Празрыстыя скрыні для галасавання ўстаноўлены на 586 з 6.390 выбарчых участкаў,

паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 17 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску. «Дзе былі грошы ў арганізатараў выбараў, там іх і купілі», — дадала яна.

Ярмошына адзначыла, што выбарчае заканадаўства не прад’яўляе патрабавання да матэрыялу, з якога павінна быць зроблена скрыня для галасавання. «Таму ўсе размовы аб празрыстасці скрынь носяць палітычны характар і не адносяцца да выбарчага заканадаўства», — падкрэсліла кіраўнік ЦВК.

Нагадаем, 11 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску лідар аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб’яднання «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў заявіў аб тым, што прадпрымальнікі Беларусі дапамогуць выбарчым камісіям забяспечыць участкі празрыстымі скрынямі для галасавання. Паводле яго слоў, прадпрымальнікі пачулі заклік лідара кампаніі «Гавары праўду!» прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Уладзіміра Някляева аб неабходнасці забяспечыць выбарчыя камісіі празрыстымі скрынямі для галасавання.

Аднак Цэнтрвыбаркам адмовіўся ад прапанаванай дапамогі. Паводле слоў Ярмошынай, Цэнтральная камісія не ажыццяўляе матэрыяльна-тэхнічную дзейнасць. «Да таго ж, мы не можам прыняць іх дапамогу, бо не ведаем, якую яна мае крыніцу: беларускую ці замежную», — сказала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?