Напярэдадні Новага года экс-кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук паведаміў, што з’яжджае за мяжу. 6 студзеня мы датэлефанаваліся да экс-кандыдата і даведаліся, што ў Еўропе ён усяго толькі зняў напружанне, якое назапасілася за апошні час.

«А змешваць асабістае жыццё з палітыкай і эканомікай не варта», — упэўнены Яраслаў Раманчук.

«Каму гэта цікава, дзе я быў? — здзіўляецца Яраслаў Раманчук. — Мае асабістыя планы ніякага дачынення да эканомікі і палітыкі не маюць. У Еўропе я зняў напружанне, якое назапасілася ў апошні час, не больш за тое».

Мы таксама пацікавіліся, як ідуць справы з Анатолем Лябедзька, які да гэтага часу знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ.

«У мяне няма прамой сувязі з прэзідэнтам, таму я магу толькі здагадвацца, што ўсё трывожна, — распавёў Яраслаў Раманчук.
 — Лічу, сітуацыя ў бліжэйшы час павінна абавязкова выправіцца, таму што ні АГП, ні Анатоль Лябедзька, ні тыя людзі, якія былі ў маёй кампаніі, не заслугоўваюць такога грознага абвінавачвання, якое да іх сёння прад’яўляецца. Я прапаную яшчэ крыху пачакаць і затым правесці незалежнае расследаванне ўсяго таго, што адбылося».

Па словах экс-кандыдата, увесь яго працоўны час сыходзіць на распрацоўку сістэмнай рэформы эканомікі і на фарміраванне дырэктывы, якая ў будучыні дазволіць Беларусі «палепшыць бізнес-клімат і дасць магчымасць патрапіць у трыццатку паспяховых краін».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?