Супрацоўнікі міліцыі затрымалі лідэра «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча, паведамляе радыё «Свабода». Гэта адбылося, як толькі хлопец выйшаў з пад’езда дома. Відавочцы паведамілі, што да яго падбеглі людзі ў цывільным.

Зміцер спрабаваў патлумачыць, што ў іх няма падставаў яго затрымліваць. Але хлопца скруцілі і закінулі ў мікрааўтобус сіняга колеру.

Паплечнікі Дашкевіча мяркуюць, што, паколькі затрыманне адбылося на тэрыторыі Фрунзенскага раёна, лідэр «Маладога фронту» ўтрымліваецца ў пастарунку Фрунзенскага РУУС.

Да моладзевай актывісткі Паўліны Дзякавай міліцыянты сёння прыйшлі дахаты і прынеслі на подпіс пракурорскае папярэджанне аб недапушчэнні парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Дзяўчына адмовілася яго падпісаць.

Таксама міліцыянты спрабавалі трапіць у жытло моладзевых актывістаў Змітра Хведарука, Міколы Дземідзенкі і Кацярыны Людвіг.

«Міліцыянты прасілі і мяне адамкнуць дзверы, каб «пагаварыць». Праўда, пра што — не казалі», — распавядае З.Хведарук. Ён не ведаў, ці на момант размовы з карэспандэнтам «НН» праваахоўнікі сышлі з яго пад’езда. Хведарук ацэньвае сённяшнія візіты і затрыманне Дашкевіча як спробу націснуць на актывістаў напярэдадні Плошчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?