Вось і адбыліся ці не самыя сумныя прэзідэнцкія выбары ў нашай гаротнай рэспубліцы. Хачу адразу ж павіншаваць усіх былых кандыдатаў з Новым годам і вялікім святам — Раством Хрыстовым! Жадаю хутчэй паправіцца, а галоўнае — вырвацца на волю са следчага ізалятара Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Бо адтуль у свой час не ўсім шчасціла не толькі выйсці, але і застацца ў жывых…

Адразу ж хачу іх папрасіць, каб яны не трымалі ў душы злосці на Аляксандра Рыгоравіча, бо ён у свой час, асабліва ў першыя гады прэзідэнцтва, многа зрабіў карыснага для нашай рэспублікі і ўсіх беларусаў. Тады ён працаваў на сваё імя, а цяпер, пасля шаснаццаці гадоў кіравання, ужо імя працуе на яго.

І не трэба моцна крыўдаваць на спадарыню Ярмошыну. Яна вельмі прыгожая і прывабная жанчына… І я асабліва вельмі люблю слухаць, як яна хораша выступае. Калі штосьці крыху і зманіць, то гэта не вельмі і кідаецца ў вочы, бо яна ў гэтай справе мае вялікі вопыт, дапусцім, прыпісала яна там нейкіх трыццаць, а то і больш працэнтаў Аляксандру Рыгоравічу. Ну і што?! Паверце мне — ён іх заслужыў сваёй тытанічнай, нервовай, напружанай працай і спартыўнымі дасягненнямі.

Памылкі ў яго ёсць, гэта факт. І што цікава, чым больш ён пры ўладзе, тым большая іх колькасць. А ў каго іх няма? Не буду іх пералічваць. Аляксандр Рыгоравіч і сам добра разумее, што на дварэ даўно іншае надвор’е… Жыццё імкліва мяняецца. Маладыя таленавітыя людзі з новымі ідэямі кіравання дзяржавай грукаюць у дзверы прэзідэнцкага кабінета. Але там глуха, як у танку. Прэзідэнт упарта трымаецца за састарэлыя сацыялістычныя метады кіраўніцтва.

І ўдзельнічае кожны раз у выбарах, нібы па інерцыі… Бо добра разумее, што калі не стане прэзідэнтам, то можа імгненна апынуцца ў тым самым следчым ізалятары, дзе цяпер знаходзіцца большасць былых кандыдатаў у прэзідэнты. Давайце дамо яму спачатку спакойна дапрацаваць да пенсіі. А там будзе відаць…

Бо яму, як ён не раз сам казаў, трэба яшчэ паставіць на ногі малога хлопчыка, якога ці не ўсынавіў, бо пра ягоную маці звестак няма…

Дрэнна толькі тое, што ён усюды цягае яго за сабою і ўбіў у вушы, што той абавязкова стане прэзідэнтам. Практычна таго не жадаючы, парушыў псіхіку гэтага малога. Так, пойдзе той у гімназію, а там настаўніцы са скуры будуць лезці адна перад адной, каб паставіць яму дзясятку з трыма плюсамі. А за акном хлопчыка будзе чакаць узмоцненая варта з браніраваным «Мерседэсам».

Трэба і гэта мець на ўвазе ўсім нам і асабліва былым кандыдатам у прэзідэнты.

А яшчэ самая вялікая заслуга Аляксандра Рыгоравіча ў тым, што яму ўдалося стварыць моцны таталітарны рэжым і стаць апошнім дыктатарам у Еўропе. Дзякуючы гэтаму імідж нашай краіны падняўся, да нас едуць і пішуць пра Беларусь сотні замежных карэспандэнтаў. Бо ім цікава, што беларусам такі рэжым падабаецца. А багатыя людзі з Захаду не баяцца ўкладваць свае сродкі ў эканоміку нашу, бо добра ведаюць: калі «бацька» даў згоду, то так яно і будзе.

Беларусы спрадвеку прывыклі жыць пад прымусам. І калі даць поўную свабоду, то яшчэ невядома, што і будзе. Вось Усявышні і паслаў нам такога кіраўніка, якога мы заслугоўваем.

І тут я хачу кінуць папрок нашым народным выбраннікам — дэпутатам, Аляксандр Рыгоравіч хаця і зрабіў іх «кішэннымі», як кажуць у народзе, але ж «пожаловал», так сказаць, вялізныя грашовыя аклады, а якія пенсіі іх пасля чакаюць!.. Яны і ў сне пра такія не марылі. А вось ад іх Аляксандр Рыгоравіч ніякай удзячнасці так і не дачакаўся.

