22 асобы затрымана на падыходах да будынку КДБ. Каля 50 чалавек паставілі свечкі на пл. Незалежнасці.

Дар'я Корсак з партрэтам мужа Аляксандра Атрошчанкава.

Дар'я Корсак з партрэтам мужа Аляксандра Атрошчанкава.

Удзельнікам акцыі пагражаў асабіста нам.начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Максім Грышчанка.

Удзельнікам акцыі пагражаў асабіста нам.начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Максім Грышчанка.

Праз лічаныя хвіліны партрэт вырвалі з рук людзі ў цывільным.

Праз лічаныя хвіліны партрэт вырвалі з рук людзі ў цывільным.

Журналістам перашкаджалі працаваць людзі ў спартовай вопратцы.

Журналістам перашкаджалі працаваць людзі ў спартовай вопратцы.

Перадае радыё «Свабода»:
20:35 Чалавек, які маліўся за Статкевіча і паставіў ягоны партрэт каля помніка — былы палітвязень Валер Сядоў, які ня раз ладзіў пэрформансы (прыносіў ватоўку да помніка Леніну і г.д.). Пасьля таго, як спадар Сядоў крыху адышоў ад помніка арханёлу Міхаілу, яго затрымалі. Партрэт Статкевіча таксама выхапілі людзі ў чорным.

20:10 Каля Чырвонага касьцёлу зараз знаходзяцца каля трох дзясяткаў людзей, яны сьпяваюць «Магутны Божа». Прыйшоў сталы чалавек з партрэтам Міколы Статкевіча, прачытаў малітву.

19:45 Да касьцёлу працягваюць ісьці людзі, ідуць сем’ямі, ставяць сьвечкі. Заходзяць у касьцёл, ідзе праходзіць імша.

19:30 Каля Чырвонага касьцёлу, ля скульптуры арханёла Міхаіла, людзі ставяць сьвечкі. Тут на гэтыя хвіліны прыкладна паўсотні сьвечак. Прысутныя распавядаюць, што ім не далі далучыцца да акцыі салідарнасьці ля будынку КДБ, адбіралі партрэты палітзьняволеных па дарозе. Таму яны пайшлі да Чырвонага касьцёлу. Спачатку хацелі паставіць сьвечкі да прыступак Дому ўраду, але туды іх не дапусьцілі шэрагі людзей у чорным, якіх каля будынку вялікая колькасьць.

Ад КДБ перадаюць рэпарцёры "Нашай Нівы":

19:10

Акцыя каля КДБ скончылася.

18:57

Людзі паціху разыходзяцца. Ля будынка КДБ застаюцца толькі супрацоўнікі спецслужбаў і вайскоўцы.

18:46

Затрыманы актор Свабоднага тэатра Мікіта Валодзька, які паўгадзінай раней спрабаваў паставіць свечку ля будынка КДБ.

18:35

Машыну, якой ад’язджала з акцыі Дар’я Корсак, заблакавалі на вуліцы Валадарскага.

Падышоў даішнік і спрабаваў прымусіць кіроўцу выйсці з машыны, каб людзі ў цывільным забралі Дар’ю.

Але хуценька падбеглі журналісты і фотакоры — і людзі ў цывільным схаваліся ў свой мікрааўтобус, а даішнік таксама збег. Машына адбіта. Дар’я ў атачэнні журналістаў ідзе да метро.

18:26

Як паведамілі відавочцы, толькі што на вуліцы Камсамольскай двое супрацоўнікаў у цывільным затрымалі высокага хлопца ў светлай куртцы з капюшонам. Скруцілі і запхнулі ў машыну.

18:25

Журналіста «Свабоды» Алега Груздзіловіча адпусцілі, папярэдне сцёршы відэа.

18:23

Бацька Насты Палажанкі Уладзімір Міхайлавіч распавёў, што атрымаў сёння ад дачкі ліст. Ліст напісаны на аркушы фармату а4, напісаны рукой дачкі, кажа Уладзімір Міхайлавіч.

Ліст вельмі бадзёры, Наста дзякуе ўсім за перадачы і паштоўкі, піша, што трымаецца добра, і просіць лічыць яе ў далёкатэрміновым адпачынку ў далёкай краіне.

18:22

Колькасць тых, каму ўдалося прабіцца да будынка КДБ вырасла да 10 чалавек. Частка трымае партрэты вязняў амерыканкі.

Дар’я Корсак (жонка А. Атрошчанкава) падышла са знічкай і партрэтам мужа да края праезжай часткі. Яе атачылі чатыры чалавекі ў цывільным.

18:15

Падышоў да будынка КДБ яшчэ адзін чалавек (пазней высветлілася, што гэта актор Свабоднага тэатра Мікіта Валадзько), які запаліў свечку, адразу пасля гэтага, да яго падышлі два супрацоўнікі КДБ.

Адзін вырваў свечку, а калі малады чалавек паспрабаваў вярнуць свечку, то супрацоўнік КДБ сказаў, што ў хлопца ёсць адна хвіліна, каб сысці адсюль, бо інакш ягоныя акуляры разляцяцца на дробныя кавалкі.

18:00

Пакуль перад будынкам КДБ сабралася каля двух дзясяткаў журналістаў і пакуль адна ўдзельніца акцыі — Дар’я Корсак, жонка арыштаванага Аляксандра Атрошчанкава. Яна трымае ў руках партрэт мужа. Супрацоўнікі спецслужбаў затрымліваюць меркаваных удзельнікаў акцыі на падыходах (каля гатэля «Мінск» і Макдональдса).

Вельмі шмат людзей у цывільным, шмат людзей у вайсковай форме без надпісаў на спінах і бэджаў.

Затраманы журналіст радыё «Свабода» Алег Груздзіловіч, яго павялі ў будынак КДБ.

Дар’я Корсак кажа, што не баіцца быць затрыманай, бо максімум, што ёй пагражае, гэта 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

«Гэта нішто, ў параўнанні з 15 гадамі, што пагражаюць майму мужу».

Супрацоўнікі КДБ паводзяць вельмі нервова, пагражаюць журналістам, што калі яны не будуць трымаць навідавоку акрэдытацыю, то ім пагражае затрыманне.

Нагадаем, месяц таму, 19–20 снежня былі арыштаваныя сем кандыдатаў у прэзідэнты, шэраг іх прадстаўнікоў і журналістаў. Гэта стала стартам для беспрэцэдэнтнай кампаніі рэпрэсій супраць палітычнай апазіцыі. У краіне прайшлі сотні ператрусаў і затрыманняў, а лукашэнкаўскія СМІ развязалі паклёпніцкую кампанію. На думку міністраў замежных спраў краін ЕС, гэта было выклікана тым, што Лукашэнка ў сапраўднасці не выйграў выбараў і таму хоча знішчыць палітычных апанентаў.

***

Нагадаем, што ў арганізацыі масавых беспарадкаў абвінавачваюцца 32 чалавекі, 28 з іх утрымліваюцца пад вартай (з іх чатыры кандыдаты ў прэзідэнты — Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Алесь Міхалевіч і Мікалай Статкевіч, Віталь Рымашэўскі быў выпушчаны з СІЗА 1 студзеня і знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе),

4 — пад падпіскай аб нявыездзе. З 16 падазраваных 5 знаходзяцца пад вартай, 9 — пад падпіскай аб нявыездзе, 2 — знаходзяцца за межамі краіны.

Акрамя гэтага, двум асобам, затрыманым 18 снежня, прад’яўленае абвінавачваньне ў асабліва злосным хуліганстве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?