Паводле інфармацыі кіргізскага выдання «Асман Прэс», беглы прэзідэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў, які летась атрымаў палітычны прытулак у Беларусі, дачакаўся ад Аляксандра Лукашэнкі яшчэ аднаго падарунка — працы.

Па звестках журналістаў, Лукашэнка прызначыў Бакіева дырэктарам аднаго з заводаў ваенна-прамысловага комплексу. Выданне не ўдакладняе крыніцы, з якіх паступіла такая інфармацыя, але называе навіну «абсалютна праўдзівай».

Аднак іншае агенцтва — «Азаттык» — абвяргае гэтую інфармацыю. Па звестках «Азаттык», Бакіеў зараз разам са сваёй сям’ёй пражывае ў Мінску і нічым не займаецца.

Неўзабаве пасля з’яўлення ў Беларусі, у траўні 2010 года, Курманбек Бакіеў наладзіў у Мінску прэсавую канферэнцыю, на якой заявіў, што зоймецца бізнэсам. Меркавалася, што ён адкрые завод па выпуску цацак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?