Няўжо мне, лічы жабраку, бо два гады без працы, які ў свой час скончыў толькі пяць класаў вышэйшай горнай школы ў Санкт-Пецярбургу і за вальнадумства пасля заканчэння быў высланы ажно на пяць гадоў на Чукотку «для просветления мозгов», як сказаў мне калісьці палкоўнік КГБ, трэба даваць параду, што зрабіць?

То яна будзе такая. Уручыць Аляксандру Рыгоравічу залатую зорку Героя Беларусі з прысваеннем воінскага звання маршала. Перайменаваць праспект Незалежнасці ў праспект імя Лукашэнкі, устанавіць у Шклове бронзавы бюст больш за пяць метраў.

А яшчэ ўсім кіраўнікам розных рангаў вельмі даспадобы прыйшлася любімая прымаўка Аляксандра Рыгоравіча: «Урэжу так, што мала не пакажацца!» Нават мой былы начальнік кар’ера Валерый Іванавіч вельмі любіў яе паўтараць. І ведаеце — дапамагаюць гэтыя простыя словы ў выкананні амаль усіх паказчыкаў у прамысловасці. Міністры і чыноўнікі на высокіх нарадах трасуцца, як тыя асінавыя лісточкі, бо так і павінна быць!

І яшчэ хачу наастатак супакоіць наконт будучых прэзідэнцкіх выбараў. Удзельнічаць у іх не трэба, бо толькі дарэмна будуць патрачаны нервы і грашовыя сродкі, а збітыя ўшчэнт кандыдаты зноўку апынуцца ў ізалятары…

Чакаць давядзецца ажно да 2030 года! Вось так, шаноўнае спадарства! Чаму? Вось зараз пра гэта вам і раскажу. У мінулым годзе, дзесьці так у канцы верасня, вяртаўся я на сваім «Турысце» з Жыровіцкага манастыра. І так атрымалася, што давялося мне пад самы вечар дапамагчы адной бабульцы прывезці ажно дваццаць мяшкоў бульбы з яе поля. Пакуль управіўся, сцямнела. Застаўся ў яе начаваць, бо да Мінска было яшчэ больш за сто кіламетраў. І вось пасля вячэры ўбачыў я ў яе дзіўную рэч. На тумбачцы, у самым куце, стаяў крыху прыкрыты ручніком велікаваты шкляны шар, падобны да школьнага глобуса.

Бабуля мне паведаміла, што гледзячы на яго, яна можа прадказаць будучыню любога чалавека. Даведацца пра свой лёс мне было боязна, таму я адразу ж сказаў: «Давайце лепш пра нашага кіраўніка дзяржавы».

«Пра Лукашэнку? Зараз будзеш усё ведаць», — адказала бабуля.

Яна паставіла шкляны шар на стол і прынесла дзве свечкі. Потым іх запаліла і выключыла святло. Папярэдзіла мяне, каб сядзеў ціха і не варушыўся. Потым хвілін пяць моўчкі ўглядалася ў шар і нечакана ціха прамовіла: «Выбары будуць у канцы гэтага года, дзесьці ў снежні. Лукашэнка іх выйграе, апярэдзіўшы ажно дзевяць кандыдатаў. У пятнаццатым годзе зноўку пераможа, і нават у дваццатым».

«Не можа быць!» — не вытрымаўшы, ускрыкнуў я.

«Не перабівай! А ў дваццаць пятым пераможа ягоны старэйшы сын, але пратрымаецца толькі адзін тэрмін. І толькі ў трыццатым пераможа нейкі…»

Тут бабуля запнулася, а пасля працягвала: «Сіверны, ці які… Не магу прозвішча разабраць».

«Можа, Севярынец?»- падказаў я.

«Во-во! Севярынец!» — узрадавана адказала бабуля і працягвала: «А Лукашэнка трапіць адразу ж за краты. Толькі доўга не прабудзе, бо пападзе пад амністыю па ўзросце».

«Атрымліваецца, нам яшчэ дваццаць гадоў век волі не відаць?! Не можа быць такога!»

«Шар мой мяне ніколі не падманваў», — спакойна адказала бабуля. Потым патушыла свечкі і ўключыла святло.

Мы крыху паразмаўлялі, і я ўладкаваўся на канапе, але сон не браў. Толькі пад раніцу крыху задрамаў. А раніцой выпіў толькі кубак гарбаты і выправіўся ў дарогу. Круціў педалі, а самота ўсё мацней і мацней вярэдзіла душу і сэрца. Усё падлічваў — ці дасць мне Усявышні дажыць да тых светлых дзён, калі прэзідэнтам стане Павел Севярынец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?