Уладальнік Кубка Беларусі — 2010 барысаўскі БАТЭ прайграў 27 лістапада на сваім полі ў 1/8 фіналу брэсцкаму «Дынама» — 0:1.

Берасцейцаў, між іншым, узначальвае былы галоўны трэнер БАТЭ Юры Пунтус,

Адзіны мяч у сустрэчы забіў на 17-й хвіліне Мікалай Януш.

БАТЭ гуляў у наступным складзе: Гутар, Юрэвіч, Шытаў (Аляхновіч, 86), Радзькоў, Бардачоў, Ліхтаровіч, Бага, Брэсан (Валадзько, 46), Няхайчык, Скавыш (Паўлаў, 53), Радзівонаў.

"Каманда яшчэ знаходзіцца ў кавярні, адзначаючы пераможны сезон. Каманда ўсё яшчэ вяртаецца з Бабруйска [дзе БАТЭ два тыдні таму аформіла чэмпіёнства -- НН]", - сказаў на пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка.

Таксама Ганчарэнка сказаў, што асноўнаму галкіперу БАТЭ Сяргею Верамко давядзецца перанесці аперацыю на локці, і два пазасталыя матчы ў Лізе Еўропы ў браме будзе стаяць Гутар.

***

Большасць матчаў 1/8 фіналу Кубка Беларусі прайшлі ў верасні, адзін — у кастрычніку.

Пуцёўкі ў вясновы чвэрцьфінал заваявалі: сталічныя «Партызан» і «Мінск», «Гомель», «Нафтан», «Белшына», «Нёман», «Шахцёр». «Партызан», дарэчы, выбыў у першую лігу, а «Гомель» наадварот вярнуўся ў вышэйшую лігу.

Надзвычайнага ў сённяшняй паразе БАТЭ няма.

Ад выніку сённяшняга матча, хутчэй, згубіла мінскае «Дынама».

Нагадаем, што мінчукі фінішавалі ў сезоне-2010 на 4-м месцы, г.зн. па-за еўракубкамі. І цяпер, каб наступным летам выступіць у кваліфікацыйнай стадыі Лігі Еўропы, экс-флагману беларускага футболу неабходна, каб Кубак выйгралі або «Шахцёр», або «Мінск».

***

2 снежня ў Мінску БАТЭ згуляе з кіеўскім «Дынама» ў матчы групавога турніру Лігі Еўропы. Пачатак гульні — 22:05.

БАТЭ датэрмінова заваяваў пуцёўку ў 1/16 фіналу Лігі Еўропы, але ў выпадку перамогі над «Дынама» зойме 1-е месца ў групе, што дае выгоды пры лёсаванні плей-оф. Матчы 1/16-й пройдуць 17 і 24 лютага 2011 года.

Кіеўскае «Дынама» сёння, 27 лістапада, выйграла ў 19-м туры чэмпіянату Украіны на сваім полі ў «Севастопаля» — 2:0.

На аднаму мячу забілі гулец зборнай Фінляндыі Раман Яроменка і харват Огнен Вукоевіч. «Дынама» на 10 балаў адстае ад лідара чэмпіянату данецкага «Шахцёра», які свой матч правядзе заўтра. Потым чэмпіянат Украіны бярэ паўзу да сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?