Мінскае «Дынама» выйграла ў суботу ў яраслаўскага «Лакаматыва» 4:1 і павяло ў серыі плей-оф ¼ Заходняй канферэнцыі з лікам 2:1.

 Плат (злева) закінуў чарговую пераможную шайбу, goals.by

Плат (злева) закінуў чарговую пераможную шайбу, goals.by

«Паровоз — под откос!» — скандавалі ўвесь матч заўзятары на «Мінск-Арэне». Гульня сабрала аншлаг ды пабіла чарговы рэкорд наведвальнасці матчаў Кантынентальнай хакейнай лігі.

Сёння гульню наведалі 15 982 заўзятары.

Два папярэднія рэкорды (21 верасня з «Ак Барсам» і 30 студзеня з ЦСКА) таксама былі ўсталяваныя ў Мінску.

Пачатак гульні быў абсталяваны як мае быць. Пагасла святло і заўзятары запалілі экраны сваіх мабільнікаў. Так было і на матчы з ЦСКА — дарэчы, акцыя падгледжана ў Рызе. Потым было сумеснае выкананне дзяржаўнага гімна: дзякуючы цітрам на экранах гімн спявала ўся «Мінск-Арэна», якая афарбавалася ў бела-сінія колеры.

Ужо з першых імгненняў арэна пагнала сваіх любімцаў наперад. І на 48-й секундзе Дэвід Пятрашак з перадачы Пятра Сікоры адкрыў лік у матчы. Праз дзве з паловай хвіліны «Лакаматыў» лік зраўняў, але на 10-й хвіліне Джэф Плат вывеў «Дынама» наперад.

Пасля таго як ў сярэдзіне другога перыяда Аляксандр Кулакоў рэалізаваў буліт, прызначаны за грубую гульню, стала ясным, што «Дынама» перамогі сёння не ўпусціць. Тым больш, каб даць астыць страсцям Марэк Сікора аператыўна ўзяў 30-секунднытайм-аўт.

«Дынама» выйграла з лікам 4:1.

Адметна, што ў трэцім запар матчы «Дынама» закідвае чатыры шайбы. Нагадаем, што ў першым, 23 лютага, «Дынама» прайграла «Лакаматыву» 4:7, на наступны дзень выйграла з лікам 4:1. Пасля сённяшняй перамогі «Дынама» павяло ў серыі 2:1, якая, дарэчы, доўжыцца да чатырох перамогаў адной з камандаў.

Чацвертая гульня пройдзе ў нядзелю, 27 лютага, на «Мінск-Арэне», пятая — у аўторак у Яраслаўлі.

Па трыбунах пайшлі чуткі, што нядзельны матч наведае Сам. І заўзятары, і журналісты ўжо скрыгочуць зубамі.

Надгляд на "Мінск-Арэне" будзе няслабы. Сёння, дарэчы, таксама сярод тых, хто кіраваў сек'юрыці, быў Аляксандр Лукомскі -- камандзір палка міліцыі спецыяльнага прызначэння (ПМСН) ГУУС Гарвыканкама.

Пасля таго, як скончылася гульня (заўзятары традыцыйна зладзілі авацыю і доўга скандавалі прозвішча героя гульні — беларуска-амерыканскага галкіпера Роберта Эша, які адбіў 35 кідкоў),

арганізатары паставілі песню з «Аперацыі «Ы» — «Постой, паровоз, не стучите колеса».

Праўда, прагучаў толькі адзін куплет, і песня спынілася. Напэўна, падумалі, што гэта не карэктна ў дачыненні да гасцей.

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі трэнер Яраслаўля Уладзімір Вуйтэк заявіў, што яму прыемна было гуляць пры такім аншлагу. «Такое ў маім жыцці было толькі аднойчы (16 тыс. гледачоў)», — сказаў коўч, у фінале маладзёжнага чэмпіянату па хакеі ў Калгары.

** *

У нядзелю мінскі заўзятар будзе мець няпросты выбар.

А 17-й на «Мінск-Арэне» — хакей, а 15-й у Палацы спорту — матч гандбольнай Лігі чэмпіёнаў паміж мінскім «Дынама» з дацкім «Ольбаргам». Беларускі клуб мае рэальны шанец трапіць у плей-оф і прывезці ў Мінск гранда еўрапейскага гандбола.

А 17-й, паралельна з хакеем, пачнецца матч за футбольны Суперкубак паміж барысаўскім БАТЭ, які з высока ўзнятай галавой вяртаецца з Парыжа, і жодзінскім «Тарпеда-БелАЗам» ці не адзіным беларускамоўным клубам у вышэйшай беларускай лізе.

***

«Дынама-Мінск» — «Лакаматыў» Яраслаўль — 4:1 (2:1, 1:0, 1:0). Мінск, 26 лютага. 15 982 гледачы.

Шайбы: 1:0. 0:47 — Петрашак, (Глазачаў, Сікора),
1:1. 3:24 — Вашычак
2:1. 9:43 — Плат (Падградскі, у большасці)
3:1. 29:25. Кулакоў (буліт)
4:1. 49:08 — Дрозд (Стэфановіч).

Штраф: 12–12

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?