Кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў чакаюць ад міжнародных назіральнікаў сумленнай ацэнкі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Пра гэта яны заявілі 18 снежня на сумеснай прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Як падкрэсліў на прэс-канферэнцыі Уладзімір Някляеў, выбары ўжо не могуць быць прызнаныя свабоднымі і справядлівымі. «Кандыдаты ў прэзідэнты на апошнім этапе выбарчай гонкі былі практычна адхілены ад сродкаў масавай інфармацыі, не маглі супрацьстаяць падману, які ліўся на іх з экранаў тэлевізараў, і заклікаць народ галасаваць супраць цяперашняй улады», — заявіў Някляеў.

Апрача таго, як зазначыў палітык, ва ўчастковых выбарчых камісіях практычна няма прадстаўнікоў кандыдатаў у прэзідэнты. «Прадстаўнікоў апазіцыйных партый у камісіях толькі 0,025%. У нас ужо ёсць доказы фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, і мы гатовы іх прадаставіць замежным назіральнікам заўтра, пасля закрыцця ўчасткаў», — сказаў Някляеў.

У сваю чаргу Андрэй Саннікаў заявіў, што чакае «абсалютна сумленнай ацэнкі ўсёй працэдуры выбараў, галасавання ад усіх назіральнікаў: БДІПЧ АБСЕ, СНД, Грузіі». «І рэакцыя, якой я чакаю ад міжнароднай супольнасці, — гэта дапамагчы Беларусі пазбавіцца ад дыктатуры», — сказаў Саннікаў.

Як паведаміў Някляеў, ужо гатовы сумесны зварот кандыдатаў у прэзідэнты да сусветнай супольнасці. «У гэтай заяве ясна сказана, што выбары несвабодныя, несправядлівыя і іх ні ў якім разе нельга прызнаваць. Ні з якімі агаворкамі», — зазначыў Някляеў. З гэтай заявай палітыкі маюць намер выступіць адразу пасля заканчэння галасавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?