Бундэстаг заклікаў урад ФРГ «даць зразумець беларускім уладам, што трэба зрабіць усё магчымае, каб цяперашнія і наступныя прэзідэнцкія выбары адпавядалі стандартам АБСЕ».

Пра гэта гаворыцца ў заяве кіруючай кааліцыі ФРГ, зробленай у рамках пасяджэння 16 снежня.

У заяве адзначаецца важнасць роўных магчымасцяў для кандыдатаў, свабоднага доступу да СМІ, удзелу ў выбарчых камісіях прадстаўнікоў кожнага кандыдата. Указваецца на неабходнасць забеспячэння свабоднага тайнага галасавання, доступу для назіральнікаў да ўсіх выбарчых працэсаў і звязанай з імі інфармацыі.

У заяве дэпутатаў ад кааліцыі кіруючых партый адзначаецца паляпшэнне ўмоў выбарчай кампаніі ў Беларусі.

Пры гэтым дэпутаты выказваюць апаску, што «выбары, якія кантралююцца дзяржавай, служаць для псеўдадэмакратычнай легітымізацыі на пасадзе прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі». Парламентарыі заявілі пра парушэнні пры зборы подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў, калі быў скарыстаны адміністрацыйны рэсурс, а таксама пра парушэнні правоў чалавека, абмежаванне свабоды слова, сходу, асацыяцый.

«Судовую самаўпраўнасць беларускія ўлады выкарыстоўваюць як сродак уціску. Адвольныя затрыманні, судовыя працэсы і прызначэнне штрафаў закліканыя запалохаць крытыкаў і апазіцыю», — гаворыцца ў заяве.

Дэпутаты кіруючых партый ФРГ заклікалі германскі ўрад працягваць аказваць «любы магчымы ўціск на беларускія ўлады для адмены смяротнай кары ці ўвядзення мараторыя на яе выкарыстанне, у рамках двухбаковых і шматбаковых адносін падтрымліваць забеспячэнне правоў чалавека, вяршэнства закона, правоў меншасцяў і выступаць супраць палітычна матываваных судоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?