Еўропа ўзгадала пра санкцыі на беларускіх экспарцёраў зброі.

Найбольш рэальным відам эканамічных санкцый выглядае эмбарга на экспарт беларускай зброі. Гаворка вядзецца пра дзейнасць кампаній «Белтэхэкспарт» і «Белзнешпрамсэрвіс». Даходы ад іх, на думку еўрапейскіх экспертаў, могуць пералічвацца на асабістыя рахункі беларускіх чыноўнікаў.

Апошні еўрапейскі кліент — Славакія

На «Белзнешпрамсэрвіс» ў 2004 годзе ўжо накладаліся санкцыі. Тады ЗША абвінавацілі 14 арганізацый па ўсім свеце ў незаконным продажы зброі Ірану і наклалі двухгадовую забарону на гандаль з гэтымі суб’ектамі. Санкцыі накладаліся не на краіну, а менавіта на канкрэтную кампанію.

Тым не менш, продаж беларускай зброі працягваўся. Інфармацыю пра кантракты на пастаўкі зброі збіраюць некалькі арганізацый, у тым ліку ААН (з 2001 года) і Стакгольмскі міжнародны інстытут даследавання праблем міру.

Апошнія гады не надта прыбытковыя для беларускіх прадаўцоў зброі.

У 2009 годзе кліентамі беларускіх кампаній былі Судан, які купіў тры штурмавікі Су-5, Уганда, якая атрымала 23 танкі Т-55, і Азербайджан. Каўказцаў зацікавілі штурмавікі і гаўбіцы.

У 2008-м сярод кліентаў заўважаныя Сірыя, Расія і ўсё тыя ж Азербайджан і Судан.

У 2007 годзе ўдалося атрымаць грошы з Арменіі, Эрытрэі і Судана. Як бачна, ніводнай еўрапейскай краіны ў пераліку няма.

Апошняя пакупка такога кшталту прыходзіцца на 2005 год — тады Славакія набыла два ваенна-транспартныя верталёты Мі-8.

Няўлічанае Перу

Мяркуецца, што найбольш прыбытковым для Беларусі быў перыяд з 1992-га па 2001 год, які не адсочваўся статыстыкай ААН. Па падліках даследчай службы кангрэса ЗША, толькі за 1998—2001 гг. Беларусь прадала зброі на $1 мільярд і займала 11-е месца ў свеце. Самым актыўным пакупніком тады выступала Перу. Туды прадавалі зброю і тэхніку, якая засталася на тэрыторыі Беларусі з савецкіх часоў.

Патэнцыйны ісландскі аблом

Санкцыі маглі б прайсці міма Беларусі незаўважна, калі б не патэнцыйны кантракт, інфармацыя пра які з’явілася ў верасні мінулага года. Прыватная кампанія ECA Program заключыла з «Белтэхэкспартам» дамову на пастаўку 15 самалётаў Су-27. Кошт пастаўкі ацэньваўся ў $1,5 мільярда. Кампанія вяла перамовы аб арэндзе ў Ісландыі закансерваванай авіябазы ў Кефлавіку, каб выкарыстаць яе для трэніровак ВПС розных краін. Разглядалася магчымасць у будучым набыць у Беларусі яшчэ 18 такіх самых самалётаў.

Ісландыя актыўна збліжаецца з ЕС, таму, не выключана, можа далучыцца да агульных санкцый.

Але Еўрасаюз не можа ўплываць на афрыканскія краіны, найбольш зацікаўленыя ў беларускай зброі. Магчыма, грошы давядзецца перадаваць праз іншую валюту, а не даляр ці еўра, і праз іншыя банкі, а не еўрапейскія і амерыканскія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?