Рашэньне аб апякунстве над трохгадовым Данілам — сынам зьняволеных у СІЗА КДБ экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Андрэя Саньнікава і журналісткі Ірыны Халіп — яшчэ не прынята.

Пра гэта паведаміла «Свабодзе» бабуля хлопчыка Люцына Халіп:

«Гэтае пытаньне будзе вырашацца на паседжаньні адміністрацыі Партызанскага раёну. Я ўжо размаўляла з загадчыцай аддзелу народнай асьветы. Яны яшчэ павінны зрабіць нейкія свае дакумэнты. Потым гэта будзе пададзена на разгляд адміністрацыі, якая прымае рашэньне. Яны мяне супакойваюць, што ўсё будзе добра».

Дагэтуль у СМІ зьявілася інфармацыя пра тое, што апекуном прызначана бабуля хлопчыка Люцына Халіп.

У адміністрацыі абяцаюць, што ўсе неабходныя фармальнасьці па разглядзе заявы бабулі аб апякунстве, якую яна напісала 24 сьнежня 2010 году, будуць выкананыя ў тэрмін. А ён мінае празь месяц ад дня падачы заявы,

гэта значыць 24 студзеня.

Бацькоў Даніка затрымалі ў Менску вечарам 19 сьнежня пасьля масавай акцыі пратэсту. Ім выставілі абвінавачаньне ў рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Андрэю Саньнікаву і Ірыне Халіп пагражаюць працяглыя тэрміны зьняволеньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?