Дамову аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта «Будаўніцтва жылога комплексу ў мікрараёне Лебядзіны Мінска» падпісалі 15 жніўня старшыня Мінскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька і дырэктар ЗТАА «Пекінска-Мінская кампанія па развіцці нерухомасці «БіЮСіСі» Ян Мін,
перадае БелаПАН са спасылкай на прэс-службу беларускага ўрада.

Як адзначыў на цырымоніі падпісання дакумента віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, гэта першы буйны інвестыцыйны праект з КНР, дзе будуць непасрэдныя замежныя інвестыцыі. «Мы пераходзім на новы ўзровень супрацоўніцтва з Кітаем, калі разам з крэдытнымі пойдуць і непасрэдныя інвестыцыі», — сказаў ён.

Інвестпраект будзе рэалізоўвацца да 2016 года. Яго арыентыраваны кошт — 200–250 мільёнаў даляраў. У мікрараёне будзе пабудавана 33 жылыя дамы агульнай плошчай больш за 180 тысяч кв. м. Гэта жыллё для амаль 20 тысяч чалавек. У далейшым кватэры плануецца прадаваць грамадзянам.

Жыллё прыкладна для 10 тысяч чалавек пабудуюць кітайскія будаўнікі па сваіх праектах, з элементамі кітайскай культуры. Сродкі для інвеставання будуць паступаць з кітайскіх банкаў.

Па словах Мікалая Ладуцька, бакі вельмі сур’ёзна рыхтаваліся, прайшлі некалькі этапаў, перш чым падпісаць гэтую дамову. «Па ўсіх пазіцыях знойдзеныя рашэнні, адпрацаваныя тэхнічныя, арганізацыйныя, эканамічныя і фінансавыя пытанні, — адзначыў ён. — Зроблены сур’ёзны крок у развіцці непасрэдных адносін паміж Беларуссю і КНР — бо гэта дамова не аб атрыманні таварнага крэдыту, а аб прыцягненні непасрэдных кітайскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі».

Забудоўшчыкамі мікрараёна выступаюць дзве кампаніі — УКБ Цэнтральнага раёна Мінска і кітайская карпарацыя «БіЮСіСі». Кітайская кампанія таксама з’яўляецца генпадрадчыкам і генпраектавальнікам. На аб’ект ужо прыбылі 50 кітайскіх спецыялістаў.

Паводле словаў Анатоля Тозіка,

будаўнікі з КНР будуць узводзіць у Беларусі дамы паводле кітайскіх нарматываў.
У цяперашні час рыхтуецца праект указа, у адпаведнасці з якім на будаўнічых аб’ектах, якія вядуць кітайскія спецыялісты, будзе дазволена выкарыстоўваць кітайскія нарматывы. Цяпер у будаўніцтве ўжываюцца нацыянальныя стандарты.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?