2 лютага тэхнічнаму інспектару БКДП, актывісту Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ) Уладзіміру Лазоўскаму патэлефанавалі з КДБ і папрасілі тэрмінова пад’ехаць дадому. Сказалі, што ў яго ў кватэры неабходна правесці ператрус.
Уладзімір Лазоўскі паведаміў, што ператрус доўжыўся прыкладна паўтары гадзіны, праводзілі яго трое супрацоўнікаў КДБ.
У выніку ператрусу ў прафсаюзнага актывіста канфіскавалі некалькі дыскаў.
— Ператрус праводзілі ў рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Тэхнікі ніякай у мяне дома няма. Таму забралі тры старых дыскі. Адзін з песнямі, на іншых — старыя кампутарныя праграмы, — расказаў Уладзімір Лазоўскі.
Па словах прававога інспектара прафцэнтра, супрацоўнікі КДБ цікавіліся ў тым ліку і дзейнасцю незалежных прафсаюзаў, у прыватнасці СПМ. Аднак Уладзімір Лазоўскі заявіў, што прафсаюз ніякага дачынення да справы аб масавых беспарадках не мае.
— Іх цікавіла ўсё, што можа быць звязана з апошнімі выбарамі, а таксама дзейнасць прафсаюзаў і АДС. Паводзілі сябе карэктна, — дадаў Уладзімір Лазоўскі.





