У Віцебску 30 кастрычніка прайшлі здымкі фрагментаў васьмісерыйнага серыяла «Паляванне на гаўляйтара». У масавых сцэнах узялі ўдзел жыхары горада, якія прайшлі папярэдні кастынг.

У сумеснай стужцы расійскай кінакампаніі Star Media і «Беларусьфільма» расказваецца пра ліквідацыю групай савецкіх падпольшчыкаў Вільгельма Кубэ — кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі ў Беларусі. На экраны фільм павінен выйсці ў 2012 годзе. Нягледзячы на тое што дзеянне адбываецца ў Мінску ў 1943 годзе, здымачная група працавала не толькі ў беларускай сталіцы, але і ў іншых гарадах — Брэсце і Бабруйску. У Віцебску здымкі праходзілі ў гістарычнай частцы горада, каля будынкаў № 27 і № 29 па вуліцы Суворава. Гэта былыя даходныя дамы, яны адносяцца да помнікаў архітэктуры XIX стагоддзя.

У сюжэце ваеннай стужкі рэжысёра Алега Базілава перапляліся гістарычны раман, ваенна-псіхалагічная драма і любоўныя лініі на фоне барацьбы партызанскага падполля з фашысткай акупацыяй у Беларусі. Галоўную жаночую ролю — падпольшчыцы Галіны Мазанік — выконвае вядомая расійская актрыса Анастасія Заваратнюк. У стужцы таксама занятыя Марыя Машкова, Аляксандр Дзьячэнка, Ларыса Лужына, Аляксандр Кашпераў, Павел Трубінер і іншыя.

Як расказала кастынг-дырэктар акцёраў масавых сцэн «Беларусьфільма» Ларыса Сердзюкова, жыхароў Віцебску запрашалі для выканання роляў нямецкіх салдат і афіцэраў, а таксама мірных гараджан. Праца акцёраў-«масавікоў» ацэньваецца ў 50 тысяч беларускіх рублёў у дзень. На кастынг прыходзілі нават прафесійныя віцебскія акцёры — работнікі мясцовага драмтэатра. Аднаму з іх кастынг-дырэктар была вымушана адмовіць — тыпаж мужчыны быў занадта фактурным і яркім для масавай сцэны.

Паводле слоў Сердзюковай, дзяўчат для масоўкі ў ваенным фільме адбіралі толькі тых, у каго натуральны колер валасоў, прычоска без грыўкі, няма яркага макіяжу, накладных пазногцяў і г.д. Мужчын на ролю немцаў шукалі з арыйскім тыпам знешнасці — высокіх, са светлымі нядоўгімі валасамі.

У некалькіх сцэнах серыяла, знятых у Віцебску, узяла ўдзел Анастасія Заваратнюк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?