Мінюст выявіў шэраг СМІ, якія «скажаюць прадстаўленую адвакатамі арыштаваных кандыдатаў інфармацыю».

«У апошні час у асобных сродках масавай інфармацыі са спасылкай на адвакатаў з’явіліся публікацыі, у якіх у скажоным святле падаецца інфармацыя аб рэалізацыі падабароннымі правоў на юрыдычную дапамогу, тэндэнцыйна ацэньваецца праца праваахоўных органаў краіны», — гаворыцца на сайце Мінюсту. — «Праведзены Міністэрствам юстыцыі аналіз працы канкрэтных адвакатаў сведчыць, што СМІ груба скажаюць прадстаўленую адвакатамі інфармацыю, тэндэнцыйна падаюць інфармацыю, наўмысна яе скажаючы, фармуючы ў грамадстве негатыўнае стаўленне да органаў дзяржаўнай улады і праваахоўнай сістэмы. Пры гэтым, некаторыя адвакаты наогул адмаўляюць факты зносін з журналістамі па пытаннях ажыццяўлення абароны і накіравалі адпаведныя абвяржэнні ў СМІ».

Паводле Мінюста, гэтая сітуацыя была разгледжаная на пасяджэннях прэзідыумаў Рэспубліканскай і Мінскай гарадской калегій адвакатаў. Вынікам абмеркавання стала асуджэнне тэндэнцыйнай інфармацыі ў СМІ.

Далейшы лёс СМІ, што публікавалі інфармацыю адвакатаў, вырашыць Міністэрства інфармацыі, якое па факце парушэння асобнымі СМІ Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» атрымала адпаведнае прадстаўленне ад Міністэрства юстыцыі.

Нагадаем, што ў шэрагу рэдакцый незалежных СМІ пасля падзей 19 снежня прайшлі ператрусы. З офісаў «Еўрапейскага радыё для Беларусі», «Нашай Нівы», «Борисовских новостей» была вынесеная аргтэхніка. Таксама аргтэхніку апісалі ў шэрагу незалежных журналістаў і рэдактараў выданняў. 11 студзеня Рэспубліканская камісія па тэлебачанні і радыёвяшчанні анулявала права fm-станцыі «Аўтарадыё» на наземнае эфірнае радыёвяшчанне ў сувязі з невыкананнем ёй «творчай канцэпцыі і распаўсюджваннем у эфіры інфармацыі, якая змяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?