Старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек выступіў зь ініцыятывай байкоту беларускіх спартоўцаў на міжнароднай арэне. Падчас дыскусіі па Беларусі на паседжанні ў Брусэлі еўрачыноўнік падкрэсліў, што дзеля дэмакратызацыі Беларусі ўсе сродкі прымальныя. Як на такую перспектыву рэагуюць беларускія спартоўцы?

Ежы Бузек прапанаваў выключыць Беларусь з міжнародных спартыўных мерапрыемстваў, уключна з Алімпійскімі гульнямі і Кубкамі свету. З улікам, што кіраўніцтва краіны ўсё больш падкрэслівае свой спартовы ўхіл, а Аляксандар Лукашэнка вось ужо паўтара дзясятка гадоў узначальвае Нацыянальны алімпійскі камітэт, удар па самалюбству можа быць надзвычай адчувальны.

Цяпер Беларусь актыўна рыхтуецца прыняць 78-ы па ліку чэмпіянат свету ў хакеі. Анансуецца, што ў 2014 годзе Мінск стане сапраўднай хакейнай сталіцай, а ўзроўнем арганізацыі гаспадары збіраюцца зацьміць усе ранейшыя форумы. Па колькасці лядовых палацаў краіна сапраўды прэтэндуе на еўрапейскае першынство, аднак пры цяперашняй палітычнай сітуацыі ўсе намаганьні могуць пайсці ў пясок.

Міжнародны грасмайстар, адзін з найлепшых савецкіх і беларускіх шахматыстаў Віктар Купрэйчык з разуменнем ставіцца да неабходнасці ўплываць на цяперашнія ўлады праз ужываньне санкцый — у тым ліку і ў спорце. Але лічыць, што нельга змешваць у адзін кацёл усе спаборніцтвы: «Санкцыі, канечне, патрэбныя, без пытанняў. Але што тычыцца спорту, то, агульнымі словамі, ён усё ж лічыцца па-за палітыкай. Праўда, калі ўзяць з гісторыі, мы ж ведаем: у 1980-х быў байкот Алімпіядаў, двухбаковы. І ў нашых умовах гэта будзе крок можа нават звышрадыкальны, хоць у такой сытуацыі нічога выключаць нельга. Таму калі выбіраць, то забарона на Алімпіяду — гэта, канечне, занадта. І тыя ж спартоўцы ў любым выпадку не звязаныя з падзеямі ў Мінску.

А вось калі ўзяць чэмпіянат свету па хакеі, то прывязку знайсьці можна. Гэта ўжо іншая справа: што хацелі — тое і маем. Нехта не хоча такой развязкі, а нехта ж упарта гэтага дамагаецца, і вы ведаеце хто. То бок,

ад Алімпіяды, лічу, адлучаць нельга. Быў байкот Масквы, быў байкот Лос-Анджэлеса, хопіць. Усё ж ідэя Міжнароднага алімпійскага камітэта — аб’яднаньне кантынентаў, краінаў. А вось на лакальным узроўні такое дапушчальна, на мой погляд. Адмяніць для пачатку калядны турнір на прызы прэзідэнта — і ўсё ў парадку будзе
…"

Адзін з найбольш пазнавальных беларускіх хакеістаў за мяжой — Уладзімір Копаць, аўтар пераможнай шайбы ў матчы са зборнай Швецыі, якая дазволіла камандзе Беларусі заняць 4-е месца на Алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці лічыць, што ў ХХІ стагоддзі ніяк не выпадае вырашаць палітычныя пытаньні праз спорт: «Чапаць хакейны чэмпіянат свету, замахвацца на тое, што Беларусь чакала столькі гадоў, гэта будзе проста нонсэнс.

Спадзяюся, што ўсё ж на чале такіх структураў сядзяць і прымаюць рашэньні людзі, якія мысляць цвяроза. А калі так, то да гэтага не дойдзе».

Прызёр Алімпійскіх гульняў, фрыстайліст Дзмітрый Дашчынскі гэтаксама мяркуе, што

спартоўцы могуць пацярпець незаслужана — застаўшыся толькі ў беларускай «абалонцы», атлеты папросту дэградуюць
. Па яго словах, прэтэнзіі да ўладаў мусяць прад’яўляцца на палітычным узроўні: «Краем вуха чуў, што нас плануюць абмежаваць ледзьве не ва ўсіх перасоўваннях. Але не думаю, што гэта дасць хоць нейкі эфект. Абмежаванні — не выйсце, зараз наадварот, людзям трэба даваць як мага больш свабоды. Я разумею, калі ў еўрапейскіх структураў ёсць незадавальненне ўладамі, аднак яны самі мусяць вырашаць гэтыя пытанні. Прычым тут звычайныя людзі, спартоўцы, якія ў бальшыні сваёй ніякіх адносінаў да палітыкі не маюць?

А датычна спорту будзе ўдар вельмі сур’ёзны. Таму што спорт развіваецца толькі дзякуючы канкурэнцыі, удзелу ў міжнародных спаборніцтвах».

Шанцаў на тое, што Беларусь пазбавіцца міжнародных кантактаў у спорце, няшмат.

Прадстаўнікі практычна ўсіх адыёзных рэжымаў — ад Паўночнай Карэі да Кубы — нягледзячы на эканамічныя і палітычныя санкцыі ў адносінах да дыктатараў і іх атачэння, не пазбаўленыя магчымасці выступаць на важнейшых ўсясветных спаборніцтвах.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?