Старшакласнікі Логінаў і Напаюк вытрывалі нялюдскія здзекі, нават пасадку ў псіхбальніцу. У выніку Вярхоўны Суд апраўдаў іх. Але следчы пайшоў на павышэнне! Піша бацька аднаго са школьнікаў.

Прайшло дваццаць месяцаў з таго моманту, калі ў Віцебску ля абласной бальніцы быў знойдзены труп грамадзяніна Сідарава з мноствам колата-рэзаных ран, удараў і пераломаў.

У гэтай цёмнай справе з першага дня праглядалася замова вышэйстаячых чыноўнікаў на тэрміновае раскрыццё гэтага злачынства любой цаной. Ахвярай гэтай замовы сталі трое дзяцей (усе з няпоўных сем’яў): А. Логінаў, А. Аўчароў, А. Напаюк. Затым з А. Аўчарова было знятае абвінавачанне.

З моманту іх затрымання былі суцэльныя грубыя парушэнні закона. Дзеці былі затрыманыя на падставе паказанняў 15-гадовай двойчы судзімай А. Сулімавай, якая напярэдадні таксама была затрыманая за крадзеж. Тут і быў разыграны спектакль. Як у фільмах пра міліцыю. А. Сулімавай абяцаюць не прыцягваць яе да адказнасці, калі яна дасць ілжывыя паказанні супраць дзяцей.

Галоўная сведка была «на кручку»

З прысуду Магілёўскага абласнога суда: «З наяўнага ў матэрыялах дадзенай крымінальнай справы хадайніцтва ад 15 верасня 2009 года за № 4 / 5346 (а.с. 171) бачна, што ЧВАД начальніка Першамайскага РАУС г. Віцебска Сарокін С.А. паведамляе на імя старшыні суда Першамайскага раёна г. Віцебска, што ў цяперашні момант Сулімава А.А. з’яўляецца асноўным сведкам па крымінальнай справе па факце забойства Сідарава Д.А. і актыўна спрыяе расследаванню. У сувязі з вышэйпададзеным Першамайскі РАУС г. Віцебска «хадайнічае перад судом улічыць факт судзеяння Сулімавай органам унутраных справаў пры расследаванні асабліва цяжкага злачынства пры вынясенні прысуду».

Прысудам суда Першамайскага раёна г. Віцебска ад 30 верасня 2009 Сулімава А.А. на падставе ч.1 арт. 205 КК з ужываннем арт. 77 КК была асуджаная на год і 6 месяцаў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на год. Пры гэтым на Сулімаву А.А. былі ўскладзеныя абавязкі, кантроль за выкананнем якіх Сулімавай А.А. у сілу арт.177 УВК ускладзеныя на крымінальна¬выканаўчую інспекцыю па месцы яе жыхарства, гэта значыць на названую інспекцыю Першамайскага РАУС г. Віцебска.

Гэта значыць, што паказанні па справе аб забойстве Сідарава Д.А. непаўнагадовая сведка Сулімава А.А. пачала даваць толькі пасля таго, як сама трапіла ў поле зроку праваахоўных органаў як падазраваная ў крадзяжы мабільнага тэлефона і аж да заканчэння часу адтэрміноўкі пакарання Сулімава А.А. знаходзілася ў залежным ад супрацоўнікаў Першамайскага РАУС г. Віцебска становішчы».

У камеру падсаджвалі адпетых зэкаў

У сваю чаргу,

работнікі праваахоўных органаў Першамайскага РАУС, кіраваныя крыважэрным маёрам Г. Цітовым (якому напляваць на ўсё — бо ён без пяці хвілін пенсіянер), ужываюць увесь арсенал катаванняў, збіванняў і прыніжэнняў з мэтай выбіць прызнальныя паказанні ў дзяцей.

Ім удаецца выбіць гэтыя паказанні ад А. Аўчарова і А. Напаюка, а вось А. Логінаў выявіўся моцным арэшкам, які ні разу на працягу ўсяго папярэдняга следства (а яно доўжылася амаль год) не абгаварыў сваіх сяброў і не ўзяў на сябе віну за злачынства.

