50-гадовая жыхарка Шчучына размясціла ў інтэрнэце ўласныя фатаграфіі ў аголеным выглядзе, жадаючы такім чынам «знайсці годнага спадарожніка жыцця». На старонку звярнулі ўвагу праваахоўныя органы і распачалі крымінальную справу па факце распаўсюджвання парнаграфіі.

Як паведамляецца на сайце Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама, мінулым летам прадстаўніца прыгожага полу размясціла ў Сеціве фатаздымкі, «на якіх знаходзіліся ў касцюме Евы з староннімі прадметамі, перайшоўшы тым самым тонкую мяжу паміж эротыкай і парнаграфіяй».

Якія канкрэтна староннія прадметы выкарыстала жанчына, УУС не ўдакладняе. Праўда, у заяве робіцца тонкі намёк, што «ў працэсе жанчына відавочна перагнула палку», аднак ні фатаграфій жанчыны, ні нават фатаграфій «палкі» да тэксту не прыкладаецца.

Самі фота-і відэаматэрыялы былі вырабленыя жанчынай самастойна пры дапамозе мабільнага тэлефона. За кароткі час старонку жанчыны наведала парадку чатырохсот заінтрыгаваных карыстальнікаў.

Сярод наведнікаў аказаліся і супрацоўнікі беларускай міліцыі. Па факце была заведзена крымінальная справа па ч. 2 арт. 343 КК РБ «Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару з выкарыстаннем глабальнай сеткі Інтэрнэт».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?