На афіцыйным сайце кіраўніка Расіі ні слова пра віншаванні для Лукашэнкі.

25 снежня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі распаўсюдзіла паведамленне пра віншаванне прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах. Пры гэтым, у паведамленні прыводзіцца ўсяго адзін сказ: «Жадаю Вам поспехаў, а брацкаму беларускаму народу – міру і квітнення». Навіну растыражавала БЕЛТА, якое таксама абмежавалася ўсё тым жа адным сказам. З сухога паведамлення абсалютна не зразумела, якім чынам было зроблена віншаванне – па тэлефоне, ці дасланае тэлеграмай.

У той самы дзень агенцтва «Русская служба новостей» спачатку абвергла прэс-службу Лукашэнкі пра атрыманае віншаванне, а потым апублікавала пацверджанне факту віншавання ад прэс-службы Мядзведзева.

А цяпер зазірнем на афіцыйны сайт кіраўніка Расіі, каб пашукаць тут інфармацыю пра віншаванне Лукашэнку. Апошнія з прэзідэнтаў, каму тэлефанаваў Дзмітрый Мядзведзеў, былі Нікаля Сарказаі ды Ільхам Аліеў. Было гэта 24 снежня. Калі верыць сайту Мядзведзева, па тэлефоне Аляксандра Рыгоравіча ён не віншаваў. А калі і віншаваў, то на сайце пра гэта ці забылі напісаць, ці можа пасаромеліся.

У раздзеле «віншаванні» апошняй, каго павіншаваў Мядзведзеў, значыцца артыстка тэатру і кіно Ірына Сакалова, якую прэзідэнт РФ павіншаваў 24 снежня. 25 снежня, згодна сайта, Мядзведзеў не віншаваў нікога. Тое самае віншаванне Сакаловай – апошняе сярод паведамленняў і ў раздзеле «тэлеграмы» (Значыць, не тэлеграмай было дасланае пажаданне «поспехаў, міру і квітнення»?). У раздзеле «вітанні» апошняе абнаўленне зроблена 17 снежня – прэзідэнт Мядзведзеў прывітаў удзельнікаў і гасцей Міжнароднай канферэнцыі «Свет без нацызму – глабальная задача ўсяго чалавецтва».

Няма ні слоўца пра віншаванне беларускаму калегу і ў раздзеле «Заявы па найважнейшых пытаннях».

Не сакрэт, што кіраўнік Расіі актыўна карыстаецца сацыяльнымі сеткамі. У прыватнасці, ён мае акаунт у твітэры. Але і там апошні допіс, зроблены 25 снежня, прысвечаны зусім не віншаванню афіцыйнаму Мінску. Няма віншавання і на блогу Мядзведзева ў ЖЖ. Калі віншаванне ўсё ж было, то чаго так саромеецца Дзмітрый Анатольвіч?

Нагадаем, што свае віншаванні на адрас афіцыйнага Мінска аднымі з першых даслалі кіраўнікі Арменіі, Грузіі, Венесуэлы, Індыі, Ірана, Казахстана, Кітая, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана. Кіраўнік Украіны Віктар Януковіч ад віншаванняў пакуль устрымаўся.

Свой вердыкт вынесла АБСЕ: Выбары ў Беларусі не былі ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?