Кіраўнікі следчай брыгады Ю. Шчацько і А. Таўтын рабілі ўсё, каб зламаць 16-гадовага хлапчука. Спачатку камеру ў СІЗА Віцебска, а затым Мінска па некалькі разоў на дзень наведвалі аператыўнікі, затым у камеру падсадзілі двух адпетых рэцыдывістаў і забойцаў. Мэта была адна — прымусіць А. Логінава даць прызнальныя паказанні.

На месяц у Навінкі

Таксама Шчацько зацягваў следства. За першыя тры месяцы (66 рабочых дзён) А. Логінаў быў дапытаны следчым Шчацько адзін раз. Наступныя два месяцы (студзень—люты 2010) не было ніводнага допыту. На пытанне маці А. Логінава Наталлі Віктараўны, чаму зацягваецца следства, Шчацько адказаў: «Я думаў, што за гэты час Логінаў дасць іншыя паказанні». А паколькі гэтага не здарылася,

следчы незаконна накіроўвае А. Логінава на стацыянарнае абследаванне ў лякарню «Навінкі». (Накіраванне на стацыянарнае лячэнне (абследаванне), паводле пастановы Пленума (Прэзідыума) Вярхоўнага Суда РБ, непаўналетніх дзяцей ажыццяўляецца ў выключных выпадках: калі дзіця знаходзіцца на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры або калі ёсць сумневы ў яго псіхічным і разумовым развіцці).

Для дасягнення злачыннай мэты следчы Шчацько зацягвае адпраўку дакументаў на А. Логінава ў Навінкі. Асабістая справа была атрыманая дактарамі праз 22 каляндарныя дні, а выпіска з ПНД г. Віцебска — яшчэ праз тыдзень. Такім чынам, 29 каляндарных дзён А. Логінаў знаходзіўся ў «санаторыі Навінкі» без дакументаў, у цесным кантакце з сапраўднымі вар’ятамі і забойцамі. (Пасля Навінак, праз дзень, А. Логінаў быў накіраваны следчым Шчацько на абследаванне на паліграфе, што звычайна робіцца ў першыя дні або тыдні расследавання, а не праз восем месяцаў, ды яшчэ пасля Навінак, калі дзіця знаходзілася ў цяжкім фізічным і псіхалагічным стане).

Я як бацька ганаруся сынам, які змог вытрываць такое выпрабаванне і не зламаўся. Чытаючы лісты з СІЗА, я здзіўляўся яго стойкасці — усе яны пачыналіся і завяршаліся аднымі і тымі ж словамі:

«Тата, не хвалюйся, усё будзе добра, беражы здароўе, гэта для цябе галоўнае...» Ні ў адным з дзясяткаў лістоў Аляксандра я не ўбачыў адчаю. Ён, наадварот, заўсёды падтрымліваў нас, бацькоў, знаходзячыся ў асяроддзі адпетых зэкаў, забойцаў і рэцыдывістаў. Толькі аднойчы, вярнуўшыся з «санаторыя Навінкі», ён напісаў: «Тата, Навінкі — гэта жудасна».

Я не крыважэрны чалавек, але вельмі хацеў бы, каб галоўных фігурантаў гэтай бруднай справы — следчых Ю. Шчацько і А. Таўтына — накіравалі хоць бы на тыдзень у «санаторый Навінкі», каб яны адчулі ўсе прыемнасці «адпачынку» ў гэтай установе. А яшчэ хацелася б, каб іх павадзілі па кабінетах і лабараторыях ахоўнікі на ланцужку, як шчанюкоў, што нашкодзілі.

Адкуль у следчага столькі нянавісці?

На пытанне, як гэтую акалічнасць расцэньвае намеснік галоўнага эксперта РБ Кузьмічоў, ён адказаў: «Гэта цяжкае злачынства, бо калі чалавек накіроўваецца на лячэнне нават у санаторый ці дом адпачынку, ён абавязаны мець медыцынскую карту».

