Праваабаронцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый заклікалі ўлады Беларусі, Егіпта і Туніса не заглушаць галасоў тых, хто заклікае да пераменаў, паведамляе Цэнтр навін ААН.

Нядаўнія падзеі ў некалькіх краінах свету адлюстроўваюць расчараванне многіх людзей, чые галасы не заўважаюцца або ігнаруюцца іх ўладамі, заявіла група спецыяльных дакладчыкаў і экспертаў ААН па правах чалавека. «За апошнія некалькі тыдняў людзі ў многіх краінах, у тым ліку ў Беларусі, Егіпце і Тунісе, выказвалі незадаволенасць, у тым ліку з нагоды недахопу працоўных месцаў і парушэнняў права на адэкватныя стандарты жыцця», — гаворыцца ў заяве экспертаў ААН.

Праваабаронцы адзначаюць, што дэманстранты ў гэтых краінах абураліся таксама з нагоды адмовы ім у праве рэальна ўдзельнічаць у прыняцці важных рашэнняў, і гэта яшчэ раз пацвярджае непадзельнасць ўсіх правоў чалавека: грамадзянскіх, культурных, эканамічных, палітычных і сацыяльных.

«Мы занепакоеныя ростам абмежаванняў права на свабоду выказвання меркаванняў і інфармацыю, якія ўводзяцца ўладамі, якія актыўна спрабуюць заглушыць галасы тых, хто жадаюць быць пачутымі», — падкрэслілі эксперты.
Яны выказалі сур’ёзную занепакоенасць з нагоды арыштаў удзельнікаў дэманстрацыяў, журналістаў, праваабаронцаў і адвакатаў, а таксама перашкодаў у працы СМІ.

«Свабода мірных сходаў і асацыяцый — фундаментальныя правы ў дэмакратычным грамадстве», — гаворыць заява. Прадстаўнікі ААН рашуча асудзілі акты гвалту, якія прывялі да гібелі і ранення людзей. Яны падкрэслілі, што некаторыя з гэтых трагедый сталі вынікам празмернага прымянення сілы супраць мірных дэманстрантаў.

Паклікаўшы ўлады выконваць міжнародныя стандарты, у тым ліку тыя, якія тычацца прынцыпаў ужыцця сілы і выкарыстання зброі сілавікамі, эксперты падкрэслілі важнасць правядзення дбайнага расследавання ўсіх выпадкаў гібелі і раненні дэманстрантаў.

Праваабаронцы адзначылі, што цяперашнія ўзрушэнні ў свеце яшчэ раз пацвердзілі: нельга ігнараваць прычыны, якія прымушаюць людзей пратэставаць. Эксперты ААН заклікалі да эфектыўных нацыянальных і міжнародных мер, якія забяспечваюць мірныя шляхі рэалізацыі спадзяванняў народа, у тым ліку звязаных з іх эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі правамі.

З заявай выступілі сем праваабаронцаў ААН:
незалежны эксперт па пытанні аб правах чалавека і крайняй галечы, спецыяльны дакладчык па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне, спецыяльны дакладчык па пытанні аб праваабаронцах, спецыяльны дакладчык па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў, спецыяльны дакладчык па катаваннях, спецыяльны дакладчык па пытанні аб пазасудовых пакараннях смерцю і старшыня працоўнай групы па адвольных затрыманнях.

10 студзеня і 1 лютага генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун заклікаў беларускія ўлады вызваліць журналістаў, кандыдатаў у прэзідэнты ад апазіцыі і іх прыхільнікаў, якія былі арыштаваныя пасля снежаньскіх прэзідэнцкіх выбараў у краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?