У менскіх недзяржаўных журналістаў, як і ў іхніх калегаў з дзяржаўных СМІ, як і ва ўсіх ідэолагаў-прапагандыстаў «вертыкалі», увайшло ў моду калі не аплёўваць, дык «таптаць» апазіцыйныя дэмакратычныя партыі.

Гэтым крытыкам я заўсёды раю паехаць у які-небудзь раён ці горад (Верхнядзвінск, Гарадок, Паставы, Пінск, Смаргонь і г. д.), пажыць там і прапрацаваць у якой-колечы партыі ці на партыю. А потым паведаміць мне і шырокай грамадскасці пра вынік эксперыменту.

Я назваў тут толькі некаторыя гарады і раёны, у якіх мае таварышы за сваю палітычную актыўнасць пазбаўлены працы, занесены ў «чорныя спісы». А яны, Валянціна Болбат, Леанід Гаравы, Міхал Гіль, Ірына Вештард ды іншыя, — людзі ў сваіх гарадах даволі вядомыя, былі дэпутатамі мясцовых саветаў. Пераследуючы іх, чыноўнікі даюць зразумець астатнім грамадзянам: калі будзеце «ўзнікаць», і вас чакае гэткая ж доля…

Нядаўна самы галоўны чыноўнік дагаварыўся да таго, што ў нашай краіны не твар, а морда. І ён пэўным чынам мае рацыю.

Сярод тых, каму ледзь не штодня даводзіцца сузіраць морду — морду нікім не выбранай, нахабнай мясцовай улады, — Алег Рамашкевіч, мой даўні таварыш, які знаходзіцца на пярэднім краі барацьбы.

Сябар Цэнтральнага Камітэта БСДП, намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі БСДП, Алег Рамашкевіч мог бы распавесці працяглую гісторыю рэгістрацыі партыйнай арганізацыі ў Бераставіцкім раёне — пра тое, якія ўмовы ставілі яму пажарныя, санітарна-эпідэміялагічная служба ды іншыя ўстановы, як ён гэтыя ўмовы выконваў і як у мясцовых чыноўнікаў знаходзіліся новыя зачэпкі, каб не «прапісваць» партыйную арганізацыю ў прыватным доме.

Былы дэпутат Бераставіцкага раённага савета дэпутатаў Алег Рамашкевіч мог бы расказаць, як працуе гэты орган улады, якая гэта цяжкасць — знайсці партыйнаму чалавеку, дэмакрату працу ў раённым пасёлку гарадскога тыпу. Мог бы расказаць, у якія ўмовы паставіла яго мясцовая вертыкаль падчас апошняй выбарчай кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы, што такое раённы суд і як ён працуе…

Алег Рамашквіч — сціплы чалавек, сябе ён не піярыць, пра свае злыбеды на ўсю Беларусь і замежжа не піша (хоць, думаецца, дарма ён таго не робіць: улада больш за ўсё баіцца публічнасці, калі яе ейнаю ж мордаю ды ў ейны бруд). Вось і ягоны 50-гадовы юбілей праходзіць нейк без шуму.

Карыстаючы з нагоды, я хоць гэтым тэкстам аддам належнае і падзякую Алегу Рамашкевічу за ягоную працу, за ягоную барацьбу на пярэднім краі, за ягоную вернасць дэмакратычным каштоўнасцям. І вядома ж, пажадаю, яму добрага здароўя і трывання ў барацьбе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?