Узнікае пытанне,

адкуль у такога маладога следчага Шчацько столькі нянавісці, жорсткасці ў дачыненні да простых людзей і нават дзяцей. Хіба могуць такія людзі працаваць у органах пракуратуры?
Нельга не заўважыць, што за ўвесь час папярэдняга следства (12 месяцаў), мне, бацьку, не было дазволена ніводнага спаткання з сынам.

Калі б вы ведалі, колькі пустых пастановаў было прынята следчым Шчацько, колькі было ў кожным радку гэтай «перапіскі» нянавісці і злосці, да нас, бацькоў А. Логінава, якога не змог следчы Ю. Шчацько зламаць ні маральна, ні псіхалагічна, ні фізічна.

Каля сотні скаргаў і хадайніцтваў было напісана намі, бацькамі трох непаўналетніх дзяцей, Логінава А., Напаюка А., Аўчарова А., і ні на адно не было атрымана аргументаванага, аб’ектыўнага адказу.

На прыёме ў Васілевіча

У Генеральнай пракуратуры была створаная цэлая брыгада па адпісках на нашы скаргі і заявы. Узначаліў яе намеснік генеральнага пракурора Конан (дарэчы, таксама віцяблянін, як і Шчацько). Мы, бацькі Логінава, Аўчарова, Напаюка, двойчы спрабавалі трапіць на прыём да В. Конана. На першую нашу заяву атрымалі няўцямны адказ, з якога зразумелі, што з намі не хочуць сустракацца, а на другую заяву мы наогул адказу не атрымалі. Дарэчы, як і яшчэ на некалькі нашых скаргаў і хадайніцтваў на імя Генпракурора.

Адпіскамі на нашы скаргі, хадайніцтвы і заявы займаліся высокапастаўленыя, высокааплатныя работнікі Генпракуратуры Конан У.А., Казачэнка А.Г., Зуй І.К., Сяўрук І.Г., Шчацько Ю.А., Кузьміч В. Л., Крывашчокі В.М., Старасціна Н.І., а таксама Першамайскай і абласной пракуратуры горада Віцебска: Сідаровіч А.В., Таўтын А.П., Цывінскі А.В., Чадзюк А.В., Несцярэнка А.М., Ягораў В.У., Дыско Г.І., Забаўскі В.А., Макяёнак А.В. Калі прааналізаваць усе адказы, ствараецца ўражанне, што ўсе яны напісаныя адной асобай пад дыктоўку і набраныя на адным і тым жа камп’ютары, з той розніцай, што мяняліся месцамі абзацы і подпісы. Ніхто не ўнікаў у справу і не чытаў яе. Усе бралі «інтэрв’ю» ў Шчацько і рапартавалі: «Усё законна, аб’ектыўна і з улікам крымінальна¬працэсуальнага кодэкса».

У анархіі, якая творыцца ў Генеральнай пракуратуры, мы пераканаліся, пабываўшы на асабістым прыёме ў генеральнага пракурора Р. Васілевіча. Амаль гадзіну доўжылася гутарка з генеральным пракурорам, у якога мы прасілі аднаго: спыніць гэтае злачынства і валакіту з боку следчай групы і хутчэй перадаць справу ў суд.

Аднак пра нас і нашы скаргі забыліся, і мы не атрымалі ніводнага адказу за подпісам генпракурора. Відаць, Рыгор Аляксеевіч палічыў нас за людзей другога або трэцяга гатунку, дык навошта ж яму губляць час на дробязі.

Дробяззю гэтае злачынства палічыў і куратар справы У. Конан, які нават не прачытаў ніводнага тома гэтай бруднай справы і ў той жа дзень накіраваў яе ў Вярхоўны Суд.

