А таксама павялічыць тэрмін пражывання ў Мінску да 10 гадоў для пастаноўкі на чаргу.
Мінгарвыканкам прапануе знізіць у сталіцы крытэр патрэбы ў жыллі для пастаноўкі на чаргу з 15 да 10 кв.м на аднаго чалавека. Таксама прапануецца павялічыць тэрмін пражывання ў Мінску з 5 да 10 гадоў для атрымання права пастаноўкі на чаргу. Пра гэта паведаміў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька сёння падчас наўпростай лініі з насельніцтвам сталіцы.

Мэр сталіцы канстатаваў, што ў Мінску чарга тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў з’яўляецца самай вялікай у Беларусі — каля 280 тыс. чалавек. Таму ўзнікла неабходнасць прааналізаваць прычыну яе рэзкага росту.

За 10 гадоў у Мінск прыехала каля 180 тыс. чалавек, у тым ліку 160 тыс. чалавек з рэгіёнаў краіны і 20 тыс. іншаземцаў. «Натуральна, абсалютная большасць гэтых людзей стала на чаргу», — сказаў Мікалай Ладуцька.

Мінгарвыканкам прааналізаваў сітуацыю ў буйных гарадах краін СНД. «Мы выйшлі на рашэнне, што прынцыпова пазіцыі па крытэрах патрэбы з савецкіх часоў там не пераглядаліся», — адзначыў старшыня Мінгарвыканкама.

Паводле яго словаў, гарвыканкам унёс прапановы знізіць крытэр патрэбы і павялічыць тэрмін пражывання ў Мінску для пастаноўкі на чаргу. «Але канчатковае рашэнне яшчэ не прынятае», — заўважыў мэр Мінска.

Разам з тым, Мікалай Ладуцька падкрэсліў, што цяперашнюю чаргу ў сталіцы «ніхто касаваць не будзе».

Што да іншых механізмаў накіравання на будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай, то тут магчымыя варыянты, лічыць мэр сталіцы. Так, у ліку чаргавікоў 40 тыс. сем’яў пражываюць у інтэрнатах, а 20 тыс. сем’яў не маюць ва ўласнасці ніводнага квадратнага метра. «Акрамя гэтага, мы прапаноўвалі ўлічваць нерухомасць мінчукоў, якую яны маюць у Мінскім раёне. А сёння ў Мінскім раёне ва ўласнасці жыхароў сталіцы больш за 9 млн кв.м нерухомасці. Гэта не дачныя домікі, а дамы», — адзначыў старшыня Мінгарвыканкама.

«Таму пытанне знаходзіцца ў стадыі абмеркавання, каб прыняць аптымальнае рашэнне», — сказаў Мікалай Ладуцька. Ён таксама дадаў, што ў 2011 годзе ў Беларусі павінен запрацаваць закон аб іпатэцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?