ЕС гатовы пачаць перагаворы з Беларуссю аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, паведамілі ў прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Мінску.

Савет Еўрасаюза ўпаўнаважыў Еўрапейскую камісію пачаць перагаворы з Беларуссю аб падпісанні пагадненняў аб спрашчэнні выдачы кароткатэрміновых віз і рэадмісіі. Адпаведнае рашэнне было прынята на пасяджэнні Савета па транспарту, тэлекамунікацыях і энергетыцы.

Дакумент нагадвае, што Савет міністраў замежных спраў ЕС у сваіх заключэннях па Беларусі ад 31 студзеня падкрэсліў важнасць спрашчэння міжасобасных кантактаў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.

У сярэдзіне лістапада 2010 года Еўрапейская камісія рэкамендавала Савету ЕС прадаставіць ёй мандат на перагаворы па пагадненнях аб спрашчэнні працэдур афармлення кароткатэрміновых віз і рэадмісіі.

Новая сістэма прадугледжвае больш прадказальную і празрыстую працэдуру атрымання віз. Яе мэта — палепшыць абмен і павялічыць колькасць кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і Еўрапейскага саюза. У той жа час пагадненне аб рэадмісіі павінна забяспечыць прававыя падставы для вяртання грамадзян, якія нелегальна знаходзяцца на тэрыторыі ЕС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?