У лістападзе на біржавым і пазабіржавым рынку купля валюты перавысіла продаж на $877 млн (супраць $521 млн у кастрычніку).

Апублікаваныя Нацбанкам Беларусі звесткі пра стан валютнага рынку краіны за 11 месяцаў наглядна патлумачылі, навошта крыху больш за два тыдні таму ў сховішчы НБ РБ былі распачатыя другія за ўсё прэзідэнцтва А. Лукашэнкі пасядзелкі на кучы залатых зліткаў.

Папулісцкае павышэнне заробкаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў вылезла ўладам бокам, балюча стукнуўшы па золатавалютных запасах краіны.
Надзеі на тое, што насельніцтва растраціць дадатак у крамах, не апраўдаліся.

У лістападзе 2010 чыстая купля насельніцтвам замежнай валюты (наяўнай і безнаяўнай) дасягнула $ 570,65 млн, павялічыўшыся ў 1,8 разу ў параўнанні з папярэднім месяцам.

У кастрычніку чысты попыт склаў $ 317,2 млн супраць $ 57,2 млн у верасні, $ 35 млн у жніўні, $ 60 млн у ліпені і $ 30,9 млн у чэрвені. У траўні чысты продаж замежнай валюты складаў $ 29,9 млн, у красавіку — $ 3,6 млн.

У прыватнасці ў лістападзе насельніцтва прадало $ 617,46 млн (на 2,9% больш, чым у лістападзе), купіўшы пры гэтым $ 1188,11 млн (на 29,5% больш, чым у папярэднім месяцы). У тым ліку продаж наяўнай валюты склаў $ 607,36 млн (на 2,7% больш), купля — $ 1051,65 млн (на 24,5% больш). Продаж і купля безнаяўнай валюты склалі адпаведна $ 10,1 млн (на 14,8% больш) і $ 136,46 млн (у 1,9 разу больш).

Такім чынам, чысты попыт па наяўнай валюце ў лістападзе склаў $ 444,28 млн (супраць $ 253 млн у кастрычніку), па безнаяўнай валюце — $ 126,37 млн (супраць $ 64,1 млн).

На безнаяўным рынку ў лістападзе 2010 чыстая купля валюты прадпрыемствамі — рэзідэнтамі краіны на Беларускай валютна-фондавай біржы перавысіла мільярд ($ 1002,83 млн), павялічыўшыся ў 1,5 разу ў параўнанні з кастрычнікам.

У прыватнасці, продаж валюты на БВФБ склаў $ 516,68 млн (на 11,2% менш, чым у кастрычніку). Куплена на біржы ў лістападзе валюты на $ 1519,5 млн, што на 21,6% больш, чым у папярэднім месяцы.

На пазабіржавым рынку ў лістападзе было прададзена $ 724,53 млн (на 14,1% менш, чым у кастрычніку), куплена — $ 598,37 млн (на 14,1% менш). У выніку чысты продаж валюты на пазабіржавым рынку склаў эквівалент $ 126.16 млн, што на 14% менш чым у кастрычніку.

Такім чынам, у цэлым у лістападзе на біржавым і пазабіржавым рынку купля валюты перавысіла продаж на $ 876,67 млн (супраць $ 521,1 млн у кастрычніку).

Варта адзначыць, што Нацбанк па выніках 11 месяцаў даў справаздачу аб зніжэнні ЗВР усяго на $ 142,8 млн па міжнародных стандартах. Аднак такое нязначнае зніжэнне ЗВР на фоне паўмільярднага сальда на рынку наяўнай валюты і амаль 900 млн на безнаяўным рынку дазваляюць выказаць здагадку, што

так званае зніжэнне было забяспечанае за кошт хітрыкаў адміністрацыйнага характару
(міжбанкаўскія кароткатэрміновыя крэдыты, свопы і іншыя аперацыі), якія дазваляюць нагнаць агульны аб’ём ЗВР на дату справаздачнасці для заспакаення ўсзваляванага чуткамі пра будучую дэвальвацыю насельніцтва і бізнэсу.

Паказ па замбаскрыні пасядзелак кіраўніка Нацбанка РБ Пятра Пракаповіча і А. Лукашэнкі на залатых злітках павінен быў ацверазіць насельніцтва «Ну і чаго тузаецца? Паглядзіце, колькі ў нас у засеках усякага дабра на чорны дзень».

У снежні насельніцтва, безумоўна, выдаткавала больш, у параўнанні з лістападам, грошай у крамах, закупляючыся да калядных і навагодніх святаў. Аднак абменнікі ўсё роўна заставаліся галоўнай мэтай для многіх грамадзян, якія атрымалі ў другой палове снежня чарговую порцыю «зайчыкаў» у выглядзе падвышаных і трынаццатых заробкаў. Статыстычныя дадзеныя за снежань будуць даступныя толькі ў студзені, у другой палове месяца. Толькі тады будзе зразумела, які ціск на ўнутраны валютны рынак зрабілі асобныя перадвыбарныя хады ўладаў.

Ёсць верагоднасць, што да гэтага часу сітуацыя на рынку можа змяніцца ў процілеглым кірунку — выбарчая напампоўка электарату грашыма канчаткова спустошыла беларускі бюджэт.
За тыдзень да заканчэння года бюджэтныя арганізацыі і ведамствы ўжо атрымалі паведамленне аб тым, што ў студзені з грашыма будзе вельмі дрэнна, аж да затрымак і нявыплаты заработнай платы.

А таму і застаецца надзея, што тады народ зноў пойдзе штурмаваць абменнікі, здаючы валюту. Але хутчэй навучаныя горкім вопытам грамадзяне краіны аддадуць перавагу таму, каб пераседзець некалькі тыдняў на бабах, чым здаць назад у банкі з такой цяжкасцю набытую валюту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?