У Беларусі праходзіць самы буйны ў свеце конкурс кароткамtтражных фільмаў – Манхэтанскі фестываль. 14 гадоў таму першую праграму фестывалю паглядзела невялікая група кінааматараў на экране, нацягнутым наўпрост на кузаў грузавіка. Сёння работы фіналістаў фестывалю ўбачаць больш за 150 000 гледачоў у 48 краінах.

У Беларусь Манхэтанскі фестываль прывезла 3 гады таму дырэктарка кінатэатру «Аўтакіно» Ала Куркуль. Пра тое, як ёй прыйшла ў галаву гэтая ідэя і як праходзіла ўвасабленне ідэі ў жыццё, Ала распавяла Generation.by.

— Ала, распавядзіце, як пачалі працаваць у кінапракаце?

— Кіно з дзяцінства любіла. Мама ўсё жыццё працавала ў гэтай сферы, была намесніцай гендырэктара па рэпертуары кінатэатраў Мінскай вобласці. Вось і мы з сястрой пайшлі па яе шляху. Абедзве вучыліся ў Інстытуце культуры, па спецыяльнасці кіна- і відэабізнэс. Цяпер працуем разам у «Аўтакіно».

— А як сталі прадстаўніком Манхэтанскага фестывалю ў Беларусі?

— У 2008 годзе, якраз падчас правядзення фестывалю, я апынулася ў Піцеры. Сястра патэлефанавала мне тады і прапанавала схадзіць паглядзець. Праграма мне вельмі спадабаласяі я дамовілася з арганізатарамі на наступны год прывезці фестываль у Беларусь. Аднак

пазней, па нейкіх сваіх матывах, прэзідэнт кінафестывалю Нікалас Мэйсан не захацеў супрацоўнічаць з нашай краінай. Давялося чакаць рашэння цэлы год.
У выніку яны здаліся, аднак дазволілі паказаць фільмы толькі ў «Аўтакіно». Арганізатарам фэсту спадабалася і ў 2010 годзе нам перадалі права на правядзенне фэсту ў Беларусі.

— Чаму ж у наступным годзе паказ зноў прайшоў толькі ў адным кінатэатры?

— Асноўная прычына — коштавая палітыка Манхэтанскага фестывалю. Фэст — гэта прыватная ініцыятыва. Умова арганізатараў: цана квітка на кінапаказ павінна быць не ніжэй за 100 расійскіх рублёў. На сайце фэсту заяўлены кошт у 5 эўра. Але ніводзін кінатэатар у Мінску такі кошт на квіток усталяваць не мог і не можа. «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама да гэтага часу абапіраецца на састарэлыя нарматывы па паказу фільмаў з носьбіта DVD.

Самі кінатэатры не маюць права вырашаць ні што ім паказваць, ні якую цану квітка ўсталёўваць
. Увогуле ж, ужо існуе «Канцэпцыя развіцця кінематаграфіі Рэспублікі Беларусь на 2009--2014 г.». У ёй гаворыцца, што трэба даць кінапракату «больш правоў у самастойным фармаванні коштаў на квіткі». Але пакуль ніхто па гэтай канцэпцыі чамусьці не працуе. Таму прыйшлося зноў дамовіцца з ДК Чыгуначнікаў ў Мінску, дзе мы змаглі ўсталяваць кошт квітка ў 15 000 рублёў. Гэта аптымальная цана для нас і гледачоў.

— Хто дапамагае Вам арганізоўваць фэст?

— У асноўным

фестывалем займаемся мы з сястрой Элай ды мамай Галінай Пятроўнай.
Прыцягваем студэнтаў Універсітэта культуры. Для іх гэта вопыт і практыка, для нас — дапамога і дадатковыя працоўныя рукі. У мінулым годзе хлопцы і дзяўчаты выдатна мне дапамаглі з рэкламай, з правядзеннем паказу.

— А як рэкламуеце фэст?

— Рассылаю рэлізы абсалютна па ўсіх крыніцах рэклямы, але не ўсе ахвотна адгукаюцца. У сацыяльных сетках пакуль не вельмі добра атрымліваецца. Хоць на Фэйсбуку карыстальнікі адгукаюцца актыўна. У гэтым годзе мы праводзім фэст не толькі ў Мінску, але яшчэ ў Гродна і Віцебску ад 23 верасня да 2 кастрычніка. Таму рассылала інфармацыю па групах гэтых гарадоў. Дарэчы, там народ значна больш жыва адгукаецца. Яшчэ нядрэнна было б пакруціць рэкляму ў кінатэатрах, але ніводзін кінатэатар на гэта не пагодзіцца. Мы для іх маленькія, але канкурэнты.

