Праблема фінансавага сектара Беларусі, пазначаная Міжнародным валютным фондам у нядаўнім дакладзе, робіцца ўсё вастрэйшай. Валютныя пазыкі цэнтральнага банка, на якія звяртаў увагу фонд, за студзень-люты 2011 толькі ўзраслі.
У выніку валютныя патрабаванні камерцыйных банкаў да Нацбанка перавысілі ў сакавіку памер золатавалютных рэзерваў.

Улады МВФ не слухаюць?

Валютныя пазыкі Нацбанка ў камерцыйных банкаў у 2010 годзе імкліва раслі. Настолькі хутка, што гэта выклікала сур’ёзную занепакоенасць у экспертаў Міжнароднага валютнага фонду. За мінулы год валютныя патрабаванні камерцыйных банкаў да Нацбанка ў замежнай валюце выраслі больш чым у 50 разоў — з 203,9 млрд рублёў (каля 70 млн даляраў) да 12 трлн рублёў на канец года (4 млрд даляраў).

Такі імклівы скачок валютных пазычанняў цэнтральнага банка не мог пакінуць абыякавымі экспертаў МВФ. У сваёй справаздачы эксперты фонду выказалі сур’ёзную заклапочанасць гэтай акалічнасцю.

«Што выклікае вялікую занепакоенасць, дык гэта тое, што на працягу апошняга квартала 2010 года Нацбанк прасіў буйныя пазыкі ў замежнай валюце ў айчынных камерцыйных банках у абмен на прадстаўленне рублёвай ліквіднасці па нізкіх працэнтных стаўках праз так званы «абмен дэпазітамі», — падкрэслівалі ў сваёй справаздачы прадстаўнікі фонду.

Эксперты фонду адзначалі, што такая практыка падвяргае камерцыйныя банкі «сур’ёзнай рызыцы» і настойліва рэкамендавалі ўладам Беларусі унікаць валютных пазычанасцяў у камерцыйных банкаў.

У справаздачы МВФ, падрыхтаванай у пачатку лютага 2011, фонд «падкрэсліў тэрміновую неабходнасць спыніць пазычанні Нацбанкам у замежнай валюце ў камерцыйных банкаў».

Аднак апошнія дадзеныя паказваюць, што валютныя пазыкі Нацбанка ў камерцыйных банкаў не толькі не спыніліся, але і працягваюцца.

За студзень-люты гэтага года валютныя патрабаванні камерцыйных банкаў да Нацбанка выраслі амаль на 400 млн даляраў і дасягнулі на 1 сакавіка рэкордных 4,4 млрд даляраў. Як вынік, аб’ём валютных пазычанняў цэнтральнага банка перавысіў аб’ём золатавалютных рэзерваў (за студзень-люты, як вядома, яны скараціліся на 20% і на 1 сакавіка складалі крыху больш за 4 млрд даляраў).

У экспертаў МВФ тэндэнцыя выклікае сур’ёзныя асцярогі. «Што да пазык у замежнай валюце, атрыманых Нацбанкам у камерцыйных банкаў, то, хоць валютную рызыку бярэ на сябе цэнтральны банк, у сілу вялікага аб’ёму гэтых пазыкаў банкі падвяргаюцца сур’ёзнай рызыцы, калі Нацбанк дапусціць вычарпанне рэзерваў», — гаворыцца ў апошняй справаздачы фонду па Беларусі.

Беларусі тэрмінова патрэбныя новыя пазыкі

А верагоднасць таго, што рэзервы працягнуць вычэрпвацца, існуе, бо дадзеныя замежнага гандлю Беларусі, мякка кажучы, не радуюць. У студзені, нагадаем, адмоўнае сальда замежнага гандлю па таварах склала 900 млн даляраў.

Падагравае сітуацыю насельніцтва. Як удалося высветліць інтэрнэт-газеце Naviny.by, у першай палове сакавіка насельніцтва было чыстым пакупніком замежнай валюты на ўнутраным рынку. Ажыятаж прывёў да таго, што чысты попыт насельніцтва на замежную валюту стаў у пачатку сакавіка ў разы большым, чым у канцы лютага.

Эксперты кажуць, што Беларусі час тэрмінова прымаць меры для нармалізацыі сітуацыі на ўнутраным рынку.

На думку аналітыка кампаніі «Рэнесанс Капітал» Анастасіі Галавач, Беларусі неабходна прыцягнуць новыя пазыкі для стабілізацыі сітуацыі на ўнутраным валютным рынку.

«Беларусі трэба тэрмінова прыцягваць валютныя рэсурсы, каб пазбегнуць некантраляванай панікі на валютным рынку, — кажа А. Галавач. — Па стане на 1 студзеня золатавалютных рэзерваў Беларусі хапала на аплату імпарту на 1,6 месяца. З улікам таго, што золатавалютныя рэзервы за студзень-люты знізіліся яшчэ на 20%, а адмоўнае сальда замежнага гандлю ў пачатку 2011-га захавалася, можна канстатаваць, што сітуацыя працягвае пагаршацца. Беларусі трэба ўжо ў самым пачатку красавіка прыцягваць замежныя пазыкі, каб супакоіць і ўнутраны рынак, і замежных інвестараў».

Каментуючы дзеянні цэнтральнага банка Беларусі, які прыцягваў валютныя пазыкі ў камерцыйных банкаў для стабілізацыі золатавалютных рэзерваў, эксперт адзначыла наступнае:

«У Беларусі валютнае крэдытаванне абмежаванае, банкам патрэбныя для актыўных аперацый рублі. Адпаведна, з аднаго боку, беларускія банкі зацікаўленыя ў своп з цэнтральным банкам, якія дазваляюць у абмен на замежную валюту атрымліваць рублі. Аднак з улікам таго факту, што валютныя патрабаванні камерцыйных банкаў да Нацбанка ўжо перавысілі памер золатавалютных рэзерваў, гэтая акалічнасць накладвае адчувальныя валютныя рызыкі на камерцыйныя банкі, якія ідуць на аперацыі з Нацбанкам».

Па словах эксперта, пагаршэнне сітуацыі на валютным рынку Беларусі прывяло ў сакавіку да падзення кошту беларускіх еўрабондаў.

«За другую дэкаду сакавіка кошт беларускіх еўрабондаў, тэрмін пагашэння якіх надыходзіць у 2018 годзе, сур’ёзна знізіўся. Па стане на 11 сакавіка беларускія еўрааблігацыі гандляваліся на ўзроўні 95,3% ад наміналу, цяпер — 85,6%. Найбольшае падзенне кошту беларускіх еўрабондаў адбылося за апошнія дні. Гэта кажа аб тым, што на фінансавым рынку сур `ёзна занепакоеныя той сітуацыяй, якая сёння склалася ў эканоміцы Беларусі», — адзначае Анастасія Галавач.

«Калі цана на еўрааблігацыі зніжаецца за два дні на 7 працэнтных пунктаў, гэта вельмі неспрыяльная сітуацыя», — падкрэсліла эксперт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?