Пра гэта 26 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміла старшы навуковы супрацоўнік аддзела гігіены харчавання Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра гігіены Наталля Цамбарэвіч.

Паводле яе слоў, у арганізацыі харчавання беларускіх школьнікаў выяўлены шэраг негатыўных тэндэнцый. «Найперш гэта нізкае спажыванне садавіны, агародніны, рыбы і, як ні дзіўна, малочных прадуктаў, нягледзячы на іх шырокі асартымент і цэнавую даступнасць. Усё гэта адбываецца на фоне залішняга спажывання прадуктаў з павышаным утрыманнем солі, цукру, насычаных тлустых кіслот», — адзначыла Цамбарэвіч.

Гэта сітуацыя, сцвярджае яна, пагражае развіццём такіх захворванняў, як карыес, атлусценне, захворванні страўнікава-кішачнага тракту, астэапароз.
«У дашкольным і школьным узросце фарміруюцца асаблівасці харчовых паводзінаў чалавека, якія захоўваюцца на ўсё жыццё», — падкрэсліла спецыяліст.

У сваю чаргу в.а. начальніка аддзела арганізацыі грамадскага харчавання Міністэрства гандлю Валянціна Дземідзенка адзначыла, што любая арганізацыя, якая займаецца харчаваннем ва ўстановах адукацыі, працуе на прынцыпах самаакупнасці, што тлумачыць наяўнасць надбавак і нацэнак. «Пры арганізацыі школьнага харчавання дзяржава дае шэраг прэферэнцый — бясплатнае памяшканне і камунальныя паслугі, таму павышальны каэфіцыент для іх быў зніжаны са звычайнага 1,45 да 1,3», — сказала Дземідзенка.

Згодна з указам прэзідэнта № 72 «Аб некаторых пытаннях рэгулявання цэн (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь», грамадскае харчаванне атрымала права працаваць ва ўмовах свабоднага цэнаўтварэння. Аднак «адзінай сферай грамадскага харчавання, дзе засталося рэгуляванне цэн і нацэнак — гэта харчаванне ва ўстановах адукацыі. Мінскія гарвыканкам і аблвыканкам устанавілі межавы памер нацэнак — па школьніках гэта ад 35 да 40% у залежнасці ад рэгіёну», паведаміла Дземідзенка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?