Вестка аб тым, што рашэннем Вярхоўнага Суда разгляд нашай справы накіраваны ў Магілёўскі абласны суд, была для нас, бацькоў абвінавачаных дзяцей, шокам. Мы пісалі лісты з просьбай перанесці пасяджэнне ў Віцебск, хай нават гэта будуць выязныя пасяджэнні Магілёўскага суда. За 12 месяцаў мы, бацькі, былі прыгнечаныя маральна, фізічна і матэрыяльна. Ведаючы аб невінаватасці нашых дзяцей, мы не мелі права даваць ім падставу для панікі, мы былі абавязаныя падтрымліваць іх ва ўсім. Як ні было цяжка, двойчы ў тыдзень мы вазілі перадачы ў СІЗА Мінска, нанялі мінскіх адвакатаў. І хоць нікому з бацькоў не далі ніводнага спаткання, мы зрабілі ўсё, каб дзеці ведалі, што мы не сумняваемся ў іх невінаватасці і будзем змагацца за іх да канца.

Нуль працэнтаў доказаў пры стапрацэнтным алібі

На жаль, а можа быць, і на шчасце, нашы просьбы не былі пачутыя Вярхоўным Судом, і 22 чэрвеня 2010 адбылося першае пасяджэнне Магілёўскага абласнога суда.

На ім прысутнічала каля 40 чалавек з боку абвінавачаных дзяцей: аднакласнікі, сябры, класны кіраўнік і настаўнікі гімназіі, сваякі. Цяжка было бачыць, як невінаватых уводзілі ў залу ў кайданках, як злачынцаў, і як яны разгублена глядзелі ў вочы ўсім знаёмым праз краты. Адно нас радавала: нашы дзеці жывыя і хоць прыгнечаныя, але не зламаныя.

Нельга не сказаць словы вялізнай падзякі дырэктару 7-й гімназіі, у якой вучыліся Логінаў і Напаюк, Вользе Максімовіч, завучу Ларысе Вавільчанкавай, намесніку дырэктара па выхаваўчай працы Лосевай Ірыне, сацыяльнаму педагогу Факіной Ірыне, класнаму кіраўніку Панасіку Георгію і іншым за іх прынцыповасць і прафесіяналізм, якія яны праявілі падчас папярэдняга следства і судовага працэсу. Бо толькі ім, ды і асобным вучням гімназіі вядома, які прэсінг перажылі за 17 кашмарных месяцаў з боку работнікаў Першамайскага РАУС і пракуратуры.

Нізкі паклон усім вам за падтрымку нашых дзяцей, бо, упэўненыя ў невінаватасці сваіх выхаванцаў, яны неаднаразова звярталіся ва ўсе інстанцыі з просьбай вызваліць дзяцей, даць ім магчымасць вучыцца. Але на жаль, як і мы, бацькі, педагагічны калектыў таксама не быў пачуты.

Таксама хочацца выказаць словы шчырай падзякі нашым адвакатам Але Лізура і Алене Пугачовай, праваабаронцу Паўлу Левінаву, які быў на ўсіх судовых пасяджэннях.

За пяць месяцаў суда было заслухана больш за 70 сведкаў, і чым бліжэйшы быў фінал, тым больш відавочным рабілася тое, што справа няўмела сфабрыкаваная праваахоўнымі органамі з удзелам Генеральнай пракуратуры.

Нуль працэнтаў доказаў вінаватасці дзяцей пры стапрацэнтным іх алібі — такі вынік 27 пасяджэнняў Магілёўскай судовай калегіі пад старшыняваннем суддзі Яфрэмава А.П. Адгэтуль і адпаведны прысуд: «Вызваліць неадкладна ў зале суда А. Логінава і А. Напаюка за недаказанасцю іх удзелу ў здзяйсненні гэтага злачынства».

Следчая група падтасоў1ала

Сёння, успамінаючы той дзень, 29 лістапада 2010 года, калі быў вынесены апраўдальны вердыкт, немагчыма не задаць пытанне боку абвінавачання, у прыватнасці, пракурору Магілёўскай абласной пракуратуры А. Іглікавай. Як Вы маглі прасіць для невінаватых дзяцей 14 гадоў пазбаўлення волі, Вы ж былі на ўсіх пасяджэннях суда, дзе бокам абвінавачання не было прадстаўлена ніводнага наўпростага і нават ускоснага доказу, ні матыву, ні інструмента, ні экспертызы забойства? А было, пачынаючы з моманту затрымання і да апошняга дня папярэдняга следства, грубае парушэнне закона з боку Вашых калегаў — Сідаровіча, Таўтына, Шчацько, Конана, Казачэнкі, Цывінскага і іншых. Як Вы, жанчына, пайшлі на ўгоду са сваім сумленнем, няўжо ў Вас няма сваіх дзяцей?

