З-за няпэўнасці на валютным рынку актыўнасць на другасным рынку нерухомасці за апошнія два тыдні знізілася больш як на 35%, паведаміў у інтэрв’ю БелаПАН дырэктар групы кампаній «Твая сталіца» Уладзімір Давідовіч.

Ён растлумачыў, што рынак другаснага жылля «традыцыйна прывязаны да долара, і большасць здзелак праводзяцца ў валюце». «Пакуль сітуацыя з курсам не стабілізуецца, пакупнікі і прадаўцы не зразумеюць, да чаго яго прывязваць, пакуль не з’явіцца свабодная канверсоўнасць, рынак другаснага жылля будзе фактычна стаяць», — зазначыў спецыяліст.

Знізілася колькасць здзелак і з прычыны згортвання крэдытавання. «Пакупнік вырашыў пачакаць», — мяркуе Давідовіч. На яго думку, свабодныя сродкі ў валюце, якія былі ў насельніцтва, на гэты момант у асноўным накіроўваюцца на куплю аўтамабіляў.

На пярвічным рынку, зазначыў эксперт, будаўніцтва кватэр працягваецца, а «з рэалізацыяй ёсць праблемы». «Нехта рэалізуе жыллё, а нехта прытрымлівае продаж», — паведаміў Давідовіч.

Паводле яго слоў, у першым квартале «цэны на другасным рынку крыху рухаліся ўверх», і паводле вынікаў сакавіка сярэдняя цана прапановы ў Мінску дасягнула 1.453 долараў за 1 кв. м, сярэдняя цана здзелкі — 1.315 долараў за 1 кв. м. Пры гэтым рынак прадэманстраваў актыўнасць: колькасць здзелак у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам павялічылася на 30–40%.

«У гэтай сітуацыі рабіць прагнозы на найбліжэйшы час нельга. Прагназаваць можна толькі, калі істотныя паказчыкі стабільныя», — зазначыў Давідовіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?