У 2011 годзе дзяржава зьбіраецца патраціць на падтрымку БРСМ 6.6 мільёнаў даляраў. Гэта абсалютны рэкорд за ўвесь час існаваньня арганізацыі.
Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі паўмільёна БРСМаўцаў і БРСМавак. Але ці зьяўляецца самая дарагая моладзевая арганізацыя краіны такой жа масавай?

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі звыкла забірае амаль увесь бюджэт моладзевай палітыкі Беларусі. У 2011 БРСМ атрымае 98% ад грошай, прызначаных беларускай моладзі. Гэта 6.6 мільёнаў даляраў. Лукашэнка хацеў, каб БРСМ выйшла на самаакупнасьць яшчэ ў 2007 годзе. Але ня здарылася таго і ў 2011. Наступная «мяжа самаакупнасьці» для БРСМ — 2013 год.

Але нягледзячы на ўсе заявы пра эканомію ў дзяржаве і ў БРСМе, у гэтым годзе арганізацыя атрымала абсалютны максымум фінансаваньня.
У параўнаньні з 2005 БРСМ «засвоіць» сёлета ў тры разы болей грошай. І гэта ў год рэкорднага падвышэньня кошту беларускай адукацыі.

Пры гэтым колькасьць сяброў арганізацыі з 2008 году застаецца прыкладна на аднолькавым узроўні. У мінулым міністар адукацыі, а цяпер першы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандр Радзькоў заявіў сёньня, што ў БРСМ цяпер «каля паўмільёна» чалавек. Гэта прыкладна чацьвёртая частка ад усіх маладых людзей ва ўзросьце ад 15 да 30 гадоў.

Разам з тым, паводле дадзеных дасьледаваньня НІСЭПД, толькі 63,7% насельніцтва ведаюць нешта пра БРСМ. Прычым станоўча дзейнасьць гэтай арганізацыі ацэньваюць ня болей за 37%. А браць удзел у дзейнасьці БРСМ згодны толькі кожны пяты беларус.

Такім чынам, калі нават паверыць у тое, што ўсе паўмільна «афіцыйных» БРСМавак і БРСМаўцаў па сваім вялікім жаданьні і волі ўступілі ў гэту арганізацыю, то ўсё роўна атрымліваецца, што БРСМ прадстаўляе меншую частку моладзі, якая атрымлівае абсалютную большасьць падтрымкі дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?