Сёння ўжо стала фактам, што следчая група на чале з Ю. Шчацько займалася падтасоўкай фактаў, часу і тэлефонных размоваў, выкарыстоўваючы ў сваіх інтарэсах паказанні віцебскіх экспертаў, вынікі якіх былі абвергнутыя паўторнымі экспертызамі ГМСЭ Мінска.

Так, у першай пастанове аб арышце дзяцей быў паказаны час здзяйснення забойства 13.00, у наступных пастановах — ад 14.00 да 16.00, ад 15.00 да 17.00 і 18.00 уключна.

Акрамя таго, падчас следства сведак пагрозамі прымушалі даваць загадзя ілжывыя паказанні супраць дзяцей, аб чым неаднаразова гаварылася ў судзе.

Загадзя ілжывыя паказанні давалі ў судзе і чацвёра работнікаў Першамайскага РАУС г. Віцебска: Г. Цітоў, А. Шэўчык, І. Губін, Г. Лавіцкі, што выклікала асуджэнне і смех прысутных у зале. Акрамя хлусні, яны вывучылі яшчэ дзве фразы: «Не ведаю» і «Не памятаю». Такім чынам, той, хто павінен няўхільна выконваць законы, іх беспакарана парушаў.

У ходзе судовых пасяджэнняў былі выяўленыя факты фальсіфікацыі паказанняў сведак.

Дзецям давалі чытаць паказанні на маніторы, а затым змянялі паказанні і прымушалі падпісваць паперы, не даючы паўторна прачытаць.
(На што маці А. Аўчарова пісала скаргу генеральнаму пракурору Р. Васілевічу).

З тэлефонных раздруковак кватэрнага тэлефона Логінава былі выключаныя два тэлефонныя званкі. Адзін у 16.08, другі ў 16.35, якія лішні раз пацвердзілі тое, што А. Логінаў у гэты час знаходзіўся з братам і маці дома.

Было здзейсненае нічым не прыкрытае жорсткае злачынства органамі ўнутраных справаў, пракуратурай і судмедэкспертамі супраць ні ў чым не вінаватых непаўнагадовых дзяцей, якія былі затрыманыя незаконна і знаходзіліся пад следствам і судом больш за 17 месяцаў.

Галоўнай сведкай якога нібыта была цяпер ужо 16¬гадовая двойчы судзімая злачынца А. Сулімава, якая шмат разоў мяняла свае паказанні на папярэднім следстве (і ніхто не сумняваўся ў яе ілжывых сведчаннях), а таксама памяняла іх і ў судзе.

Асноўнымі сведкамі таксама былі тры закаранелыя злачынцы і рэцыдывісты, у паслужным спісе якіх — цяжкія злачынствы, забойствы і не адзін дзясятак лагераў і турмаў.

За гэтым злачынствам, акрамя пералічаных вышэй пракурорскіх работнікаў, стаіць больш за дзясятак высокапастаўленых і высокааплатных чыноўнікаў Першамайскага РАУС і УУС горада Віцебска: Цітоў Г.Д., Карчэўскі А.М., Губін І.М., Лавіцкі Г.В., Шэўчык А.П., Сарокін С.А., Петэрсан О.О., Гілько І.А., Шылін А.М., Шашкін В.В., Болдышаў С.В. і Грэкаў А.П.

Шчацько — начальнікам, Цітова — на пенсію

Асобныя ўдзельнікі гэтай справы, якія збівалі і катавалі нашых дзяцей, атрымалі павышэнне (Ю. Шчацько прызначаны начальнікам аддзела Віцебскай аблпракуратуры), прэміі за гэтае злачынства, а крыважэрны маёр Цітоў Г. з ушанаваннямі быў адпраўлены на пенсію. А колькі дзяржаўных грошай выдаткоўвалася безвынікова: на камандзіровачныя выдаткі, праслухоўку тэлефонных размоваў, вонкавае назіранне, ахову ілжэсведкі (злачынцы Сулімавай). А вынік варты жалю — злачынец не знойдзены.

