У лос-анджэлескім тэатры «Кодак» у Галівудзе прайшла 83-я штогадовая цырымонія ўручэння «Оскараў». Найлепшым фільмам 2010 года Амерыканская кінаакадэмія назвала карціну «Кароль гаворыць!».

За прэмію «Оскар» у гэтай самай прэстыжнай катэгорыі змагаліся кінастужкі «Сацыяльная сетка», «Чорны лебедзь», «Пачатак», «Жалезная хватка», «Баец», «127 гадзін», «Зімовыя косткі», «Дзеткі ў парадку» і «Гісторыя цацак: Вялікія ўцёкі».

Намінаваны на 12 «Оскараў» «Кароль гаворыць!» узяў чатыры статуэткі: акрамя найлепшага фільма гэта найлепшая мужчынская роля, найлепшы рэжысёр, найлепшы арыгінальны сцэнар. Столькі ж узнагародаў у карціны «Пачатак» — за спецэфекты, за якасць гукамантажу і за міксаванне гуку, за дасягненні ў кінематографе (Уол Пфістэр).
«Сацыяльная сетка» заваявала тры «Оскары»: за найлепшы мантаж, найлепшую музыку да фільма і найлепшы адаптаваны сцэнар.

Прэстыжная ўзнагарода за найлепшае выкананне галоўнай жаночай ролі 2010 года прысуджаная Наталі Портман («Чорны лебедзь»). Акторка вылучалася на прэмію двойчы, перамагла ўпершыню. На залатыя статуэткі ў гэтай катэгорыі таксама вылучаліся Джэніфер Лоўрэнс («Зімовыя косткі»), Ніколь Кідман («Трусіная нара»), Мішэль Уільямс («Блакітны Валянцін») і Анэт Бенінг («Дзеткі ў парадку»).

28-гадовая ўраджэнка Ізраіля Портман, продкі якой па матчынай лініі былі выхадцамі з Расіі, рыхтуючыся да сваёй ролі, штодня займалася харэаграфіяй ад пяці да васьмі гадзін. На здымках яна пазнаёмілася з Бенжаменам Мільп’е — улетку яны чакаюць нараджэння сына. «Гэта мая галоўная роля», — са слязьмі на вачах вымавіла акторка.

«Оскара» за найлепшае выкананне галоўнай мужчынскай ролі заваяваў Колін Ферт («Кароль гаворыць!») На залатыя статуэткі ў гэтай катэгорыі таксама вылучаліся Джэймс Франка («127 гадзін»), Джэсі Эйзенберг («Сацыяльная сетка»), Джэф Брыджэс («Жалезная хватка»), Хаўер Бардэм («Б’ютыфул»).

Многія букмекерскія агенцтвы напярэдадні цырымоніі нават адмовіліся прымаць стаўкі на Ферта, а ўплывовы часопіс Vanity Fair напісаў напярэдадні, што калі «Оскара» ўручаць не «каралю», то ў панядзелак сонца ўзыдзе на захадзе.

«Кароль гаворыць» — трэці фільм, у якім я заікаўся, — расказаў Колін Ферт
«Камсамольскай праўдзе». — Але дастаць заіканне са скрыні, у якім яно пылілася з мінулага разу, у мяне не атрымалася. У кожнага героя яно сваё, бо гэта не вынік, а працэс… Сцэнарыст «Караля…» Дэвід Сайдлер расказваў мне, што ў рэстаране ён часам замаўляў сабе біфштэкс, хоць хацеў рыбы — толькі таму, што быў не ў змозе вымавіць слова «рыба».

Кінапрэмія за найлепшую рэжысуру прысуджаная Тому Хуперу («Кароль гаворыць!»). Сярод рэжысёраў на «Оскара» таксама прэтэндавалі стваральнікі фільмаў «Чорны лебедзь», «Сацыяльная сетка», «Баец», «Жалезная хватка». Хупер падзякаваў са сцэны сваёй маці за ідэю фільма, перадае Reuters. Па словах рэжысёра, у 2007 годзе яна вярнулася дадому са спектакля пра тое, як аўстралійскі лагапед лячыў заіканне каралю Вялікабрытаніі, і сказала, што, здаецца, знайшла яму наступны кінапраект. «Мараль гэтай гісторыі — слухайце сваю маму», — падсумаваў Хупер. Дацкая карціна «Помста» стала ўладальнікам «Оскара» ў намінацыі «Найлепшы фільм на замежнай мове». Рэжысёр Сюзана Б’ер намінавалася на «Оскара» восем разоў і заваявала дзве залатыя статуэткі. Цяперашняя ўзнагарода стала яе трэцім трафеем найвышэйшай пробы. Прэтэндэнтамі на залатую статуэтку ў гэтай намінацыі таксама былі «Б’ютыфул» Алехандра Гансалеса Іньярыту (Мексіка), «Па-за законам» Рашыда Бушарэба (Алжыр), «Пажарышчы» Дэні Вільнева (Канада) і «Ікол» Ёргаса Лантымаса (Грэцыя).

