Гісторыя Дзмітрыя Дразда: фота, «Землеўласнікі», Плошча.

Дзмітрый Дрозд ніколі не займаўся палітыкай, але перад апошнімі выбарамі пачаў збіраць подпісы за Саннікава. 19 снежня яго затрымалі на Плошчы і асудзілі на дзесяць сутак. А пасля, 1 лютага, арыштавалі і абвінавацілі па абедзвюх частках артыкула 293 Крымінальнага кодэкса: масавыя беспарадкі.

Цяпер ён сядзіць у СІЗА на Валадарскага. Карэспандэнт «НН» сустрэўся са сваякамі палітзняволенага.

Тыповы шматпавярховік на вуліцы Петруся Глебкі, класічны спальны раён — менавіта тут, у двухпакаёўцы, разам з маці, сястрой і яе мужам жыве Дзіма. Ягоны пакой выглядае сціпла: ложак, тэлевізар, старэнькая секцыя з кнігамі па гісторыі. На шкле секцыі налеплена Пагоня.

У куце ляжаць пакункі з кнігамі: у снежні выйшла першая гістарычная праца Дзмітрыя «Землеўласнікі Мінскай губерніі». Прэзентацыя адбылася незадоўга да падзей на Плошчы.

— Ён заўжды быў такі ціхі і палітыкай ніколі не займаўся. Толькі нядаўна з Масквы вярнуўся, ён там сем гадоў адпрацаваў.

Дзмітрыю 37, і ягоны асноўны занятак — гісторыя. Скончыўшы ў свой час тэхнікум, ён пайшоў на гістфак БДУ. Паралельна працаваў у фірме «Кодак».

— У сына павінна была вось-вось выйсці другая кніга... А на Плошчы…

Ён проста ў шалік не заматаўся — не схаваў твару. Пасля казаў мне: «Мама, там было горача, не мог я ў шаліку стаяць».

Вось яго на відэа і вылічылі.

Уранку 1 лютага яго паднялі з ложка званком у дзверы. Як быццам бы праехаць разам з прадстаўнікамі КДБ у якасці сведкі.

Але назад ён ужо не вярнуўся.

— У яго было каханне ў Маскве, сем гадоў сябравалі, а пасля яны з дзяўчынай разышліся. Ён прыехаў назад у Мінск такі няшчасны, разгублены. Відаць, выбарчая кампанія для яго была як аддушына. Я ў яго пыталася пра Саннікава, а ён сказаў, што не ў Саннікаву справа: проста хоча, каб нам было добра.

У канвертах на паліцах — калекцыя старых фотаздымкаў. Ён захапляўся іх зборам.

Цяпер піша лісты з СІЗА. З ім у камеры сядзіць 30 чалавек, яны спяць па чарзе. Сядзяць усе першы раз, рэцыдывістаў няма. Прафесар матэматыкі, эканамісты. Большасць курыць, хоць Дзіма нават пах тытуню не трываў. Ён не паліць і не п’е...

Сваякі збіраюць характарыстыкі з месцаў працы, ад участковага. Суседзі пра Дзмітрыя нічога не ведаюць: 36 гадоў сям’я жыве ў гэтай кватэры, але Дзмітры быў настолькі ціхі, што большасць суседзяў і не здагадвалася пра ягонае існаванне.

Сястра тлумачыць: «Дзімка зранку сыходзіў на працу, пасля сядзеў у архівах, вяртаўся позна вечарам».

Ад Змітра прыйшло 11 лістоў, усе пранумараваныя.

Ён піша, што пачне пісаць вершы, каб развеяцца.

Характарыстыку на яго ў Маскве дапамагла ўзяць якраз тая дзяўчына, з якой Дзмітрый расстаўся перад ад’ездам. Кажуць, яна таксама перажывае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?