У пачатку сакавіка віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік на калегіі Мінаховы здароўя прапанаваў увесці сімвалічную плату за наведванне паліклінікі. На яго думку, плата 5000 рублёў за прыём дапаможа скараціць чэргі. Чыноўнік падкрэсліў, што беларусы ўдвая часцей наведваюць паліклінікі, чым нашы суседзі. У нас сярэднестатыстычны грамадзянін ходзіць у паліклініку аж 13 разоў за год!

Ініцыятыва Тозіка выклікала неадназначную рэакцыю. Адны ідэю падтрымалі — маўляў, у чэргах насамрэч шмат выпадковых людзей. Іншыя нагадваюць, што Канстытуцыя гарантуе бясплатную медыцыну. «Паліклінікі існуюць на нашы падаткі, дык што, мы бу-дзем плаціць двойчы?» — абураюцца яны.

«Адпраўляць медыкаў за мяжу»

Розгалас ад прапановы пра платны прыём пакінуў у цяні іншыя важныя ініцыятывы, агучаныя на той калегіі. А між іншым віцэ-прэм’ер шмат казаў таксама пра неабходнасць ужывання перадавога досведу ў айчыннай медыцыне.

«Трэба максімум увагі ўдзяліць абмулаторна-паліклінічнаму звяну і ўчастковым дактарам: я маю на ўвазе і іх заробкі, і статус, і ўмовы працы, і працоўныя месцы. Давайце больш інтэнсіўна развіваць інстытут памочніка доктара. У Еўропе даволі актыўна выкарыстоўваецца кансультаванне пацыентаў па тэлефоне. Чаму б нам не запазычыць такую практыку? Тым больш што з гэтай задачай цалкам можа справіцца і сярэдні медыцынскі персанал. Трэба ўзнімаць статус і аўтарытэт сярэдняга медыцынскага персаналу», — цытуе віцэ-прэм’ера «Звязда».

«І не варта баяцца адпраўляць маладых людзей на стажыроўку ці працу за мяжу — у сур’ёзныя кампаніі, клінікі і ўніверсітэты. Мы павінны ўсё карыснае, што ёсць за мяжой, цягнуць у сваю краіну », — дадаў Анатоль Тозік.

«Медыкі — адны з самых багатых»

Хто можа стаць прыкладам? У ЗША сістэма медыцыны цалкам прыватная, нам гэта пераняць цяжка.

А вось у Канадзе ахова здароўя падобная да нашай, фінансуецца дзяржавай. Большасць медыцынскіх паслуг тут бясплатная для ўсіх жыхароў.
Заробак медыкі атрымліваюць з бюджэту, і пры гэтым прафесія лекара тут адна з самых высокааплатных.

Пра асаблівасці канадскай медыцыны карэспандэнту «НН» расказала былая супрацоўніца рэдакцыі Віялета Кавалёва, якая эмігравала ў Канаду ў пачатку 2000-х. Яна працуе сакратаром у грамадскім цэнтры здароўя, таму добра ведае асаблівасці сістэмы.

У кожнай канадскай сям’і, як правіла, ёсць свой доктар.

Тут добра развіты інстытут участковых тэрапеўтаў. Жыхары атрымліваюць адмысловую картку здароўя. Трапіць на лячэнне ў бальніцу тут немагчыма без накіравання, як і ў Беларусі. Але паліклінік тут амаль няма,
а накіраванне выпісвае ваш сямейны доктар. Для гэтага яму тэлефануеш і запісваешся на прыём. Раз на год уладальнікі карткі здароўя маюць права на комплексны, грунтоўны агляд у свайго доктара.

Як знайсці сабе сямейнага доктара? Працуе адмысловы сайт, дзе вы можаце выбраць сабе доктара, зыходзячы з самых розных крытэраў: ад адлегласці ягонага дома да вашага жытла, ад таго, ці размаўляе ён на зразумелых вам мовах і г.д.

Свае праблемы

У Канадзе дэфіцыт вузкіх спецыялістаў. І патрапіць да такіх дактароў можна, пачакаўшы не адзін тыдзень у чарзе. У Беларусі ў такім выпадку можна пайсці ў платны медцэнтр. У Канадзе ж такіх няма, таму тут час ад часу ўзнікаюць дыскусіі наконт неабходнасці стварэння платных цэнтраў. Праціўнікі такой ідэі кажуць, што гэта можа разбурыць прынцып роўнага доступу да медыцыны незалежна ад узроўню дабрабыту.