Кінапрэміі прысуджаныя аўтарам сцэнароў (арыгінальны і адаптаваны) да фільмаў «Кароль гаворыць!» і «Сацыяльная сетка». Сцэнарыст фільма «Кароль гаворыць!» Дэвід Сайдлер — дэбютант, заваяваны трафей найвышэйшай пробы стаў першым у яго кар’еры. Ааран Соркін, пішучы сцэнар «Сацыяльнай сеткі», намінаваўся і перамог упершыню. У катэгорыі «Найлепшы арыгінальны сцэнар» таксама фігуравалі Майк Лей («Наступны год»), Скот Сільвер, Пол Тамаз і Эрык Джонсан («Баец»), Крыстафер Нолан («Пачатак»), Ліза Халадзенка і Сцюарт Блумберг («Дзеткі ў парадку «).

Амерыканская акадэмія кінамастацтваў вырашыла, што прэміі «Оскар» і звання найлепшага мультфільма па выніках 2010 года заслужыў мультфільм «Гісторыя цацак: Вялікі ўцёкі» (ЗША). Стваральнік Лі Ункрык атрымаў «Оскара» ўпершыню. Прэтэндэнтамі на залатую статуэтку ў гэтай намінацыі таксама былі «Як прыручыць дракона» (ЗША) і «Ілюзіяніст» (Францыя-Вялікабрытанія).

Стужка з уражлівым бюджэтам у 200 мільёнаў даляраў сабрала ў пракаце больш за 415 мільёнаў даляраў і была прызнаная самай касавай у мінулым годзе. У аснове сюжэту мультфільма, створанага на студыі Pixar Animation і выпушчанага ў пракат Walt Disney, гісторыя цацачнага каўбоя Вудзі, агучанага галівудскім акторам Томам Хэнксам.

Кінапрэмія за найлепшае выкананне жаночай ролі другога плану прысуджана Мелісе Леа («Баец»). Акторка намінавалася на амерыканскую прэмію двойчы, а перамагла ўпершыню. У намінацыі «жаночая роля другога плану» былі таксама прадстаўленыя Эмі Адамс («Баец»), Хелена Бонэм Картэр («Кароль гаворыць!»), Хэйлі Стэйнфілд («Жалезная хватка») і Джэкі Уівер («Каралеўства жывёлаў»).

Статуэтка за найлепшае выкананне мужчынскай ролі другога плану прысуджаная Крысціяну Бэйлу («Баец»). Гэта першая залатая статуэтка папулярнага актора. На «Оскара» за мужчынскую ролю другога плану прэтэндавалі Джон Хоўкс («Зімовыя косткі»), Джэрэмі Рэнер («Горад злодзеяў»), Марк Рафала («Дзеткі ў парадку») і Джэймс Франка («127 гадзін»).

Залатая статуэтка за мастацкае афармленне і якасць дэкарацый прысуджаная фільму «Аліса ў Краіне цудаў». Прэмію атрымалі Роберт Стромберг і Карэн О’Хара. Гэтаму ж фільму адышла ўзнагарода за найлепшы дызайн касцюмаў (Колін Этвуд).

Найлепшай арыгінальнай песняй прызнаная кампазіцыя We Belong Together з «Гісторыі цацак-3». Намінаваныя былі яшчэ тры кампазіцыі: I See the Light са стужкі «Рапунцэль: заблытаная гісторыя», Coming Home з «Я сыходжу, не плач», If I Rise з «127 гадзін».

Найлепшым дакументальным фільмам названая «Унутраная справа» (Чарлз Фэргюсан і Одры Марс).

Сярод кароткаметражных дакументальных стужак перамог фільм «Больш не чужыя». У ім расказваецца пра ізраільскую школу «Б’ялік-Рагозін», размешчаную ў цэнтры Тэль-Авіву, дзе вучацца дзеці бежанцаў з 48 розных краін.

Акадэмія ўнесла змены ў парадак намінацый. У мінулыя гады адлік пачынаўся з найлепшых выканаўцаў роляў другога плану. Гэтым разам спіс пераможцаў адкрылі афармляльнікі і аўтары дэкарацый.

Амерыканская акадэмія кінамастацтваў прысуджае ўзнагароды ў 24 намінацыях. Для новых пераможцаў падрыхтаваныя 50 залатых статуэтак. За ўсе гады акадэмія ўручыла 2768 кінапрэмій, у тым ліку 40 у мінулым сезоне.

Прэтэндэнтамі на найбольшую колькасць узнагародаў былі творчыя калектывы карцін «Кароль гаворыць!», «Жалезная хватка», «Пачатак», «Сацыяльная сетка», «Баец», «127 гадзін», «Чорны лебедзь» і анімацыйны фільм «Гісторыя цацак: Вялікія ўцёкі».

Цырымонію правялі актор Джэймс Франка і акторка Эн Хэтаўэй.

Штогадовае шоу разлічанае на тры гадзіны. Аднак часавыя рамкі рэдка выконваюцца. Кожнаму пераможцу даецца не больш за 45 секунд, каб выказаць пачуцці.

Трансляцыю з тэатра «Кодак» вяла тэлекампанія ABC. Паводле яе дадзеных, цырымонію паглядзелі некалькі сотняў мільёнаў гледачоў у больш чым 200 краін свету. Для асвятлення ўзнагароджання акрэдытацыю атрымалі 704 падраздзяленні СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?