Ужо чацьвёрты раз за гэты месяц судзьдзя Чыгуначнага райсуду Ўладзіслаў Шыкароў аштрафаваў віцебскага апазыцыянэра на 1 мільён 50 тысяч рублёў. Гэтым разам — за напісаньне агульнанацыянальнай дыктоўкі пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Барыс Хамайда вырашыў адзначыць Дзень Волі напісаньнем дыктоўкі каля так званага «сіняга дома» — дома № 28 на вуліцы Леніна, дзе ён распаўсюджвае незалежную прэсу. Спадару Хамайду перашкодзілі міліцыянты: ім не спадабаўся бел-чывона-белы сьцяг, які ўзьняў актывіст.

Барыс Хамайда працягваў пісаць дыктоўку і ў пастарунку — перапісваў «Ліст з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага з кнігі, пакуль на яго складалі пратакол.

Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Ўладзіслаў Шыкароў ня толькі аштрафаваў апазыцыянэра на 30 базавых велічынь. Ён пастанавіў, каб у спадара Хамайды быў сканфіскаваны бел-чырвона-белы сьцяг і ўсе прылады для яго мацаваньня.

З 2 сакавіка гэта ўжо чацьвёрты штраф, накладзены судзьдзём Уладзіславам Шыкаровым на Барыса Хамайду за бел-чырвона-белыя сьцягі. Апазыцыянэра караюць за тое, што ён пэрыядычна выходзіць у цэнтар Віцебску з нацыянальным сымбалем, праводзячы аднаасобную акцыю «2011 год — год нацыянальнага сьцяга», прымеркаваную да 20-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?