Нізкі паклон судовай калегіі Магілёўскага абласнога суда ў складзе старшыні А.П. Яфрэмава, народных засядальнікаў Цюзікава А.М. і Пусікава Б.І., якія не пайшлі на ўгоду з сумленнем.

Выклікае здзіўленне пазіцыя Генеральнай пракуратуры, ва ўсіх дзеяннях работнікаў якой, ад раённага ўзроўню да найвышэйшага, праглядаецца кругавая парука. Не магу не завастрыць увагу на выступе ў Вярхоўным судзе 18 лютага 2011 года пры разглядзе касацыйных скаргаў А. Іглікавай і пацярпелай Сідаравай дзяржаўнага абвінаваўцы Цімафеева Д., які, у адрозненне ад абвінаваўцы Іглікавай, са справай не азнаёміўся. Інакш чым можна растлумачыць яго выпады ў адрас калегіі Магілёўскага абласнога суда аб тым, што не былі правераныя вынікі экспертызаў. Хоць вынікі экспертызаў былі пераправераныя ГСМЭ г. Мінска і на судзе даваў тлумачэнні намеснік галоўнага эксперта РБ Кузьмічоў. Дарэчы, праз гэта судовае пасяджэнне было прыпыненае амаль на 7 тыдняў. Час забойства Д. Цімафееў ужо чамусьці меркавана назваў 13.30 (па версіі Іглікавай, 16.00 — 17.00, Сулімавай — 15.00 — 16.00), але затое з якім захапленнем ён апраўдваў злачынныя дзеянні працаўнікоў Першамайскага РАУС, узаконьваючы фізічны і псіхалагічны ціск на нашых дзяцей падчас папярэдняга расследавання, а з якім замілаваннем ён вынес свой вердыкт: «Прысуд Магілёўскага абласнога суда скасаваць, А. Логінава і А. Напаюка тэрмінова ўзяць пад варту...» Ва ўсіх прысутных у зале здарыўся шок. Толькі дзяржаўны абвінаваўца Д. Цімафееў у палкоўніцкіх пагонах лунаў у аблоках, аднак нядоўга цягнулася гэтая эйфарыя.
25 лютага 2011 года судовая калегія Вярхоўнага Суда пад старшынствам суддзі М.І. Герменчука, а таксама суддзяў В.А. Лаеўскага і В.Д. Крывой пакінулі прысуд Магілёўскай судовай калегіі без змены
(без змены таксама пакінутыя і прыватныя пастановы ў адрас праваахоўных органаў і следчай групы пракуратуры), з моманту абвяшчэння якога ён уступіў у сілу. Нашы дзеці не вінаватыя, і месцы ў камеры вакантныя!

***

Як паведаміў «НН» бацька Аляксандра Логінава Хачатур Хачатуран, ён збіраецца падаваць у суд на ілжэсведку А.Сулімаву, і Ю.Шчацько, і А.Таўтына.

***

З аповеду Аляксандра Логінава:

«Завялі ў кабінет №19 (там ёсць шторы), было пяць чалавек, зачынілі дзверы на ключ (або зашчапку), спачатку паклалі на падлогу, адзін з іх дастаў пісталет, прыставіў да лба, засунулі пісталет у рот, крычалі, каб прызнаваўся. Потым паднялі з падлогі, паклалі на стол жыватом уніз, адзін узяў адкрутку і пачаў круціць перад вачыма са словамі: «Зараз засуну, куды трэба».

Затым пасадзілі на крэсла, сталі біць па галаве далонямі. Усё гэта суправаджалася патрабаваннямі прызнацца… Пасля гэтага пратрымалі ў боксе каля 2 гадзін, затым у кабінеце кагосьці з кіраўніцтва было сказана: «Зараз завязём на Дзвіну, возьмем за ногі і патрымаем у вадзе».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?