— Як ацэньваеце конкурсную праграму Манхэтанскага фестывалю ў гэтым годзе?

— Мне гэтая праграма вельмі падабаецца. Усе фільмы розныя і моцныя. Але ўсё-ткі ёсьць у гэтым годзе два фільмы, якія, мне здаецца, галоўныя прэтэндэнты на перамогу. У адным — гумар, у іншым — палітыка ... Ня ведаю, што пераможа. Можа быць, штосьці трэцяе. Скажу толькі, што беларусы заўсёды галасуюць ня так, як еўрапейцы або расіяне. Усё-такі мы чымсьці адрозніваемся.

* * *

Праграма XIV Манхэтанскага фестывалю кароткаметражнага кіно

№1. Здарэньне перад банкам /

Incident By A Bank

Рубен Остланд / Швецыя / 9’30”

Залаты мядзведзь Берлінскага міжнароднага кінафэсту за найлепшы кароткаметражны фільм у 2010 годзе. Фільм зняты з дапамогай усяго адной камеры. Дзевяноста чалавек скрупулёзна аднаўляюць праваленае рабаванне банка, якое адбылося ў Стакгольме ў чэрвені 2006 года.

№2. Dik

Крыстафер Столеры / Аўстралія / 10’00”

Шасцігадовы хлопчык прыносіць дадому заданне са школы, якое прымушае бацькоў цікавіцца яго сэксуальнай арыентацыяй.

№3. Мак / Mak

Джэральдзін Зоса / Швейцарыя / 18’00”

Ільінка ўжо год жыве ў Швейцарыі са сваімі малдаўскімі маці і цёткай. Ёй усяго 14 гадоў і яна толькі што нарадзіла сына. Маці Ільінкі даведваецца пра месца, у якое можна аддаць нежаданае дзіця…

№4. Я кахаю Люсі / I Love Luci /

Колін Кенэдзі / Шатландыя / 11’00”

Камэдыя пра выпадаючыя зубы, непадзеленае каханьне і магчымасьці адной сабакі паўплываць на лёс пары, якой не наканавана быць разам.

№5. Легенда пра бабровую запруду /

The Legend of Beaver Dam

Джэром Сэйбл & Элі Батальён / Канада / 12’00”

Песня ля вогнішча будзіць страшэннага монстра...

№6. Сэксцінг / Sexting*

Ніл ЛаБут / США / 8’00”

Парваўшы стасункі з жанатым мужыком, маладая жанчына вырашае сустрэцца з ягонай жонкай за кубачкам кавы.

*Сэксцінг — перасылка асабістых здымкаў інтымнага зместу праз мабільны тэлефон.

№7. Лес / The Forest

Карпаці Дзёрдзь Мор / Вугоршчына / 12’00”

Удзельнік Берлінскага міжнароднага кінафэсту 2011 года.

У лесе адбылося забойства. Малады чалавек апынаецца ўцягнутым у шэраг дзіўных здарэнняў…

№8. Праца доктара / A Doctors Job

Хуліо Рамас / Пэру / 10’30”

Доктар Рамон Маран падпрацоўвае таксістам, каб утрымліваць сваю псіхічна нездаровую маці. Злачынства, у якое ён апынуўся ўцягнуты, стала выпрабаваньнем для яго гонару і маральных прынцыпаў.

№9. Давід і Галіяф / David and Goliath

Джордж Завердас / США / 12’00”

Праўдзівая гісторыя пра чалавека, сабаку і Халакост.

№10. Пятніца пакутнікаў / Martyr Friday

Абу Бакр Шокі / Эгіпэт / 10’00”

Погляд знутры на падзеі, што адбыліся ў Каіры ў 2011 годзе.

Працягласьць праграмы: 120 хвілін. Кошты: 15 000 у Палацы чыгуначнікаў, 25 000 -- у Аўтакіно з машыны, у Гродне і Віцебску — 10 000. Прадстаўнік MSFF у Беларусі: Ала Куркуль, [email protected].

Паказы ў Мінску пройдуць: у ДК Чыгуначнікаў: 27.09 і 30.09 – у 19.00, 1-2.10 – у 17.00. У Аўтакіно: 27-28.09 у 21.00.

У Гродне: к-р «Чырвоная зорка»: 30.09-2.10 – у 19.00.

У Віцебску: к-р «Мір»: -- да 2.10 – у 18.05.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?