Нядаўнія напады акул на расіян і ўкраінцаў у Егіпце не адбіліся на актыўнасці беларускіх турыстаў, канстатуюць у турыстычных кампаніях Беларусі. Туры ў Егіпет ужо раскуплены на паўтары тыдні наперад.

«Туры на найбліжэйшыя тыдзень-паўтара раскуплены. Вылецець, напрыклад, праз тры дні будзе ўжо праблематычна. Попыт на Егіпет у беларусаў ёсць заўсёды — гэта самая даступная краіна па цане. Да таго ж хутка святы, — адзначыла менеджэр кампаніі «Лідар-тур» Алена Калентыёнак.

«Многія свой адпачынак там запланавалі ўжо даўно, таму мяняць планы не хочуць, а многія яшчэ не чулі пра напады акул: шырока ў нашых СМІ гэтая інфармацыя пакуль не распаўсюджвалася», — дадала яна.

На думку дырэктара турыстычнай кампаніі «4 бакі свету» Алены Юхневіч, ведаючы аб такой небяспецы, людзі, якія едуць адпачываць, часцей за ўсё думаюць, што «якраз на іх акулы і не нападуць».

«Гарачае жаданне адпачыць у цёплай краіне, калі ў нас такі холад, яшчэ адна падстава не адмаўляцца ад тура», — адзначыла дырэктар туркампаніі.

Да таго ж, прадоўжыла Алена Юхневіч, маштаб здарэння пакуль невялікі: «Масава адмаўляюцца ад тураў звычайна тады, калі адбываюцца паводкі, цунамі і г.д. і доўжацца больш за тыдзень. Тады гэта пачынаюць трансляваць па тэлебачанні і ахвотных выпрабаваць сябе, канешне, будзе мала, людзі будуць шукаць іншыя варыянты».

Менеджар кампаніі «Лэндтур» Дзіна Кароль заўважыла, што беларусы рэдка адмаўляюцца ад таго, што запланавалі. «Нават калі ў Тайландзе былі ваенныя дзеянні, кліенты проста махалі рукамі: маўляў, падумаеш, усё роўна паедзем», — гаворыць яна.

Прычыны адмовы ад пуцёўкі павінны быць вельмі сур`ёзныя, каб кліент не страціў грошы, укладзеныя ў тур. «Павінна быць афіцыйна аб`яўлена, што краіна неспрыяльная для наведвання, інакш пры неабгрунтаванай адмове ад тура чалавек страціць частку грошай», — сказала Кароль.

1 снежня ад нападу акулы каля берагоў егіпецкага курортнага горада Шарм-эль-Шэйх сур`ёзна пацярпелі трое грамадзян Расіі (дзве жанчыны і мужчына) і грамадзянін Украіны. Пасля гэтага грамадскія пляжы ў некаторых зонах горада былі закрыты да асаблівага распараджэння паліцыі.

Паводле апошняй інфармацыі замежных СМІ, у Шарм-эль-Шэйху злавілі акулу, якая напала на турыстаў.
На працягу двух сутак за ёй палявалі 12 спецыялістаў.

Папярэдні выпадак нападу акулы на чалавека ў Егіпце быў у чэрвені 2009 года. Тады смерць чалавека з-за нападу акулы была зафіксавана ў Егіпце ўпершыню з 2004 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?