Што рабіць, калі ваш сямейны доктар заняты, а вам неабходны тэрміновы медагляд?

Вы можаце пайсці ў адмысловую клініку — walk-in clinic.
Тут не трэба папярэдняга запісу, вам давядзецца чакаць у агульнай чарзе, а абслугоўваць вас будзе дзяжурны доктар.

Упор на дыягностыку

У Канадзе надаецца малая ўвага фізіятэрапіі, але пры гэтым на высокім узроўні знаходзіцца дыягностыка. У гэтым мясцовым медыкам дапамагае сучаснае абсталяванне і добрая адукацыя. Прэстыж тутэйшых лекараў надзвычай высокі, як і іх заробак. І тут адсутнічае такая з’ява, як хабарніцтва ці абслугоўванне па знаёмстве.

Было б памылкай казаць, што медыцына ў Канадзе цалкам бясплатная.

Паслугі стаматолага тут платныя, як і акуліста па спаўненні пацыенту 18 гадоў.
Давядзецца плаціць і за масаж. Аднак і тут ёсць палёгкі: дзяржслужбоўцы і супрацоўнікі буйных карпарацый маюць так званыя бенефіты — зніжкі на платныя медыцынскія паслугі. Вось нядаўна муж Віялеты быў звольнены з буйнога завода і разам з працай страціў бенефіты.

Вялікі заробак для медыкаў — адзіны рэцэпт для павышэння якасці медыцыны і скарачэння чэргаў у паліклініках, перакананая канадская беларуска Віялета Кавалёва.

***

Плата за прыём доктара пярэчыць Канстытуцыі?

Канстытуцыя Беларусі гарантуе грамадзянам краіны права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных медустановах. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што выйсцем было б пашырэнне практыкі медыцынскага страхавання, але з захаваннем бясплатнага лекавання неабароненых катэгорый насельніцтва.

***

«Будучыня за страхавой медыцынай»

Землямер з Гродна Аляксандр Базар дзеліцца вопытам: супрацоўнікі іх прадпрыемства другі год лечацца за кошт страхоўкі.

Аляксандр Базар працуе ў бюджэтнай арганізацыі. Два гады таму іх калектыў заключыў дамову з «Белдзяржстрахам» наконт аказання медыцынскіх паслуг па страхоўцы. Згодна з дамовай, арганізацыя пералічвае страхавой кампаніі пэўную суму ў разліку на кожнага супрацоўніка арганізацыі.

Як гэта працуе? Вы захацелі абследавацца ці падлячыцца? Тэлефануеце агенту і называеце свой дыягназ. Праз некаторы час той паведамляе вам, што ў адной з бальніц горада ёсць вольнае месца і вам трэба ў вызначаны час быць там. І ніякіх чэргаў у паліклініках да тэрапеўта, ніякіх аналізаў і флюараграфіі. Больш за тое, пацыенты па страхоўцы абслугоўваюцца па-за чаргой і ў самой бальніцы.

Дактары найперш зацікаўленыя ў такіх пацыентах, бо ў бальніцу пералічваюць грошы за кожнага такога кліента.

На абследаванне ў бальніцы выдзяляецца пэўная сума. І калі вы яе за адзін візіт не вычарпалі, можаце разлічваць на дадатковае наведванне лякарні. За гэтыя грошы можна аплаціць больш камфортную палату з тэлевізарам і лядоўняй.

Акрамя таго, уладальнікі страхоўкі раз на год атрымліваюць грашовую кампенсацыю на лекі ці на лячэнне зубоў (па жаданні). Пры гэтым неабходна пераслаць у страхавую кампанію рэцэпт з пячаткай і чэк з аптэкі.

Калі сур’ёзных праблем са здароўем у вас няма, можна патраціць сваю страхоўку на масаж ды іншыя прафілактычныя працэдуры.

«У свой час страхавы агент пераканаў нас, што будучыня за страхавой медыцынай. І прапанаваў нам разам вучыцца жыць па-новаму». За два гады, адзначае наш чытач, якасць і асартымент паслуг істотна выраслі. Па словах гродзенскіх медыкаў, падобную практыку пачалі прымяняць многія іншыя бюджэтныя арганізацыі горада.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?