскай дзяржавы, рашэнне, у якіх аб’яднаннях знаходзіцца, — «гэта пытанне суверэннага выбару любой свабоднай нацыі». «Гэтае пытанне неабходна вырашаць зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці і юрыдычнай абгрунтаванасці», — лічыць ён.

Дзмітрый Мядзведзеў адзначыў, што гэта ж можна сказаць і аб уваходжанні Украіны ў Еўрасаюз.

Ва Украіне гучаць розныя меркаванні наконт далучэння да Мытнага саюза. Віцэ-прэм’ер Украіны Сяргей Цігіпка ў канцы чэрвеня заявіў, што Масква і Кіеў вернуцца да гэтага пытання адразу пасля ўваходжання Расіі ў СГА і пасля таго, як Украіна атрымае пагадненне аб асацыяцыі з ЕС. Міністр эканомікі Украіны Васіль Цушко лічыць, што ўваходжанне Украіны ў Мытны саюз нявыгадна ні Украіне, ні членам саюза — Беларусі, Казахстану і Расіі. У інтэрв’ю ўкраінскім СМІ ў жніўні ён гаварыў, што на сёння дастатковым і рэальным з’яўляецца ўстанаўленне ўмоў свабоднага гандлю з Масквой, Мінскам і Астаной.

Дагавор аб Мытным кодэксе Мытнага саюза быў падпісаны ў Мінску 27 лістапада 2009 года.

Падпісанне дагавора было абумоўлена неабходнасцю фарміравання прававой базы Мытнага саюза ў рамках ЕўрАзЭС з улікам паглыблення інтэграцыі паміж РФ, Беларуссю і Казахстанам. Фармальна Мытны саюз Расіі, Беларусі і Казахстана пачаў дзейнічаць з 1 студзеня гэтага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?