Паказ новага фільма Андрэя Канчалоўскага «Шчаўкунок і Пацучыны кароль» у фармаце 3D адбыўся ў абноўленым мінскім кінатэатры «Цэнтральны» і ў новым 3D кінатэатры «Мір» у Брэсце.
Асноўная частка здымак праходзіла на працягу 15 тыдняў у новых павільёнах кінастудыі «Штэрн» непадалёк ад Будапешта (Венгрыя), а таксама на размешчанай блізу натурнай пляцоўцы, дзе мастак-пастаноўшчык Кевін Фіпс («V значыць вендэта», «Троя», «Браты па зброі») узнавіў атмасферу старой Вены. Значную ўвагу ён надаў фасадам будынкаў той эпохі і брукаваным вуліцам. Каб перадаць атмасферу «пацучынага» свету, дзённыя вулічныя сцэны здымаліся ноччу, што дазволіла атрымаць эфект «бясколернага дня».

Бюджэт гэтага міжнароднага праекта склаў 90 млн долараў, што амаль у два разы больш, чым бюджэт самага дарагога расійскага праекта 2010 года «Стомленыя сонцам — 2» (55 млн долараў).

Ідэю экранізацыі знакамітай казкі Гофмана Канчалоўскі выношваў больш за 40 гадоў. Саўндтрэкам да фільма стала класічная музыка з балета Пятра Чайкоўскага ў сучаснай апрацоўцы кампазітара Эдуарда Арцем’ева. На яе пакладзены і тэксты васьмі песень, напісаныя ўладальнікам «Оскара», папулярным англійскім паэтам і лібрэтыстам сэрам Цімам Райсам (рок-опера «Ісус Хрыстос — суперзорка», мультфільмы «Аладзін» і «Кароль Леў», мюзікл «Прыгажуня і Пачвара» і інш.).

Ролю Пацучынай каралевы агучыла Ала Пугачова, а Пацучынага караля — Філіп Кіркораў.

Ролю ж мамы герояў-дзетак і Снегавой феі выканала жонка Канчалоўскага Юлія Высоцкая. Дарэчы, яна вырасла ў Мінску, а як акторка ўзгадавалася ў Тэатры імя Янкі Купалы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?