Людзі скупляюць калекцыйныя машынкі, самалёцікі ды камяні.

Ледзь не кожны гараджанін хоць аднойчы пачынаў збіраць калекцыю з пранумараваных пазнавальных часопісаў, якія прадаюцца ў кожным шапіку. «100 чалавек, якія змянілі хаду гісторыі», «Жывёлы нашай планеты», «Цела чалавека»… — выбар ёсць на любы густ. Цяжка ўявіць, што яшчэ пару гадоў таму такіх брашур не было ў продажы. Як калекцыйныя часопісы сталі сапраўднай сацыяльнай з’явай у Беларусі?

Італьянская мода

Мода на збіральніцтва прыйшла ў нашу краіну з суседняй Расіі з затрымкай у некалькі гадоў. Пачынальніцай ідэі лічыцца Італія. Лагічна, што фактычным манапалістам на рынку пазнавальных часопісаў з’яўляецца італьянскае выдавецтва ДэАгастыні (DeAgostini). Свае першыя міні-энцыклапедыі яно стала выдаваць 50 гадоў таму, а ў 2004 годзе выйшла на расійскамоўны рынак — Расію, Украіну, Беларусь і Казахстан.

Галоўнае — зацягнуць

Прынцып кожнай серыі аднолькавы. У продажы з’яўляецца першы нумар калекцыі па дэмпінгавым кошце. Напрыклад, дыск з відэападарожжам па Парыжы за 4900 беларускіх рублёў. Ці дзве брашуры пра Пятра І і Тараса Шаўчэнку (рэверанс у бок украінскага рынку) за — смешна сказаць! — 1900 рублёў. А першы том у серыі «Вялікія мастакі» ўвогуле выдаваўся бясплатна пры куплі свежага нумара «Комсомольской правды». Галоўнае — прымусіць людзей купіць танны першы выпуск. Да другога нумара можна прыкласці (зноў амаль бясплатна) спецыяльную папку для калекцыянавання… А пасля можна ўсталёўваць любую цану і збіраць грошы. Спакуса працягнуць збіральніцтва ох якая вялікая! Свежы нумар выходзіць звычайна раз на тыдзень ці двойчы на месяц. Агульныя выдаткі на адну калекцыю за месяц не перавышаюць 30 тысяч рублёў.

Прыгоды калекцый у Беларусі

Першай папулярнай серыяй на тэрыторыі Беларусі стала калекцыя з прыгодамі мульцяшнага героя «Скубі-Ду» па ўсім свеце. Дзіцячыя калекцыі пра шахматы і жывёлаў змяніліся агульнасямейнымі — пра здароўе, вядомых людзей ды праваслаўныя манастыры.

Цяпер пачаўся новы эвалюцыйны віток калекцыянавання — серыі для дзяцей і для дарослых, якія не нагуляліся ў дзяцінстве. Часопісы пра аўталегенды СССР і сусветна вядомыя аўтамабілі, пра самалёты і паруснікі… Прычым у камплекце абавязкова ідзе калекцыйная мадэлька ў класічным маштабе 1:43! Пробныя выпускі разышліся на «ўра».

Адзінкавая Латушкава ідэя

Наша дзяржава спрычыніліся да прапаганды свайго, беларускага, толькі аднойчы. У калекцыйную серыю з 80 альбомаў пра найвыбітнейшых мастакоў сусвету ад расійскай «Комсомольской правды» ўвайшла кніга пра Івана Хруцкага. Гэта была асабістая ініцыятыва міністра культуры Паўла Латушкі. У Расіі гэты том у продаж не трапляў, там месца Хруцкага дасталася пейзажысту Васілю Паленаву.

Касцюшка як замена Сувораву і латарэйкам

На жаль, ніводнае беларускае выдавецтва — ні дзяржаўнае, ні прыватнае — пакуль не паспрабавала запусціць сваю калекцыйную серыю, звязаную з айчыннай гісторыяй ці культурай. Калі ў кожным шапіку і аддзяленні банка пакупнікам усімі праўдамі і няпраўдамі ўпіхваюць латарэйныя білеты па 4 000 рублёў, то чаму б не прапанаваць на выбар калекцыйны часопіс пра Каліноўскага і Касцюшку за крыху большую цану? А пакуль у беларусаў няма іншага выбару, чым збіраць калекцыю з геройствамі Суворава і Пятра І.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?