Лявон Вольскі, спявак: Я пайду на Плошчу. 19 снежня буду цэлы дзень сядзець на ўчастку ў якасці назіральніка. Гэта мяне натхніць яшчэ больш.

Франц Сіўко, пісьменнік: Я не збіраюся. Жыву ў Віцебску, прыхварэў. Ды і працую пры касцёле, а акурат пачынаецца адказны перыяд перад Калядамі.

Ян Маўзер, музыка: Вядома. Нешта змяніць можна толькі акцыямі пратэсту. Мне падабаецца, што кандыдатаў шмат. Яшчэ адзін фактар — развіццё інтэрнэту. Скрозь бачныя запрашэнні на Плошчу, прычым іх распаўсюджваюць не штабы, а простыя людзі.

Уладзімір Арлоў, пісьменнік: У дачыненні да мяне такое пытанне гучыць рытарычна. Вядома, пайду.

Вячаслаў Кебіч, былы прэм’ер-міністр: Масавых пратэстаў у тым выглядзе, як пра гэта марыць апазіцыя, у Беларусі не будзе.

Сапраўдная «Плошча» ў беларускай гісторыі была толькі аднойчы: у пачатку 90-х, калі адпусцілі цэны. Цяпер для такіх масавых акцый пратэсту няма сацыяльна-эканамічных перадумоў.

Жанна Літвіна, кіраўніца Беларускай асацыяцыі журналістаў: На Плошчы я буду, побач з калегамі. На жаль, сёлета няма адзінага кандыдата, адзінай альтэрнатывы. Але праява ўласнай грамадзянскай пазіцыі — гэта важна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?